Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЦЬКАМ ПРАПАНУЮЦЬ САМАСТОЙНА ШУКАЦЬ ДЗЯЦЕЙ ДЛЯ АДКРЫЦЬЦЯ БЕЛАРУСКІХ КЛЯСАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Сын Кастуся Кашаля Аляксей сёлета пойдзе толькі ў падрыхтоўчую клясу школы №218, што ў сталічным мікрараёне Малінаўка, але за беларускую мову навучаньня бацька змагаецца ўжо два гады – ад таго часу, калі для малога не знайшлося беларускай групы ў садку. Ён абыйшоў не адзін чыноўніцкі кабінэт, але летась падрыхтоўчая кляса ў школе (якая адкрывалася як беларуская) так і не была створаная. Сёлета адміністрацыя была вымушаная адкрыць такую клясу, аднак спадар Кашэль ня ўпэўнены, што ў ёй будзе захаваная паўнацэнная беларускасьць:

(Кашэль: ) “У дачыненьні да маёй бацькаўшчыны поўная агрэсія – раённы аддзел адукацыі нібыта гарантуе, гарадзкі – афіцыйную адпіску дае: маўляў назьбірайце 22 чалавекі – бо ў нас вялікія цяжкасьці ў краіне – і плаціце гэтым выхавацелям, настаўнікам. Я сказаў, што я плаціць у Беларусі за беларускасьць ня буду, бо я падаткаплатнік. Я абыйшоў кватэры й сабраў 16 заяваў, але пасьля першага ж сходу 3 чалавекі адклікалі свае заявы, бо ідзе антыбеларускасьць.

Нават цяпер ужо й нібыта кляса адчыняецца, а аб’ява пра гэта напісаная па-расейску. І я ведаю, што змагацца за беларускі рэжым давядзецца й надалей”.

Перашкоды ў справе адкрыцьця беларускіх клясаў бацькі сустракаюць штогод – кажа старшыня Менскай арганізацыі таварыства беларускай мовы Алена Анісім. І гэта пры тым, што ў законе “Аб правах дзіцяці” гаворыцца, што “...кожнае дзіцё мае права на атрыманьне бясплатнай адукацыі, у тым ліку і на роднай мове”. Прычынаю парушэньняў ёсьць нежаданьне сыстэмы адукацыі працаваць у рэчышчы беларускай мовы навучаньня. Гаворыць Алена Анісім:

(Анісім: ) “Бацькі паведамлялі такія выпадкі, што аддзел адукацыі абвяшчае, што такія або такія школы прымаюць дзяцей у клясы зь беларускай моваю навучаньня. Калі яны прыходзілі да дырэктароў, тыя казалі, што, маўляў, мы можам прыняць вашую заяву, але ...вы разумееце, што іх – адна-дзьве, і клясу мы адкрываць ня будзем... Сутыкнуўшыся з тым, што на паперы адно, а на справе – зусім іншае, бацькі вымушаныя аддаваць дзіцё ў любую школу незалежна ад мовы навучаньня. Такія выпадкі паўтараюцца штогод, і бацькі стамляюцца змагацца за тое, што дэкляравана законам і Канстытуцыяй. Сыстэма адукацыі ў нас на беларускую мову навучаньня не працуе абсалютна”.

Тым часам згортваньне беларускасьці ў школах працягваецца. Так, за апошнія тры гады пераведзеныя на расейскую мову навучаньня 101 школа, сёлета скасаваныя яшчэ 100, а ў наступныя два гады таксама заплянавана закрыцьцё 153 беларускіх школаў.
XS
SM
MD
LG