Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ЛУКАШЭНКА ЗАЎСЁДЫ БЫЎ ДЫСПЭЧАРАМ. ПАСТРАЙКУЕ ГОЛАСНА, АЛЕ НЯДОЎГА”


Вольга Караткевіч, Прага

У Крамлі дзівяцца – чаго хоча Лукашэнка: Адзінай дзяржавы ці захаваньня дзьвюх дзяржаваў? – піша Вадзім Дубноў. Менску, як лічаць у Маскве, не пазьбегчы пэўнай страты сувэрэнітэту ў выпадку аб’яднаньня Расеі і Беларусі. На гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “Беларусь у склад Расеі ня ўвойдзе”.

Аляксандар Лукашэнка заўсёды быў дыспэчарам, ён па-майстэрску прыдумаў правілы гульні ў інтэграцыю і нават навязаў яе Крамлю, пасьля чаго меў падставы біць келіхі на яго старажытных прыступках.

Ствараецца ўражаньне, піша Дубноў, што Лукашэнка нібыта зьдзекваўся з махіны расейскай улады, якой заставалася ўсяго толькі назіраць, якія неверагодныя колы выпісвае Лукашэнка вакол так жаданага расейскага трона.

У 1998 годзе толькі адчайнымі стараньнямі крамлёўскіх лібэралаў у апошні момант было сарванае падпісаньне такога саюзу, які патыхаў ня так Масквой да Берасьця, як Менскам да Ўладзівастока.

Хто толькі не карыстаўся асаблівым брацкім статусам Беларусі – і нафтавікі, якія качалі праз тэрыторыю сувэрэннага сваяка нафты столькі, колькі хапала цыстэрнаў, і банкіры, што пракручвалі з Масквы празь Менск і назад вялізарныя крэдыты, і збраяры, што сумнеўныя ўгоды рабілі ад імя Менску, якому ўжо нічога не магло пашкодзіць.

Усё, што адбылося на мінулым тыдні ў Маскве, настолькі лягічна, што стане незразумелым, навошта была прэлюдыя ў чэрвені (маецца на ўвазе знакамітае выказваньне Ўладзімера Пуціна пра тое, што ў інтэграцыі трэба аддзяліць мухі ад катлетаў). Відаць, у Крамлі думалі, што бацька раззлуецца і адвернецца. Яго правакавалі на сварку грубасьцю, але той не паддаўся. Дакладней, пакрыўдаваў, але не сышоў. І калі Пуцін прапанаваў рэфэрэндум, нават самыя вялікія сябры Лукашэнкі ў Расеі ад яго адвярнуліся.

Лукашэнка пакрыўдзіўся і замахнуўся на сьвятое – ўзяў ды нібыта запрасіў Рымскага Папу да сябе ў Менск. Але калі нехта ў Маскве лічыць, што бацька пакрыўдзіўся назаўсёды, дык дарэмна. Як гавораць праграмісты, кожная апошняя памылка ў сапраўднасьці аказваецца перадапошняй, і мы – піша расейскі журналіст Дубноў, -- яшчэ ня раз будзем разьвітвацца з Аляксандрам Рыгоравічам.

Інтэграцыя працягваецца, нафта цячэ, Ірак бяз зброі не застанецца. Вось толькі з ілюзіямі Лукашэнкі завершана. Яшчэ пара тыдняў, можа, месяц, і ён з гэтым пагодзіцца. А пакуль – страйкуе. Гэта нярэдка бывае ў дыспэчараў. Голасна, але нядоўга.

Іншая расейская газэта “Комсомольская правда” піша – замест аб’яднаньня зь Беларусьсю, мы рызыкуем яе згубіць. Аўтар Яўгені Анісімаў аналізуе прапанову Ўладзімера Пуціна пра ўваход Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Пералічваючы факты непаразуменьняў у сфэры бізнэсу, эканомікі, Анісімаў задаецца пытаньнем – можа, Крэмль вырашыў абысьціся без Лукашэнкі і прапанаваць, так бы мовіць, народам вырашыць, як жыць далей. Праз галаву бацькі.

Аўтар спасылаецца на станоўчы адказ больш як 50% беларусаў падчас сацыялягічных апытаньняў адносна інтэграцыі з Расеяй, аднак ня піша, што больш як 50% звычайна ў апытаньнях выказваюцца якраз супраць аб’яднаньня з Расеяй. Анісімаў піша: думаць, што з насельніцтвам Беларусі можна абыходзіцца як з жыхарамі Смаленшчыны ці нават Якуціі –вялікая памылка, і спасылаецца на пабачанае ў Менску.

Анісімаў прагназуе, што Лукашэнка спыніць антызаходнюю рыторыку, паспрабуе наладзіць дачыненьні з Захадам, а Захад не спалохаецца рэпутацыі Лукашэнкі: заходнія палітыкі – прагматыкі, якія будуць мець дачыненьне хоць з д’яблам, калі ім гэта выгадна.

А далей расейскі журналіст гаворыць, што аб’ядноўвацца зь Беларусьсю трэба – незалежна ад настрояў цяперашніх лідэраў, – інакш хутка NATO апынецца пад Смаленскам. Анісімаў заклікае расейскі бок пайсьці на саступкі і выдзеліць дзясятак пастоў для ключавых палітыкаў і дзеячаў Беларусі.
XS
SM
MD
LG