Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АЛЯКСАНДАР ЯРАШУК ЗАКЛІКАЕ ДА ШЫРОКАГА АБМЕРКАВАНЬНЯ ІНТЭГРАЦЫЙНЫХ ПРАПАНОВАЎ РАСЕІ


Міхал Стэльмак, Менск

У сваёй заяве Аляксандар Ярашук выказвае меркаваньне, што 14 жніўня Ўладзімер Пуцін паклаў канец палітычнаму “бартэру” ў беларуска-расейскіх узаемадачыненьнях. Усьлед за гэтым, заяўляе Аляксандар Ярашук, паводле загаду з адміністрацыі Лукашэнкі ў краіне пачалася прапагандысцкая кампанія, якая прымае зьневажальныя для Расеі і ейнага кіраўніцтва формы. Паводле словаў Ярашука, ніхто не надаваў Лукашэнку паўнамоцтвы абвяшчаць за ўвесь беларускі народ, што ўсё тое, што прапаноўваў Пуцін, беларускія грамадзяне адмаўляюць. Прафсаюзны лідэр прапануе шырока абмеркаваць прапановы расейскага боку.

Аляксандар Ярашук гэтак пракамэнтаваў нашаму Радыё сваю ініцыятыву:

(Ярашук: ) “Мы ўжо колькі месяцаў з пункту гледжаньня пэрспэктываў Саюзнай дзяржавы знаходзімся ў поўным “тупіку”. І гэты тупік толькі пашыраецца. Як чалавек, які нераўнадушны да лёсу свайго народу, да лёсу саюзнае дзяржавы, і як чалавек, які займае пэўнае месца ў палітычнай гіерархіі сваёй краіны, я ня мог заставацца ўбаку”.

(Карэспандэнт: ) “Ці азначае, Аляксандар Ільіч, вашая заява поўную падтрымку ініцыятываў Уладзімера Пуціна, якія ён агучыў 14 жніўня?”

(Ярашук: ) “Чаму Пуцін вымушаны быў рабіць такую заяву? З майго пункту гледжаньня, ён зусім ня мае на ўвазе, каб Беларусь вось гэткім чынам уваходзіла ў склад Расеі. І тут, з майго пункту гледжаньня, ёсьць поўнае разуменьне, што такое немагчыма, што немагчымая страта незалежнасьці краіны. Ён, каб раз і назаўсёды ўзяць ініцыятыву ў свае рукі, мусіў зрабіць такую заяву. З другога боку амаль ніхто не гаворыць, што ён і другую прапанову рабіў – аб’яднацца па тыпу Эўразьвязу. А чым гэта для нас непрымальна? Мы бачым, як сёньня адзіная Эўропа даказала сваю жыцьцяздольнасьць, эфэктыўнасьць гэткай мадэлі аб’яднаньня. Чаму нам ня рухацца ў гэтым напрамку?”

(Карэспандэнт: ) “Вы сказалі сёньня, што хацелі бы бачыць Уладзімера Пуціна ў сьценах беларускага парлямэнту”.

(Ярашук: ) “Я лічу гэта выключна важным, таму што заява Пуціна гучала 30 сэкундаў. І камэнтавалі яе, хто як хацеў. Для таго, каб праясьніць сытуацыю самым належным чынам, чаму такі відавочны крок не зрабіць? Гэта прымальна ў практыцы міжнародных дачыненьняў. Прыяжджае сюды расейскі прэзыдэнт, выступае тут на парлямэнцкіх слуханьнях у парлямэнце, адказвае на пытаньні і праясьняе сытуацыю. Я ня думаю, што расейскі прэзыдэнт на гэта не пагадзіўся б”.

(Карэспандэнт: ) “Як шырокі, на ваш погляд, спэктар палітычных сілаў у Беларусі, якія зьбіраюцца менавіта гэткім чынам разьвязаць вузел беларуска-расейскіх узаемадачыненьняў?”

(Ярашук: ) “Я лічу, што ў кожнай з палітычных сілаў, партыяў, рухаў Беларусі ёсьць людзі, я падкрэсьліваю: ад камуністаў да Народнага фронту, якія вось менавіта так разглядаюць гэтую сытуацыю ды менавіта такім чынам могуць для сябе бачыць выхад з гэтага вельмі цяжкога становішча, у якім мы апынуліся”.

Варта нагадаць, што Аляксандар Ярашук спрабаваў удзельнічаць у леташніх прэзыдэнцкіх выбарах, аднак ня здолеў сабраць неабходных для рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта ста тысячаў подпісаў выбарцаў. Пасьля гэтага ён падтрымаў на выбарах кандыдатуру Ўладзімера Ганчарыка.
XS
SM
MD
LG