Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ ПАЧАЛІ ПАЛЯВАНЬНЕ НА “ЗУБРОЎЦАЎ”


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня раніцай міліцыянты прыйшлі ў кватэру Яўгена Афнагеля. Высьветлілася, што яны атрымалі загад затрымаць усіх удзельнікаў пікету. З таго, што міліцыянты яшчэ з часу ранейшага затрыманьня ведалі хатнюю адрэсу Яўгена Афнагеля – ён стаў першым затрыманым. Саміх міліцыянтаў пад час правядзеньня пікету не было, але яны зьвярнуліся па відэастужку ў карпункт НТВ. Зь яе і даведаліся пра ўдзельнікаў пікету.

Нагадаем, што ў пікеце ўдзельнічалі каля дваццаці чалавек. Сябры моладзевага руху “Зубр” трымалі партрэты расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, а потым парвалі іх і кінулі на зямлю.

Юнакі распаўсюдзілі заяву, у якой асудзілі палітыку Расеі, скіраваную на анэксію Беларусі, і заклікалі грамадзкасьць бараніць незалежнасьць сваёй дзяржавы.

Цяпер міліцыянты вывучаюць копію відэастужкі, каб высьветліць асобы іншых удзельнікаў пікету. Яўген Афнагель заявіў хадайніцтва пра адваката, і судзьдзя Тацяна Паўлючонак перанесла разгляд справы на аўторак.

Уладзімер Лабковіч, назіральнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, пракамэнтаваў судовае паседжаньне для Радыё Свабода:

(Лабковіч: ) “Абсалютна незразумела, як судзьдзя і супрацоўнікі міліцыі стануць будаваць абвінавачваньні супраць Яўгена Афнагеля. У гэтай справе няма ніякіх сьведкаў. Супрацоўнікі міліцыі будуць спрабаваць пабудаваць справу на відэакасэтах, зь якімі яны хаатычна бегалі па суду. Нават з гэтымі касэтамі ў іх нічога ня “клеіцца”. Гэта рэпартаж НТВ. Як яны будуць абапірацца на яго ў якасьці абвінавачваньня, незразумела. Відавочная разгубленасьць судзьдзі, якая дала даволі доўгі тэрмін да суду, каб падрыхтавацца і знайсьці хоць якую-небудзь зачэпку для абвінавачваньня. Некаторыя журналісты сярод прысутных у судовай залі бачаць новую тэндэнцыю. На іхную думку, улада і адміністрацыя прэзыдэнта намагаюцца больш лагодна ставіцца да праяваў нацыянальнае сьвядомасьці ў рэчышчы новай геапалітыкі Беларусі”.

Астатнія удзельнікі пікету пакуль на волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG