Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ПУЦІН ЗЬВЯРНУЎСЯ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ З ПРАПАНОВАЮ ЎВЕСЬЦІ БЯЗЬВІЗАВЫ РЭЖЫМ ПАМІЖ ЭЎРАЗЬВЯЗАМ І РАСЕЯЙ


Алесь Грыневіч, Менск

Дарэчы, сярод умоваў, якія Расеі давялося б выканаць для бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам, было б і ўзмацненьне кантролю за межамі з краінамі СНД, у тым ліку зь Беларусьсю.

Нягледзячы на тое, што дэкляруецца агульная замежная палітыка Беларусі і Расеі, папярэдніх кансультацыяў наконт ініцыятывы Пуціна міністэрствы замежных справаў дзьвюх краінаў не вялі.

Вось як ініцыятыву Пуціна ацэньваюць беларускія палітыкі і афіцыйныя асобы… Гаворыць прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) “На ўзроўні міністэрстваў замежных справаў дзьвюх краінаў гэтая ініцыятыва Расеі не абмяркоўвалася. Але ў выпадку яе рэалізацыі, ствараюцца рэальныя пэрспэктывы для іншых краінаў, у тым ліку і Беларусі”.

Старшыня камісіі па міжнародных справах гэтак званага “Савету рэспублікі” Мікалай Чаргінец кажа, што ініцыятыва прэзыдэнта Пуціна Беларусь не закране. На ягоную думку, Расея ў любым выпадку ня пойдзе на ўвядзеньне нейкага дадатковага кантролю на мяжы зь Беларусьсю. У той жа час спадар Чаргінец кажа, што з прыхільнасьцю паставіўся бы да ідэі двухбаковага пагадненьня паміж Эўразьвязам і Беларусьсю пра бязьвізавы рэжым...

(Чаргінец: ) “Асабіста я лічу, што гэта пайшло б на карысьць і Беларусі, і краінам, якія ўваходзяць у Эўразьвяз. Зьбліжэньне пазыцыяў, раскрыцьцё межаў заўжды адпавядала пажаданьням народаў. Тым больш, што, як бы ні казалі пра Беларусь, мы заўжды імкнуліся падкрэсьліць, што Беларусь – гэта эўрапейская краіна, што яна жадае жыць з усімі эўрапейскімі дзяржавамі ў самым шчыльным кантакце”.

Былы пасол Беларусі ў Латвіі, кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” Міхал Марыніч, кажа, што пры цяперашнім кіраўніцтве Беларусь ня мае шанцаў на бязьвізавы рэжым з краінамі Эўразьвязу:

(Марыніч: ) “Прэзыдэнт Лукашэнка самаізаляваў Беларусь. З намі не жадаюць працаваць краіны Эўразьвязу. Нашыя кіраўнікі ігнаруюць прапановы краінаў Захаду па дэмакратызацыі краіны, па прыняцьці дэмакратычнага выбарчага заканадаўства, па забесьпячэньні ўмоваў захаваньня правоў чалавека і гэтак далей”.

Расея ж, на думку спадара Марыніча, мае рэальныя шанцы атрымаць бязьвізавы рэжым з краінамі Эўразьвязу ўжо ў 2004 годзе. Былы пасол лічыць, што Эўразьвяз пойдзе насустрач Расеі, бо ў гэтым зацікаўленыя заходнія дзелавыя колы. Спадар Марыніч тлумачыць гэта намерам Расеі далучыцца ў наступным годзе да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

На думку старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, Расея ня мае шанцаў на бязьвізавы рэжым з Эўразьвязам нават у далёкай пэрспэктыве:

(Вячорка: ) “Гэта выключна спэкулятыўная ініцыятыва. Яна зьвязаная з Калінінградзкай праблемаю, у якую Расея ўвязалася калісьці, прырэзаўшы сабе гэты кавалак зямлі. Натуральна, Эўразьвяз не пагодзіцца на бязьвізавыя дачыненьні з краінаю, у якой ідуць ваенныя дзеяньні, існуюць нявырашаныя памежныя праблемы – з той жа самай Японіяй, існуюць вялізарныя практычна некантраляваныя межы – напрыклад, з Казахстанам. Таму гэта прапанова выключна для палітычных таргоў, якая ня будзе мець вынікаў ні цяпер, ні празь дзесяць, ні праз дваццаць гадоў, на маю думку. А што да Беларусі, то безумоўна, адразу пасьля ўзнаўленьня дэмакратыі, пры ўмове зьберажэньня незалежнасьці, мы ня проста ў бязьвізавыя стасункі павінныя ўвайсьці, а мы павінныя нармальна ўвайсьці ў Эўразьвяз. І ня разам з Расеяй, а значна раней за яе”.
XS
SM
MD
LG