Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЕЗДКА НА САМІТ ЗЯМЛІ НЕ ЎВАХОДЗІЦЬ У ПРАЦОЎНЫ ГРАФІК АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Уладзімер Глод, Менск

Афіцыйная беларуская дэлегацыя адлятае ў Яганэсбург 1 верасьня. Узначальвае яе віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын. Між тым, яшчэ на пачатку году афіцыйна паведамлялася, што на Ўсясьветную канфэрэнцыю ААН у пытаньнях трывалкога разьвіцьця паедзе беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. З гэтай нагоды я і спытаў намесьніка міністра, чым выкліканая замена кіраўніка дэлегацыі? Адказ быў наступны...

(Сычоў: ) “Тое, што тычыцца ўзроўню дэлегацыі, дык адпаведна ёсьць рабочыя пляны прэзыдэнта. Адпаведна, ягоны ўдзел не прадугледжваўся, такая паездка ня ўпісваецца ў ягоны працоўны графік. Таму дадзена даручэньне ўзначаліць дэлегацыю віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Дражыну...”

Паводле словаў Аляксандра Сычова, які, дарэчы ўваходзіць у склад афіцыйнай дэлегацыі, Беларусь у Яганэсбургу будзе адстойваць дзьве галоўныя мэты. Сутнасьць першай у тым, каб дапамогу ад багатых дзяржаваў атрымлівалі ня толькі гэтак званыя “краіны разьвіцьця”, але й краіны зь пераходнай эканомікай, да якіх належыць і Беларусь. Другая прадугледжвае дамагацца дапамогі ўсясьветнай супольнасьці ў справе ліквідаваньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Адметна, што, паводле зьвестак ААН, Беларусь ёсьць краінаю з самым нізкім узроўнем нараджальнасьці ў сьвеце. Паводле афіцыйных зьвестак, падрыхтаваных экспэртамі ААН, у 2000 годзе (навейшых дадзеных пакуль няма) каэфіцыэнт нараджальнасьці склаў толькі 9,4% пры сярэднім паказьніку ў сьвеце 25%. У параўнаньні з многімі эўрапейскімі краінамі працягласьць жыцьця ў Беларусі меншая на 10 і больш год.
XS
SM
MD
LG