Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ УСЁ МЕНШ З-ЗА НОВЫХ ПАБОРАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

На гэтым тыдні адразу на паўсотню чалавек скарацілася колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў Рэчыцы. Вось што паведаміў нашаму радыё лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Зураб Барбакадзэ:

(Барбакадзэ: ) “50 прадпрымальнікаў здалі свае пасьведчаньні толькі з прычыны новаўвядзеньня пра сацыяльнае страхаваньне. Яно нам вельмі незразумелае. Калі чалавек не працуе, калі ён у адпачынку або калі прадпрымальнік ёсьць пэнсіянэрам, то чаму ён мусіць плаціць унёскі? Чаму гэта не распаўсюджваецца на гэты сацстрах?”

Новая сыстэма сацыяльнага страхаваньня для індывідуальных прадпрымальнікаў пачала дзейнічаць у Беларусі зь 1 жніўня. Яна была ўведзена прэзыдэнцкім дэкрэтам, паводле якога прадпрымальнікі ў абавязковым парадку мусяць плаціць страхавыя ўнёскі ў памеры 36% ад велічыні бюджэту пражытковага мінімуму. Увядзеньне новай сыстэмы было выкліканае недахопам сродкаў у Фондзе сацыяльнага забесьпячэньня, зь якога робяцца пэнсійныя выплаты. Улады спадзяюцца, што прадпрымальніцкія ўнёскі штомесяц будуць папаўняць гэты Фонд чатырма мільярдамі рублёў.

Між тым, як зараз высьвятляецца, далёка ня ўсе здольныя рабіць штомесячныя адлічэньні такога памеру. У Рагачове, напрыклад, як паведаміў сёньня нашаму радыё лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Уладзімер Ціхінскі, новаўвядзеньне вырашана байкатаваць:

(Ціхінскі: ) “Усе катэгарычна супраць, бо ўсе на мяжы сваіх фінансавых магчымасьцяў. Нават невялічкая падатковая нагрузка вядзе да банкруцтва прадпрымальніка. У нас у Рагачове каля 700 прадпрымальнікаў. Зараз каля чвэрці зь іх гандлююць з адной палаткі, каб зьвесьці канцы з канцамі. Таму ўнёскі ў пэнсійны фонд яны ня вытрымаюць. У нас такая пазыцыя. Мы з Гомелем больш падтрымліваем сувязі, дык ёсьць дамоўленасьць наагул не плаціць гэты пэнсійны ўнёсак”.

Увядзеньне абавязковых страхавых унёскаў выклікала напружанасьць і ў асяродзьдзі сталічных прадпрымальнікаў. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў менскага кірмашу “Дынама”, сябар Беларускага страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Юрась Грыгор’еў:

(Грыгор’еў: ) “Каля 3-5% прадпрымальнікаў ужо гатовыя адмовіцца ад прадпрымальнцтва нават зараз. Па-першае, яны хацелі б нейкіх гарантыяў, што гэтыя грошы ня будуць выкарыстоўвацца на нейкія іншыя мэты і што гэтыя грошы будуць выплочвацца, калі да нас прыйдзе старасьць. Бо зараз толькі йдзе марнатраўства гэтых грошай”.

Ён нагадаў, што перагляд уведзенай сыстэмы сацыяльнага страхаваньня – адно з патрабаваньняў да ўладаў, якое было прынятае 26 жніўня ўдзельнікамі агульнанацыянальнага мітынгу. Удзельнікі акцыі пратэсту вынесьлі на разгляд уладаў тры варыянты гэтай сыстэмы. Адзін зь іх прадугледжвае скасаваньне новаўвядзеньня. Другі варыянт прапануе дзяржаве рабіць унёскі ў пэнсійны фонд з сумаў адзінага падатку, які выплочваюць прадпрымальнікі. Нарэшце, трэцяя прапанова – увядзеньне назапашвальнай сыстэмы ў цьвёрдай валюце – эўра. Пры такой сыстэме, як зазначыў Юрась Грыгор’еў, прадпрымальніцкія грошы назапашваюцца на адмысловых рахунках і будуць вернутыя прадпрымальнікам пры выхадзе на пэнсію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG