Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУРНАЛІСТЫ ПАТРАБУЮЦЬ ТЭРМІНОВАЙ АДСТАЎКІ МІНІСТРА ІНФАРМАЦЫІ


Ігар Карней, Менск

У часе сёньняшняга паседжаньня сябры Рады БАЖ канстатавалі, што цягам апошняга году атакі на незалежную прэсу набылі мэтанакіраваны характар. Пасьля расправаў з гарадзенскай “Пагоняй”, менскімі газэтамі “Наша свабода”, “Рабочы”, “Беларускі час”, шэрагам рэгіянальных недзяржаўных выданьняў апошняй, так бы мовіць, кропляй, стала прыпыненьне выхаду штотыднёвіка “Свободные новости”.

БАЖ лічыць, што напярэдадні чарговых выбараў (гэтым разам – у мясцовыя Саветы) ўладныя структуры распачалі новы этап змаганьня зь незалежнымі выданьнямі, а карныя функцыі пры гэтым ўзяло на сябе міністэрства інфармацыі. Прынамсі, усе апошнія падзеі вакол мас-мэдыяў сьведчаць менавіта пра гэта. Таму ўжо сёньня галіновае міністэрства атрымае поўны пералік прэтэнзіяў з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Удакладняе юрыст цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Рада вырашыла зьвярнуцца да міністра з адкрытым лістом, у якім Міхалу Падгайнаму прапанавана сысьці ў адстаўку з нагоды ня толькі канфлікту вакол “Свободных новостей” (а падставаю тут — умяшаньне міністра ў прыватную справу на баку аднаго з заснавальнікаў газэты), але й іншых момантаў. Прыкладам, аб’яднаньне ў голдынг літаратурных выданьняў, шэраг якіх да міністэрства інфармацыі ня меў аніякіх дачыненьняў. Прыкладам, часопіс “Крыніца”. Летась першы намесьнік Падгайнага Глушакоў ажыцьцяўляў функцыі цэнзара ў прыватнай друкарні “Мэджык”, і гэта было зь ведама як мінімум міністра інфармацыі.

Усё гэта вымушае нас выказаць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца, ўвогуле і да міністра ў прыватнасьці, які і надалей, пэўна, хацеў бы застацца ў белай кашулі. Мы павінны ня толькі выказаць да яго сваё стаўленьне, але і пачуць, як ён на гэта адрэагуе”.

Паколькі стасункі зь незалежнымі выданьнямі спадар Падгайны прыпыніў разам са сваім загадам да кіраўніцтва Беларускага дому друку не друкаваць штотыднёвік “Свободные новости”, цалкам верагодна, што і адкрыты ліст БАЖ застанецца не прачытаным. Ці спадзяюцца падпісанты на нейкі эфэкт? Працягвае Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Магчыма, ён і праігнаруе наш ліст. Натуральна, мы ня думаем, што ён напіша ліст у адказ і адразу сыдзе ў адстаўку. Але гэты ліст павінен паставіць кропкі над “і”; пакажа – хто кім ёсьць. Прынамсі, ня вельмі прыемна будзе Міхалу Падгайнаму адчуць нашу рэакцыю. Рэакцыю вялікай колькасьці журналістаў”.

Спадар Бастунец удакладняе, што Рада БАЖ чакае адпаведнага адказу цягам найбліжэйшага тыдня. Калі гэтага ня здарыцца, датычнасьць міністэрства інфармацыі да гвалту над незалежнай прэсаю ня будзе выклікаць аніякага сумневу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG