Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ РАЗГАРЭЎСЯ СКАНДАЛ ПАМІЖ БТ І ОНТ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прэсавая служба Белтэлерадыёкампаніі распаўсюдзіла прэсавы рэліз, у якім абвінавачвае кіраўніцтва каналу ОНТ у парушэньні закону “Аб аўтарскіх і сумежных правах”. Гаворка йдзе пра трансьляцыю ў выпуску навінаў ОНТ 21 жніўня фрагмэнтаў матчу між нацыянальнымі футбольнымі зборнымі Беларусі й Латвіі.

Кіраўнцтва БТ угледзела ў гэтым эпізодзе парушэньне закону “Аб аўтарскім праве” (бо менавіта першы канал меў права трансьляцыі матчу) і накіравала шэфу ОНТ Рыгору Кісялю адпаведны ліст. Кіраўніцтва БТ сьцьвярджае, што ОНТ парушыла закон, і гаворыць пра магчымасьць судовага разьбіральніцтва.

Але, як высьветлілася, трансьляцыя ўрыўку футбольнага матчу каналам ОНТ ня ёсьць асноўнай падставаю для скандалу. Гаворыць намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі:

(Зімоўскі: ) “Паміж намі ёсьць пэўныя недарэчнасьці, напрыклад, у кадравай палітыцы. Ёсьць г.зв. джэнтэльмэнскія пагадненьні, што, напрыклад, мы і яны ня будзем перацягваць супрацоўнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “А гэта адбываецца?”

(Зімоўскі: ) “Часам бывае, так”.

Беларуская тэлевізія ня раз выкарыстоўвала тэлекарцінку іншых каналаў і выдавала яе за сваю (напрыклад, падчас паказу розных акцыяў апазыцыі). А нядаўна яна проста скрала з НТВ трансьляцыю першага матча фінала чэмпіяната сьвету па футболу паміж камандамі Сэнэгалу і Францыі.

На гэта Аляксандар Зімоўскі адказвае, што іншыя тэлеканалы ня маюць эксклюзіўнага права на зьнятыя ў Беларусі сюжэты, а трансьляцыя скрадзенага з НТВ футболу ёсьць асобнай справаю.

Шэф інфармацыйнага вяшчаньня ОНТ Юры Казіятка называе закіды БТ глупствам і лічыць, што такім чынам Белтэлерадыёкампанія хоча правесьці нейкую інфармацыйную акцыю, каб узьняць свой рэйтынг:

(Казіятка: ) “Думаю, няма нічога страшнага, калі ў навінах паказваюць уключаны тэлевізар, па якім трансьлюецца футбольны матч. Я лічу, што мы нічога не парушылі – лёгкадумнасьць нейкая з боку БТ. Калі будзе суд, я перакананы, што ён нічым ня скончыцца. PR-акцыя? Мы яе не плянавалі, а калі плянавала БТ, то дзякуй ім за гэта”.

На ягоную думку, ніякіх падставаў для канфлікту між БТ і ОНТ няма – другі канал не перацягвае да сябе журналістаў з БТ.

Незалежны тэлежурналіст, былы рэдактар студыі “Палітыка” на БТ Леанід Міндлін, аднак, лічыць, што прычына гэтага канфлікту – у пачатку канкурэнцыі ў беларускім тэлеэфіры:

(Міндлін: ) “Я не лічу, што гэта нейкі драматычны канфлікт. Так, зьявіўся другі канал, зьявілася пакуль мінімальная, але ўсё ж такі магчымасьць для творцаў, журналістаў... ну, а ў далейшым, магчыма, і для гледача. Я лічу, што Белтэлерадыёкампаніі час зразумець, што сёньня яна ўжо не адзіная ў нацыянальным эфіры. Таму ўсе гэтыя спробы зьвяртацца ў суд, шукаць нейкія “блыхі” ў ОНТ, ня больш чым пачатак канкурэнтнай барацьбы.

Няхай паваююць, магчыма, у гэтым выпадку БТ здолее палепшыць свой эфір. А наконт суду... Ніякі суд, на мой погляд, ня здолее вырашыць творчых і арганізацыйных праблемаў дзяржаўнай тэлевізіі”.

Аднак паляпшэньне якасьці беларускіх каналаў, на думку Леаніда Міндліна, стане магчымым толькі пасьля сапраўднай свабоды на тэлевізіі.
XS
SM
MD
LG