Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦЬ ЛІКВІДАЦЫІ КІРМАШУ “БАЙКАЛЬСКІ” ПРАТЭСТУЮЦЬ І ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ, І ЖЫХАРЫ НАВАКОЛЬНЫХ МІКРАРАЁНАЎ МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ўраніцу некалькі соцень гандляроў “Байкальскага” зьявіліся на кірмаш, але вырашылі не распачынаць працу. Яны абвясьцілі наведнікам, што страйкуюць з прычыны закрыцьця ўладамі кірмашу зь 1 кастрычніка. Вось што заявіла прадпрымальніца Тамара Чахоўская:

(Чахоўская: ) “Летась падымалася пытаньне пра закрыцьцё. Але мы адстаялі кірмаш, дзякуючы Саюзу прадпрымальнікаў. Гэты кірмаш трымаецца на нашых плячах – арэнда, падаткі. Мы ад іх ніколі не ўхіляліся. Але зараз на нас плююць – выкідаюць за парог, каб мы папоўнілі армію беспрацоўных. Ня так даўно пабудавалі кірмаш, а сёньня ён камусьці стаў непатрэбны, тут плянуюць бэнзакалёнку”.

Неўзабаве на тэрыторыі кірмашу сабраўся натоўп у тысячу чалавек, якія карыстаюцца паслугамі “Байкальскага”. Паведамленьне пра закрыцьцё выклікала ў іх абурэньне:

(Спадарыня: ) “Ніякіх зносаў! Мы тут нарадзіліся, мы тут і памрэм! Няма куды нам езьдзіць, няма куды хадзіць. Куды гэта варта! Нам па 80 гадоў, інвалідаў шмат. Нам пэнсію ўсяго па 70 тысячаў рублёў даюць!”

(Спадар: ) “Гэта – лукашэнкаўскае безабразіе!”

(Спадарыня: ) “Яны хлусяць, тут на гэтым месцы будзе пабудавана іншае прадпрыемства – аўтазапраўка”.

(Іншая спадарыня: ) “Кірмаш нам, пэнсіянэрам, вельмі патрэбны”.

(Лілія Міхайлаўна: ) “Мне 76 гадоў, карэнная мінчанка. Ці падумалі кіраўнікі выканкаму пра нас – старых. Куды нам, старым, соўгацца па тралейбусах або езьдзіць на тую ж Камароўку?!!”

(Іншы спадар: ) “Я – інвалід ІІ групы. Я прыходжу на гэты кірмаш купіць 100 грамаў кількі, малака, хлеба...”

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Прадстаўнікі тысячы сем’яў застануцца бяз працы! мы ня тое што існуем, мы жывем на гэтым кірмашы”.

(Бацянкова: ) “Я, як сталая пакупніца, хочу сказаць, што месцазнаходжаньне кірмашу вельмі зручнае. Побач – мэтро, прыпынкі грамадзкага транспарту. Улады хочуць пазбавіць нас магчымасьці купляць гародніну, садавіну побач з домам. Яны хочуць загнаць нас у крамы, дзе няма ніякага выбару і значна даражэй!”

Сход прадпрымальнікаў і жыхароў вырашыў выказаць сваё абурэньне ўладам. На перамовы са старшынём Заводзкага раённага выканкаму была накіраваная дэлегацыя. Аднак, як паведаміў затым прадпрымальнік Уладзімер Маркаў, улады не зьбіраюцца адступаць. Кіраўнік выканкаму Аляксандар Юхновіч, паводле словаў Маркава, заявіў сёньня, што рашэньне канчатковае – кірмаш 1 кастрычніка будзе зачынены.

Аднак жыхары Заводзкага раёну з гэтым не пагадзіліся:

(Спадарыня: ) “Мы перагародзім дарогу! Хай начальства тады робіць, што хоча”.

(Спадар: ) “Мы зьбярэм подпісы, што будзем затым мяняць мэра Паўлава. Гэта ад яго ўсё пайшло. Быў Ярмошын – працавіты чалавек, ды яго скінулі”.

(Іншая спадарыня: ) “Ён за народ быў!”

(Яшчэ адна спадарыня: ) “Што рабочым не даюць заробкаў, дык ніхто ня бачыць. Мы перагародзім дарогу – усе гэтыя людзі. На нас не паедуць!”

(Спадар: ) “Перагародзім дарогу – возьмем прыклад з “маскалёў”. Як яны там робяць, так і мы будзем”.

Паводле апошніх зьвестак, кіраўніцтва Заводзкага раённага выканкаму пагадзілася на сустрэчу з удзельнікамі акцыі пратэсту. Мяркуецца, што гэтая сустрэча адбудзецца 3 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG