Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЧЫНОЎНІКІ “ФУТБОЛЯЦЬ” ПІСЬМЕНЬНІКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Толькі праз 10 месяцаў пасьля сьмерці Максіма Лужаніна зь Міністэрства фінансаў у Саюз пісьменнікаў паступілі грошы, выдаткаваныя на пахаваньне вядомага беларускага паэта. Гэты факт сьведчыць пра ступень канфлікту паміж пісьменьніцкай арганізацыяй і ўладаю. Грашовая спрэчка паміж імі працягваецца, прычым цывілазаванага выйсьця з канфлікту, на жаль, ня бачна. Бо супярэчлівую пазыцыю занялі і судзьдзі, да якіх апэлюе пакрыўджаны бок.

Нагадаю, летась Мінфін у аднабаковым парадку прыпыніў фінансаваньне Саюзу пісьменьнікаў – тады яшчэ бюджэтнай арганізацыі. З гэтае прычыны Саюз пісьменьнікаў завінаваціўся сваім супрацоўнікам больш за 8 мільёнаў рублёў заработнай платы. Былая галоўная бугальтарка праз суд спагнала свой заробак з Саюзу, а вось калі Саюз паспрабаваў гэтак сама праз суд спагнаць грошы зь дзяржавы, то сутыкнуўся зь вялікімі цяжкасьцямі.

Маскоўскі раённы суд адмовіўся разглядаць пазоў да Мінфіну, заявіўшы, што гэта – гаспадарчая справа. Днямі Саюз пісьменьнікаў зьвярнуўся ў Вышэйшы гаспадарчы суд, але там запатрабавалі спачатку заплаціць 400 тысячаў рублёў пошліны, а потым і ўвогуле адмовіліся прымаць скаргу, зноў пераадрасаваўшы яе ў звычайны суд. Між тым, як заяўляюць адвакаты, паводле закону “Аб бюджэце” скаргі ў суд у пытаньнях заробку вызваляюцца ад пошлінаў і вырашаюцца менавіта гаспадарчымі судамі.

Сёньня старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава накіравала старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда чарговую скаргу са спасылкамі на закон “Аб бюджэце”. Яна ня верыць, што гаспадарчым судзьдзям не стае кампэтэнцыі, каб разабрацца ў канфлікце.

(Іпатава: ) “Маскоўскі суд накіраваў нас у вышэйшы гаспадарчы, а той – зноў адправіў у Маскоўскі. Гэта называецца “футболам”. А збольшага гэта вельмі цяжка. Глядзіце, чым нам даводзіцца займацца? Я, творчы чалавек, чым вымушаная займацца?! І пасьля гэтага яны кажуць пра клопат пра пісьменьнікаў... Мы ж не дамагаемся, каб нас надалей фінансавалі зь бюджэту, не, мы самі пражывем, але здыміце з нас гэтыя гіры, сплаціце даўгі”.

Саюз пісьменьнікаў Беларусі перажывае, бадай, самы цяжкі час за сваю амаль 70-гадовую гісторыю. Фармальна ён прызнаны незалежным ад дзяржавы, але пры гэтым у Саюзу адабралі ўсю маёмасьць, якая б дапамагала зарабляць грошы, ды яшчэ й “павесілі” на арганізацыю велізарныя даўгі.

Вольга Іпатава лічыць, што дзяржава не выплочвае гэтыя даўгі дзеля таго, каб зноў зрабіць пісьменьніцкую арганізацыю кішэннай. Паводле старшыні, чарговая спроба такога перавароту будзе зробленая ў верасьні на зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў. І ключавым можа стаць пытаньне, дзе пройдзе зьезд...

(Іпатава: ) “Рада будзе вырашаць, дзе. Нашае “ГКЧП” хоча правесьці зьезд у тэатры Янкі Купалы з запрашэньнем Лукашэнкі, а яшчэ раней мною і часткаю рады быў абвешчаны зьезд у Доме пісьменьнікаў. Ідзе раскол па палітычнай лініі... Або зноў шукаць гаспадара ва ўладзе, або – каб Саюз быў нарэшце свабодным”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG