Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШУЮ ПАЛОВУ РЭЙСАВЫХ АЎТОБУСАЎ ВЫПУСКАЦЬ НА МАРШРУТ НЕБЯСЬПЕЧНА


Ігар Карней, Менск

Колькасьць аўтобусаў на балянсе дзяржаўных аўтапрадпрыемстваў перавышае 12 тысячаў адзінак. Бальшыня — гэта вядомыя амаль кожнаму старыя львоўскія ЛАЗы, гарадзкія і міжгароднія “Ікарусы”, адносна новыя менскія МАЗы і прадукцыя “Лідсяльмашу”, і, нарэшце, зусім старыя ПАЗы.

Паводле адмыслоўцаў, толькі аўтобусы Менскага аўтазаводу яшчэ могуць колькі гадоў працаваць без асаблівых засьцярогаў за іхны тэхнічны стан. Усе астатнія павінны былі сьпісаць яшчэ 5-6 год таму. Спідомэтры практычна ўсіх аўтобусаў некалькі разоў пераадолелі максімальна азначаны вытворцамі прабег у 500 тысячаў кілямэтраў. Таму пытаньне далейшай пэрспэктывы аўтобусных перавозак ставіць у тупік нават адказных за гэты кірунак чыноўнікаў.

Начальнік аддзелу эксплюатацыі прадпрыемства “Мінскпасажыраўтатранс” Аляксандар Пакос распачынае з парады.

(Пакос: ) “Мяркую, на гэтае пытаньне вы можаце самі адказаць, выйшаўшы на вакзал і пабачыўшы ўсё на свае вочы. Да таго ж, аналізаваць сытуацыю трэба ня толькі з улікам гарадзкіх аўтобусаў, але й прыгарадных, міжгародных. Прыкладам, ЛАЗ даволі надзейны, але ніякая тэхніка ня можа служыць вечна. “Ікарус” не вытрымвае канкурэнцыі з прыбалтыйскімі, расейскімі перавозчыкамі. Там гаспадар купляе 10-20 машынаў, мільён даляраў інвэстуе і працуе. У нас ніхто не выказвае жаданьня падобным займацца. Перавозкі ў нашых умовах нерэнтабэльныя. Таму парк не аднаўляецца, машыны “валяцца”, кузавы не вытрымліваюць, а мяняць няма чым. Хто як можа, так і выкручваецца. Няма грошай, няма! Даўгі вялізныя, на адным паліве можна збанкрутаваць”.

Я скарыстаў параду спадара Пакоса наконт аўтавакзалу. Відовішча Цэнтральнага менскага вакзалу вельмі далёкае ад эўрапейскіх аналягаў. Дзясятак абшарпаных “Ікарусаў”, столькі ж старэнькіх ЛАЗаў. Толькі адзін, але, як мінімум, дзесяцігадовы нямецкі MAN, які няспынна курсуе да Прагі і назад.

Але нават на гэтым тле выбіваецца з агульнага малюнку амаль развалены ЛіАЗ. Спадар Сяргей за рулём машыны больш за 20 год. Запытваю, ці спадзяецца ён, што пры ягоным жыцьці аўтавакзал разжывецца сучаснай тэхнікаю?..

(Спадар Сяргей: ) “Пры маім жыцьці?.. — Ня ўпэўнены, бо я ўжо амаль пэнсіянэр. Мяне пакуль непакоіць, каб наагул выйсьці на лінію. Аўтобус пакуль цягае. Іншая справа, што бэнзыны “есьць” 53 літры на 100 км. Эканамічна ніяк ён не выгодны. Напярэдадні рэйсу мэханік практычна не вылазіць зь ямы: глядзіць, абстуквае, каб у дарозе што-небудзь не адвалілася. Каб газы пры ўключаным рухавіку ў салон ня йшлі”.

Спадар Сяргей на разьвітаньне кажа, што шанцаў на аднаўленьне аўтобуснага парку амаль ніякіх: на гэты год Менск атрымае толькі 8 мазаўскіх аўтобусаў. Таму нават сьпісаныя ЛіАЗы нікуды не падзеліся, а па-ранейшаму выходзяць на лініі. Калі ўзьнікаюць праблемы з запчасткамі, адзін разьбіраюць і рамантуюць “напаўжывыя” астатнія.

А вось яшчэ больш старыя і фактычна безнадзейныя аўтобусы ПАЗ аддадзеныя камбінату камунальна-бытавога абслугоўваньня: усе яны пераабсталяваныя ў катафалкі. З кожным годам усё больш выпадкаў, калі пахавальная працэсія мусіць на гадзіну, а то й болей, спыняцца дзесьці пасярод дарогі на могілкі, бо ў аўтобуса штосьці адвалілася.

У шэрагу гарадоў альтэрнатываю аўтобусам спрабуюць зрабіцца прыватныя маршрутныя таксоўкі. Але калі ў дзяржаўных аўтапарках існуе абавязковы тэхнічны агляд тэхнікі напярэдадні выезду з гаражу, то маршруткі арыентаваныя найперш на колькасьць рэйсаў. А таму і ў гэтым выпадку бясьпека пасажыраў не гарантуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG