Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПІКЕТОЎЦЫ РАСЕЙСКАЙ АМБАСАДЫ ВЫЙШЛІ НА ВОЛЮ. НА АКРЭСЬЦІНА ЗАСТАЎСЯ ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ


Любоў Лунёва, Менск

А першай гадзіне дня расчынілася брама спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка і на волю выйшлі Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін.

Сябры моладзевага руху “Зубр” Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін адседзелі 10 сутак арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку. Суд пакараў іх за пікет ля Расейскай амбасады супраць анэксіі Беларусі. Усе 10 сутак яны трымалі галадоўку. Нягледзячы на тое, што сваякі Ігара Закрэўскага і Сяргея Пезкіна непакоіліся за іхнае здароўе, адміністрацыя спэцпрыёмніка адмовіла ім у спадканьні. Гаворыць Ігар Закрэўскі:

(Закрэўскі: ) “Тут умовы кепскія. Гэта ўсе ведаюць. Дагэтуль 10 сутак яшчэ нічога ня елі...”

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы сябе адчуваеце?”

(Закрэўскі: ) “Слабасьць. Калі рэзка ўстанеш, то ў вачах цёмна робіцца. Але лепш, чым мы думалі. Сядзелі разам у адной камэры з алькаголікамі, зэкамі... У чатырох чалавек здарыўся алькагольны псыхоз. Можна гэта лічыць катаваньнем. Яны ўсю ноч хадзілі па камэры. Хто прусакоў шукаў, хто павукоў... Крычалі: “Ратуйце!” Па два чалавекі спалі на падлозе. Там пацукі бегаюць. Мы чулі, як яны пішчалі”.

Сяргей Пезкін дадаў:

(Пезкін: ) “Цяжкавата было, але мы вытрымалі. Ночы бяссонныя, напэўна, і ад галадоўкі, і ад людзей, у якіх была “белая гарачка” — алькагольны сындром. Дзякуй Богу, вытрымалі. Вельмі прыемна, што нас тут сустрэлі столькі сяброў”.

(Карэспандэнтка: ) “Як да вас ставіліся ахоўнікі?”

(Пезкін: ) “Ніяк. Мы ня мелі зь імі ніякіх стасункаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці прыходзіў да вас лекар?”

(Пезкін: ) “Першыя два дні прыходзіў. Нас да яго выклікалі, а потым ніводнага разу. Ніхто не цікавіўся станам нашага здароўя. Апроч таго, там утрымліваюць людзей псыхічна неўраўнаважаных, алькаголікаў. Ды й дым слупом стаіць ад паліва... Цяжкавата. Ды й бяссоньніца. Мы ж і ня спалі 10 дзён”.

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку ўтрымліваецца Яўген Афнагель. Яго пакаралі арыштам на 10 сутак за пікет супраць палітыкі Расеі, скіраванай на зьнішчэньне сувэрэнітэту Беларусі. На знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку. Адміністрацыя спэцпрыёмніка дазволіла ягонай маці паразмаўляць зь ім:

(маці Яўгена: ) “Прасіла начальніка, каб далі ўбачыцца з сынам. Яго прывялі. Я кажу: “Кідай гэтую галадоўку. Ты хворы. Табе ня трэба галадаць”. А ён: “Калі ўжо зусім будзе дрэнна, то кіну, але пакуль я сябе нармальна адчуваю”. Так і не ўгаварыла. Начальнік яго таксама ўгаворваў. Казаў: “Ты тут нікому нічога не дакажаш гэтым. Гэта пустое. Толькі здароўе сапсуеш”. Але Яўген мае намер трымаць галадоўку. Ён спачатку быў у вялікай камэры, дзе шмат людзей, а цяпер — у меншай”.

Уначы сьцены сумнавядомай установы на вуліцы Акрэсьціна былі расьпісаныя лёзунгамі: “Свабоду палітвязьням!”, “Свабоду Афнагелю!” і “Барані Незалежнасьць!” З ранку й да абеду супрацоўнікі спэцпрыёмніка вымушаныя былі зафарбоўваць гэтыя надпісы. Яўген Афнагель – адзіны ўдзельнік пікету ля помніка Марату Казею, які трапіў за краты. Астатнія некалькі чалавек знаходзяцца ў вышуку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG