Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСТАЛЯВАНЬНЕ ПОМНІКА ЯНКУ КУПАЛУ Ў МАСКВЕ ЗАТРЫМЛІВАЕЦЦА НА НЯВЫЗНАЧАНЫ ТЭРМІН


Галіна Абакунчык, Менск

І расейскія, і беларускія чыноўнікі стараюцца пазьбягаць размоваў пра абставіны ўсталяваньня помніка паэту. Так, першы намесьнік галоўнага архітэктара Масквы Юры Грыгор’еў, які непасрэдна займаецца гэтым пытаньнем, спаслаўся на занятасьць, а дарадчык амбасадара Беларусі ў расейскай сталіцы Ўладзімер Голад заявіў, што праблемаў тут не існуе, ды параіў увогуле гэтую тэму не кранаць:

(Голад: ) “Не кранайце вы гэную тэму, бо гэткія ўсялякія выступленьні толькі перашкаджаюць справе. Што гэта дасьць?”

Чыноўнік гэтак і не паведаміў, якое месца для помніка прапанавана для зацьвярджэньня маскоўскай мэрыі, але яго назваў міністар культуры Беларусі Ўладзімер Рылатка:

(Рылатка: ) “На сёньняшні дзень ёсьць станоўчае рашэньне архітэктурнай службы Масквы на ўсталяваньне помніка на Міюскай плошчы. Цяпер мусіць зьявіцца рашэньне ўраду Масквы”.

Такім чынам, месца для ўсталяваньня помніка Янку Купалу ў Маскве сталася найвастрэйшай праблемаю, бо Міюскі пляц, які ўзгадаў менскі чыноўнік – чацьверты з прапанаваных варыянтаў. Нагадаю, што суполка беларусаў Расеі, якая стала ініцыятарам ідэі, бачыла найбольш прыдатным месца побач з гатэлем “Масква”, дзе загінуў паэт, але маскоўскія ўлады прапанову нават не разглядалі – кажа намесьнік прэзыдэнта культурнай аўтаноміі беларусаў Расеі Юры Ваўчок:

(Ваўчок: ) “Гэта ж у 150 мэтрах ад Крамля. Чаму ўлады ня могуць пайсьці насустрач? У Расеі закон “Аб нацыянальных мяншынях”... і як толькі мы запатрабуем нешта эксклюзіўнае для беларусаў, адразу любая дыяспара запатрабуе таго ж, і яны забавязаныя будуць гэта выканаць, інакш будзе лічыцца ўцісканьнем. Тут вельмі складанае пытаньне нацыянальнае”.

Цяпер архітэктура Масквы прапануе сквэр ля ўнівэрсытэту, дзе вучыўся Купала, але пратэстуюць беларусы, бо лічаць гэтае месца надзвычай непрыдатным. Гаворыць Юры Ваўчок:

(Ваўчок: ) “Супраць выступілі, і слушна, бо тамака цёмны сквэр, усё невыразна – толькі алкашам зьбірацца, і там яго ніхто ня будзе ахоўваць. Цяпер размова вядзецца, каб паставіць яго ў Кутузаўскім сквэры, які пры ўезьдзе ў горад, каб кожны беларус, які прыяжджае ў Маскву, мог бачыць помнік. Але там усе месцы разьмеркаваныя і цяпер стаіць пытаньне ўзгадненьня”.

Які варыянт будзе зацьверджаны канчаткова, цяпер залежыць ад ураду Масквы. Затым рада міністраў гэтак званай саюзнай дзяржавы мусіць зацьвердзіць каштарыс на адліцьцё помніка і будаўнічыя працы, а практычнае выкананьне праекту затым будзе залежаць ад фундатараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG