Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕЛАРУСІ СТВАРАЕЦЦА НОВАЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зьезд новай аб'яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі плянуюць правесьці за адзін дзень, але ў тры этапы. Раніцай пройдзе зьезд той часткі жаночай партыі “Надзея”, якая прызнае легітымнасьць сваёй старшыні Валянціны Палевіковай. Пасьля адбудзецца паседжаньне незарэгістраванай партыі БСДП Аляксея Караля. А ўжо ў другой палове дня павінен адбыцца аб’яднаўчы зьезд новай сацыял-дэмакратычнай партыі, аснову якой складуць прыхільнікі спадара Караля і спадарыні Палевіковай.

Лідэрка партыі “Надзея” перакананая, што аб’яднаўчы зьезд новай сацыял-дэмакратычнай партыі адбудзецца. Гаворыць Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) “Я лічу, што няма падставаў для хваляваньня, бо рашэньні ўсіх першасных арганізацыяў партыі “Надзея” – за аб’яднаньне. Мы разумеем, што ў цяперашніх умовах “Надзеі” адной цяжка трымацца і праводзіць працу па абароне правоў жанчынаў”.

Валянціна Палевікова не прызнае легітымным зьезд той часткі партыі, які амаль тыдзень таму абраў на старшыню спадарыню Матусевіч, і гаворыць, што заўтра пройдзе сапраўдны партыйны форум, у якім будзе ўдзельнічаць больш за 90 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Спадарыня Палевікова таксама гаворыць, што ўлады, асабліва ў рэгіёнах, перашкаджалі абраньню дэлегатаў на гэты зьезд.

Аляксей Кароль таксама перакананы, што заўтра будзе створаная новая сацыял-дэмакратычная партыя:

(Кароль: ) “Аб’ядноўваецца нашая незарэгістраваная партыя, аб’ядноўваецца “Надзея” цалкам, бо той зьезд яны лічаць незаконным. Ён быў інсьпіраваны. І аб’ядноўваюцца прадстаўнікі БСДГ. У іх у статуце запісанае падвойнае сяброўства”.

Аднак сытуацыя з уваходам у новую партыю БСДГ значна больш складаная. Напрыканцы ліпеня, Цэнтральная рада гэтай партыі прыняла рашэньне не аб’ядноўвацца з партыямі Караля й Палевіковай. Гаворыць старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Я – за аб’яднаньне. Я заўтра буду госьцем гэтага зьезду, яшчэ некалькі нашых чалавек запрасілі. Але мы госьці. Мы па-ранейшаму запрашаем, у адпаведнасьці з рашэньнем нашай Цэнтральнай рады, “Надзею” ўлівацца да нас як вялікую жаночую фракцыю. Аднак мы ня можам ісьці шляхам зруйнаваньня Грамады. Мы – тыя, хто насьледуе традыцыі партыі, якая была створаная ў 1903 годзе”.

Лідэр Сацыял-дэмакратычнай грамады прапануе калегам увайсьці ў ягоную партыю і на зьезьдзе абраць новае кіраўніцтва абноўленай партыі. Аднак ужо цяпер у БСДГ ёсьць група сябраў, якія зьбіраюцца ўвайсьці ў аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю. Яны гавораць, што партыйны статут дазваляе ім гэта зрабіць.

Заўтрашняе магчымае аб’яднаньне выклікае даволі рэзкую рэакцыю ў лідэра іншай буйной сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча:

(Статкевіч: ) “Людзі, якія сябе дыскрэдытавалі: здрадаю, карупцыяй, скандаламі, але сысьці з палітыкі ня хочуць. Усё мараць, што тут мёдам намазана. Што тут камэнтаваць? Спакойна ставімся. Сабака брэша, вецер носіць. Усё!”

Тым ня менш, ініцыятары партыйнага аб’яднаньня перакананыя, што заўтрашні зьезд будзе пасьпяховым.
XS
SM
MD
LG