Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАДОЎКА ЗА БЕЛАРУСЬ


Любоў Лунёва, Менск

Яўген Афнагель абвінавачваўся ва ўдзеле ў несанкцыяваным уладамі пікеце 20 жніўня. Тады некалькі сяброў моладзевага руху “Зубр” сталі ланцугом перад помнікам Марату Казею. Яны трымалі ў руках партрэты расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, потым іх парвалі й кінулі на зямлю. У распаўсюджанай заяве сябры “Зубру” асудзілі палітыку Расеі, скіраваную на анэксію Беларусі, ды заклікалі грамадзкасьць бараніць незалежнасьць краіны.

Супрацоўнікаў міліцыі на акцыі не было. Пра пікет яны даведаліся з выпуска навінаў па тэлевізіі. Празь дзень ім загадалі затрымаць усіх пікетоўцаў. Першым стаў Яўген Афнагель, бо міліцыянты ведалі ягоную адрэсу з ранейшага затрыманьня. Астатнія ўдзельнікі пікету знаходзяцца ў вышуку.

Сёньня на паседжаньні Яўген Афнагель патлумачыў суду, што насамрэч удзелам у пікеце ён падтрымаў пазыцыю Лукашэнкі, які ў сваім выступе па тэлевізіі заявіў, што сувэрэнітэт Беларусі апынуўся пад пагрозаю. Яўген Афнагель хадайнічаў, каб апыталі міліцыянта, які складаў пратакол. Супрацоўнік міліцыі Генадзь Камера патлумачыў, што нічога ня ведае пра падзеі 20 жніўня, а пратакол напісаў таму, што так загадала кіраўніцтва. Замест апэратыўнай відэстужкі міліцыянты прывезьлі касэту з рэпартажам карэспандэнта НТВ Паўла Селіна.

Судзьдзя Тацяна Паўлючук палічыла гэтыя доказы дастатковымі ды вынесла прысуд – 10 сутак арышту. Яўген Афнагель у судовай залі заявіў Радыё Свабода:

(Афнагель: ) “Я лічу, што за акцыю, якая скіраваная на абарону сувэрэнітэта нашай краіны, незалежнасьці Беларусі, судзьдзя ня мела права выносіць такі прысуд. На мой погляд, абараняць незалежнасьць сваёй краіны – сьвяты абавязак кожнага грамадзяніна.

На жаль, у мяне застаеца толькі адзін варыянт выказаць свой пратэст – абвясьціць галадоўку. Таму я й абвяшчаю галадоўку на знак пратэсту супраць гэткага рашэньня суду – на ўвесь той час, што мяне будуць урымліваць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна”.

Сёньня ўвечары міліцыянты адвезьлі Яўгена Афнагеля ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік, што на вуліцы Акрэсьціна. Там утрымліваюць ягоных паплечнікаў Ігара Закрэўскага і Сяргея Пезкіна за аналягічны пікет ля расейскай амбасады. Яны адбываюць арышт па 10 сутак, восем зь іх яны галадаюць.
XS
SM
MD
LG