Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМЕНЫ У ДЫПЛЯМАТЫЧНЫМ КОРПУСЕ БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі на маё пытаньне, чым выклікана адстаўка чатырох узгаданых амбасадараў, адказалі, што іх адклікалі ў зьвязку з ратацыяй кадраў. Аднак звычайны тэрмін працы беларускіх дыпляматаў на адным месцы – чатыры гады і нават больш. Прыкладаў таму мноства. Між тым, сп. Садоха працаваў у Вялікай Брытаніі менш за два гады, сп. Крэчка – у Польшчы – два з паловай.

Апошнім часам Лукашэнка шмат казаў, што эфэктыўнасьць працы беларускіх дыпляматаў будзе вызначацца перш-наперш пашырэньнем гандлёвага абароту Беларусі з замежнымі краінамі. Але й гэты крытэр не працуе. Вось яскравы прыклад, падмацаваны афіцыйнымі даведкамі... У 2000 годзе Беларусь у гандлі зь Вялікай Брытаніяй мела адмоўнае сальда памерам 10 мільёнаў 376 тысячаў даляраў. А на наступны год, пры спадару Садоху, сальда стала не толькі станоўчым, але й дасягнула больш як 161 мільёна даляраў. Між тым, у Лёндан ужо прызначаны новы амбасадар Аляксей Мазжухоў.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў гэтак тлумачыць гэтыя прызначэньні.

(Саньнікаў: ) “Зараз тыя крытэры, якія мусяць дзейнічаць пры выбары амбасадараў, ня дзейнічаюць. Я маю на ўвазе, перш за ўсё, прафэсійны падыход, прафэсійную падрыхтоўку. І таму дзейнічаюць іншыя мэханізмы, вядомыя нам з савецкага часу: інтрыгі, асабістыя просьбы ды іншыя”.

А што робяць цяпер былыя беларускія амбасадары? Валеры Цэпкала, які працаваў у Злучаных Штатах Амэрыкі, стаў памочнікам Лукашэнкі. Рыгор Кісель узначаліў “Агульнанацыянальную тэлевізію”, ягоны папярэднік у Бухарэсьце Анатоль Бутэвіч працуе дарадцам кіраўніка Міжнароднага банку рэканструкцыі і гандлю. Яўген Вайтовіч, які ў свой час быў амабасадарам у Літве, цяпер кіруе дыпляматычным прадстаўніцтвам у Краснадары. Вячаслаў Кузняцоў – першы беларускі амбасадар у Кітаі – цяпер ёсьць сталым пардстаўніком Беларусі ў ворганах СНД. Міхал Марыніч узначаліў грамадзкую арганізацыю “Дзелавая ініцыятыва”, Віктар Бурскі, які быў амабасадарам у Польшчы, працуе у камэрцыйных структурах. Асобна ў гэтым сьпісе – прозьвішчы двух беларускіх амбасадараў, якія засталіся жыць у тых краінах, дзе працавалі. Гэта Міхал Фарфель у Ізраілі і Віталь Курашык – ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG