Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ МІТЫНГ У АБАРОНУ ПРАВОЎ ПРЫВАТНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Каля тысячы чалавек сабраліся сёньня ў менскім парку Дружбы народаў на мітынг у абарону правоў прыватных прадпрымальнікаў. У ім, апроч сталічных бізнэсоўцаў, узялі ўдзел прадстаўнікі Горадні, Гомелю, Оршы, Салігорску, Мазыра, Рэчыцы ды іншых гарадоў Беларусі. Яны трымалі ў руках плякаты з надпісамі: “Мы плацім падаткі не для таго, каб над намі зьдзекваліся”, “Хопіць вымагаць хабар за арэнду 1 квадратнага мэтру асфальту 25 даляраў!”, “Беларуская эканоміка – мадэль заняпалага саўгасу” і гэтак далей.

Мітынг распачаў старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі, які паведаміў, што перамовы з уладамі зайшлі ў тупік:

(Леванеўскі: ) “Яны далёкія ад нашых праблемаў наагул. Вось гэтыя плякаты, што вы зараз бачыце, магчыма, засьведчаць ім стан, у якім мы апынуліся. Тры гады мы змагаліся за адзіны падатак. Але зараз на нас пасыпаліся ўказы, дэкрэты, пастановы, каб абадраць нас як ліпку дадатковымі паборамі.

Прычына ў тым, што ў краіне так пагаспадарылі, што прадпрыемствы нічога ня плацяць. Шмат беспрацоўных, а каго як ня нас душыць, бо ў нас яшчэ хоць нейкія грошы засталіся”.

Паводле выступоўцаў, асабліва цяжкія ўмовы для прадпрымальніцкай дзейнасьці склаліся зараз у рэгіёнах. Вось што паведаміла нашаму радыё лідэрка слуцкіх прадпрымальнікаў Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Людзі, якія нікім і нічым не падтрыманыя, мусяць выжываць. На горад Слуцак распаўсюджваюцца такія ж самыя падаткі, як і для гораду Менску. Мы ж спадзяваліся, што для нас стаўкі будуць зьніжаныя. Але з-за таго, што Слуцак знаходзіцца ў абласным падпарадкаваньні, атрымалася, што падаткі для яго, як і для Менску. Як жа так, калі сярэдні заробак случчака – 90 тысячаў рублёў?"

Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў зьвярнуўся з інцыятываю прыняць актыўны ўдзел у маючых адбыцца ўвесну 2003 году выбарах у мясцовыя органы ўлады. Паводле ягоных словаў, ад цяперашніх “вэртыкальнікаў”, найперш з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, чакаць палёгкі айчыннаму дробнаму бізнэсу не выпадае.

На прапанову старшыні страйкаму Валеры Леванеўскага ўдзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой запатрабавалі ад уладаў спыненьня дзеяньняў, якія пагаршаюць становішча дробнага бізнэсу. У выпадку ігнараваньня рэзалюцыі страйкавы камітэт паабяцаў правесьці 11 верасьня яшчэ адзін аднадзённы агульнанацыянальны страйк, а з 1 кастрычніка – страйк бестэрміновы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG