Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ ПРАВІЛЫ ЎВОЗУ ТАВАРАЎ З-ЗА МЯЖЫ ПАДВЫСЯЦЬ КОШТЫ І АБМЯЖУЮЦЬ РЫНАК НЕДАРАГОЙ ПРАДУКЦЫІ


Галіна Абакунчык, Менск

Новыя правілы ўвозу тавараў з-за межаў краіны – гэта 100% абкладаньне мытаю ўсіх відаў тавараў за выняткам партыяў вагою да 50 кіляграмаў і таньнейшых за тысячу даляраў. Дагэтуль мытныя зборы распаўсюджваліся толькі на звышпрыбытковую прадукцыю: каштоўныя мэталы, скуру, футра, відэатэхніку, сьпіртовыя напоі і тытунь. Цяпер мытай абкладзеныя тавары паўсядзённага попыту, прадукты харчаваньня, адзеньне, тэхніка і будаўнічыя матэрыялы. Плацяжы будуць складаць у сярэднім 40% ад кошту тавараў.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, мэтаю гэтых новаўводзінаў ёсьць абарона айчынных таваравытворцаў, аднак адмыслоўцы заяўляюць, што гэта фактычна ёсьць спробай ўладаў папоўніць дзяржбюджэт за кошт дробных гандляроў.

Гаворыць намесьнік старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі Аляксандар Васільеў:

(Васільеў: ) “Грошай у бюджэце няма, і яны цяпер шукаюць, каго бы яшчэ абабраць. Замест таго, каб ствараць умовы і даць магчымасьць людзям зарабляць, яны становяцца на шлях элемэнтарнага разбою: там схапілі, там... і ў выніку – нешта нашкрэблі, а пра заўтра яны ня думаюць”.

Мыты на ўвесь асартымэнт дробных і танных замежных тавараў прымусяць гандляроў падвысіць кошты, і ў выніку пацерпіць шэраговы спажывец – сьцьвярджае старшыня страйкаму прадпрымальнікаў Менску Леанід Каліценя. А зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці ў сваю чаргу пацягне за сабою галечу менавіта дробных бізнэсоўцаў і рост беспрацоўя ў іхным асяродку. Гаворыць Леанід Каліценя:

(Каліценя: ) “Пастанова зьменшыць паток недарагіх тавараў. Лішнія праблемы на мяжы створаць штучны дэфіцыт на некаторыя віды і больш павольнае напаўненьне рынку. У выніку толькі падвысяцца кошты, і ў асноўным пацерпяць спажыўцы. Больш дробныя гандляры зьбяднеюць, сярэднія і буйныя, думаю, вытрываюць”.

Акрамя таго, цяпер прадпрымальнікі пратэстуюць яшчэ й супраць высокай платы за арэнду і павелічэньня падаткаў. Бо вырашэньне праблемы папаўненьня дзяржаўнага бюджэту за кошт гэтай катэгорыі грамадзянаў ня можа быць бясконцым – заяўляе намесьнік старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў.

(Васільеў: ) “Калі людзей давесьці да краю, калі людзей пакінуць без капейкі, і ня будзе чаго есьці – іх нішто ня спыніць. Ні АМАП, нішто ня спыніць”.
XS
SM
MD
LG