Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗНОЎ ЗАЙМАЕЦЦА ПЕРАДЗЕЛАМ ТЭЛЕВІЗІЙНАГА РЫНКУ


Юры Сьвірко, Менск

У паведамленьні Лукашэнкавай прэсавай службы не ўдакладняецца, на якім менавіта тэлеканале мажлівае зьяўленьне праграмаў тэлерадыёкампаніі “Мір”. А ці засталіся ўвогуле ў Беларусі вольныя радыёчастоты? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да былога кіраўніка прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі “Мір” у Беларусі Івана Пашкевіча:

(Пашкевіч: ) “Сёньня частотны рэсурс нашае дзяржавы вельмі вялікі, і гэты частотны рэсурс нацыянальнымі тэлерадыёкампаніямі зусім не распрацаваны. Пра гэта сьведчыць тое, што ў нас толькі адзін нацыянальны тэлеканал і Беларусь даўно жыве ў інфармацыйным полі іншае дзяржавы.

Я пра гэта казаў, і мае прапановы, калі я быў дырэктарам прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі “Мір”, калі я вывучыў усё становішча з частотным тэлерадыёрэсурсам – распаўсюджваць перадачы міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір”. Мне ўдалося атрымаць толькі радыёчастоты і стварыць радыёстанцыю “Мір”, якая працуе і сёньня – я лічу – вельмі добра”.

А Лукашэнкава прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч на маё пытаньне, які ж тэлеканал можа падзяліцца сваім эфірам зь “Мірам” пасьля сёньняшняй сустрэчы кіраўніка гэтай кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам, адказала гэтак:

(Пяткевіч: ) “Усялякі. Гэтае пытаньне нявырашанае – яны проста абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Старшыня Міждзяржаўнае тэлерадыёкампаніі “Мір” папрасіў выдзяліць эфірны час на адным з нацыянальных каналаў”.

Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі на маю просьбу ўдакладніла, што размова йдзе толькі пра беларускія тэлеканалы, а не пра РТР ці НТВ.

Апрача міждзяржаўнае тэлерадыёкампаніі “Мір”, якую штогод фінансуе беларускі дзяржаўны бюджэт, афіцыйны Менск бярэ ўдзел у гэтак званай саюзнай тэлерадыёкампаніі “Саюз”, якая ўвогуле ніколі ня мела тэлеэфіру. Я спытаўся ў спадара Пашкевіча, ці ведае ён што-небудзь пра лёс гэтай кампаніі...

(Пашкевіч: ) “Лёс вельмі цікавы, таму што на сёньняшні момант – гэта самае цікавае – я зьяўляюся першым намесьнікам старшыні гэтае тэлерадыёкампаніі. Я прызначаны супольным паседжаньнем ураду Беларусі й Расеі ў Маскве – паседжаньне гэтае вёў былы старшыня ўраду Расеі Прымакоў. Я лічуся на паперы першым намесьнікам, хаця я гэтай праблемаю ўвогуле не цікаўлюся”, – зазначыў Іван Пашкевіч, першы намесьнік старшыні беларуска-расейскае тэлерадыёкампаніі “Саюз”, якая зь ініцыятывы ўраду Расеі ўжо фактычна спыніла існаваньне.
XS
SM
MD
LG