Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ЗЬЯВІЛАСЯ НОВАЯ НЕЗАЛЕЖНАЯ ГАЗЭТА


Галіна Абакунчык, Менск

Газэта “Новы час” – гэта 16-палосны тыднёвік, які будзе выходзіць на беларускай і польскай мовах. Першы нумар аддрукаваны накладам тысяча паасобнікаў і зьмяшчае матэрыялы па гісторыі й культуры, падборку навінаў.

Газэта скіраваная на шырокую чытацкую аўдыторыю, але перадусім на творчую інтэлегэнцыю. Гаворыць заснавальніца выданьня, старшыня гарадзкога аддзелу Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

(Анісім: ) “Газэта наша “Новы час" адрасавана перш за ўсё інтэлігэнцыі, нашаму настаўніцтву і ўвогуле кожнаму чалавеку, нераўнадушнаму да жыцьця і да сваёй краіны. Мы зарэгістраваліся зь дзьвюма мовамі: беларускай і польскай. Па-першае, шмат нашых грамадзянаў часта бывае ў Польшчы, таму гэта дапаможа адаптавацца. Па-другое, шмат нашай творчай спадчыны напісана па-польску, і гэта выдатная нагода пазнаёміцца з гэтай спадчынаю. Часткова мы будзем пераймаць нейкія традыцыі “Літаратуры і мастацтва”, а астатняе – гэта будзе “Новы час”.

Яшчэ адной мэтаю выданьня “Новага часу” ёсьць жаданьне кампэнсаваць недахоп свабоднага слова. У Беларусі апошнім часам ён усё больш адчувальны: закрытыя незалежныя газэты “Пагоня”, “Наша свабода”, на чарзе “Свободные новости”... Гаворыць Алена Анісім:

(Анісім: ) “Нас асабліва падштурхоўвае тое, што цяпер закрываюцца многія незалежныя беларускія выданьні. Мы не зьбіраемся нікому даваць ніякіх палітычных рэцэптаў, а хочам адлюстроўваць жыцьцё такое, якое яно ёсьць. Нашая задача – выйсьці на такі ўзровень, каб беларусы бачылі сябе ў сьвеце і ведалі, што пра іх думаюць у сьвеце”.

Новае незалежнае выданьне будзе выходзіць у чорна-белых колерах, але зь цягам часу выдаўцы намерваюцца зрабіць газэту шматколернай. Першы нумар “Новага часу” можна набыць у менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы. Плянуецца, што пазьней газэта будзе распаўсюджвацца праз шапікі Белсаюздруку і праз падпіску.
XS
SM
MD
LG