Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПАГРАЖАЮЦЬ ЛІКВІДАВАЦЬ АГП


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня група экспэртаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі на чале з намесьнікам яе старшыні Сяргеем Альферам распачала працу супраць магчымага закрыцьця партыі.

У мінулую суботу Палітычная рада партыі прыняла адмысловую заяву, у якой дзеяньні ўладаў расцэньваюцца як сплянаваная кампанія, накіраваная супраць партыі і ейнага кіраўніцтва. Таксама даецца абгрунтаваньне такіх захадаў, як рэакцыя на дзейнасьць АГП у справе распаўсюджваньня інфармацыі пра ценявы бюджэт краіны і гучныя палітычныя справы.

Кіраўнік адмысловай групы экспэртаў Сяргей Альфер назваў даведку спадара Харытона не юрыдычным дакумантам, а своеасаблівым публіцыстычным артыкулам або эсэем:

(Альфер: ) “Вялікая частка прадстаўленых у гэтым эсэі зьвестак зьяўляецца ці недакладнымі, ці, мы лічым, абражальнымі. Напрыклад, пішацца: “Партыя і зараз працягвае дзеяньні, якія закранаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Я так думаю, што закранаюць яны ці не закранаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта – павінен вырашаць суд, а ня нейкі спадар Харытон, які гэта піша”.

Паводле словаў майго суразмоўцы, цяпер экспэрты вывучаюць усе хібы й недакладнасьці даведкі ды рыхтуюць свае заўвагі.

Між тым, сёньня кіраўнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Міхал Сухінін паведаміў журналістам, што “ў бліжэйшы час Міністэрства не зьбіраецца накіроўваць у суд дакумэнты на ліквідацыю Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, хаця ў Міністэства ёсьць усе падставы на тое, каб узьняць гэтае пытаньне”. Паводле словаў спадара Сухініна, АГП можа чакаць вынясеньне чарговага пісьмовага папярэджаньня.

Як яно можа паўплываць на лёс АГП? Вось як адказвае на гэтае пытаньне Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “У адпаведнасьці з законам, палітычную структуру можна ліквідаваць рашэньнем суда ў тым выпадку, калі яна на працягу аднаго году мае два аднолькавыя пісьмовыя папярэджаньні. На сёньняшні дзень у нас адно. Нам патрэбна даць другое, таксама за парушэньне годнасьці й гонару Лукашэнкі, а пасьля таго як Вярхоўны суд пацьвердзіць гэтае парушэньне, вось тады Аб’яднаную грамадзянскую партыю можна законна ліквідаваць”.

Дарэчы, пяць першых гадоў свайго існаваньня АГП увогуле ня мела папярэджаньняў. А вось пачынаючы з 13 кастрычніка 2000 году партыя атрымала іх ажно 9.
XS
SM
MD
LG