Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДКРЫЎСЯ ПЕРШЫ ПРЫВАТНЫ БЕЛАРУСКІ ЛЕТНІК ДЛЯ ДЗЯЎЧЫНАК


Севярын Квяткоўскі, Браславы—Менск

Стваральнік летніку на Браславах – заслаўскі прадпрымальнік і дудар Васіль Грынь. Менавіта ён знаёміць дзяўчынак са старадаўняй беларускай музыкай. Васіль верыць у посьпех сваёй справы:

(Грынь: ) “Знакава тое, што беларуская буржуазія зьвяртае ўвагу на такія рэчы. Гэта падабаецца, а калі падабаецца, гэта шануецца. Гэтае вышываньне, гэтыя хустачкі будуць дома ў дзяўчат ляжаць. Яны каровак будуць даіць, кераміку рабіць, гэта ўсё беларускае, гэта ўсё сваё”.

Ад першых хвілінаў у летніку дзяўчынак атачае беларуская мова.

Выхавацелькі спадарыні Натальля і Аўгіньня напачатку сьвядома практыкуюць дзьвюхмоўе: свайго кшталту адаптацыйны пэрыяд. Але людзі, якія навучаюць дзяўчынак беларускім традыцыям, гавораць толькі па-беларуску. Васіль Грынь наўмысна не акцэнтуе ўвагу на мове, ён перакананы, што беларускасьць навакольля мусіць быць натуральнай:

(Грынь: ) “Яны фактычна да Беларусі дакранаюцца, якой у Менску няма. 10-11 гадоў, дзяўчынкі для сябе высновы зробяць. Ва ўсялякім разе, яны ня будуць камплексаваць размаўляць па-беларуску”.

Прагнозы Васіля спраўджаюцца амаль адразу. Седзячы ў паляўнічым дамку, дзе жывуць дзяўчынкі, гутару з Насьцяй:

(Карэспандэнт: ) “Ты была калі-небудзь у такіх паляўнічых дамках?”

(Насьця: ) “У паляўнічых шчэ не – цікава вельмі”.

Праграма першага дня ўключае вывучэньне ганчарнага рамяства й саломапляценьня. Сакрэты керамікі раскрывае вядомы ў Беларусі ганчар Валеры Зянкевіч:

(Зянкевіч: ) “Такая форма называецца “гляк”, вельмі папулярная калісьці ў ХVI стагодзьдзі”.

Я разам зь дзеткамі паспрабаваў зрабіць свой першы керамічны выраб. Мая суседка Крысьціна ўжо праз паўгадзіны пачала ўжываць беларускія словы, а напрыканцы нават фразы:

(Крысьціна: ) “Вой, я тры ўжо фігуркі зрабіла!”

А побач спадарыня Эла вучыла дзяўчынак плесьці з саломкі:

(Эла: ) “Зараз будзем рабіць з саломкі пярсьцёнкі”.

Сваімі посьпехамі дзеліцца Насьця:

(Насьця: ) “Я зрабіла Духу Хлеба й некалькі пацерачак саламяных. Мне вельмі цікава!”

А ва ўсім астатнім летнік для дзяўчынак на Браславах такі ж, як любы дзіцячы летнік па ўсім сьвеце – з гульнямі й сьмехам.
XS
SM
MD
LG