Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Партрэт на Свабодзе”. 24 жніўня

Удзельнiкi менскiх акцыяў пратэсту, што ладзiлiся апошнiя пятнаццаць гадоў, добра ведалi зьнешне малапрыкметнага чалавека са старэнькiм фотаапаратам у адной руцэ руцэ i мiкрафонам – у другой. Уладзiмера Кармiлкiна, не журналiста i не палiтыка, падхапiла вiрлiвая плынь людзей, што на скрыжалях 80 – 90-х гадоў выйшлi на вулiцы, каб скончыць з камунiзмам ды вярнуць незалежнасьць i дэмакратыю для Беларусi. Ён, былы вайсковец, а ў 60-х гадох стыляга i кароль танцпляцовак, вельмi хутка знайшоў сваё месца ў адраджэнцкiм руху – стаў хранiкёрам найноўшае гiсторыi краiны.

40 дзён таму Ўладзiмера Паўлавiча, сябры БНФ, ня стала. Над ягонай магiлай моўчкi стаялi ягоныя шматлiкiя сябры – і лiбэралы, i сацыялiсты, i камунiсты. Людзi з гучнымi тытуламi i бязь iх. Усе тыя, хто прайшоў зь iм ад Дзядоў у Курапатах 1988 году да абароны тых жа Курапатаў у годзе 2002…

У сэрыi “Партрэт на Свабодзе” слухайце перадачу Ігара Карнея пра Ўладзiмера Кармiлкiна.


“Сымбаль веры”. 24 жніўня

У сучасным сьвеце любоў чалавека да жывёлаў набывае, часам, гіпэрбалізаваныя, а то і звыродлівыя формы. Існуюць могілкі жывёлаў, дзе гаспадары праліваюць сьлёзы над магіламі сваіх былых гадаванцаў і заўсёды ляжаць жывыя кветкі. Сабакам і катам завяшчаюць капіталы, у выніку чаго іх пасьля гадамі даглядае цэлы штат абслугі, хатнім жывёлам робяць складаныя хірургічныя апэрацыі і ўжо нават плянуюць перасадкі ворганаў... Ці ёсьць межы ў адносінах чалавека і жывёлы? І як іх бачаць тры сусьветныя рэлігіі – юдаізм, хрысьціянства і ісьлям? Гэтаму будзе прысьвечаны чарговы выпуск нашай міжканфэсійнай перадачы “Сымбаль веры”, у якім, сярод іншых, возьмуць удзел Апостальскі візытатар для беларусаў айцец Аляксандар Надсан і галоўны рабін Беларусі Сэндэр Урыцкі. Падрыхтаваў перадачу Сяргей Абламейка.


“Галерэя Свабоды”. 24 жніўня

“Прэлюдыя кашмару” – гэтак завецца новая выстава, што гэтымі днямі праходзіць у амэрыканскім музэі мастацтва пры каледжы ў Вільямстаўне, што ў штаце Масачусэтс. У экспазыцыю сярод іншага ўключаныя й дзьве акварэлі Адольфа Гітлера. Рэцэнзію на выставу ў адным са жнівеньскіх нумароў зьмясьціў часопіс “Newsweek”. Ці непрызнаньне ягонага мастакоўскага таленту выпіхнула Гітлера ў палітыку? Ці можа настаўнік распазнаць будучага монстра па ягоных мастакоўскіх эцюдах? У чарговай перадачы Сяргея Харэўскага “Галерэя Свабоды” бярэ ўдзел кінарэжысэр і пэдагог, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, Уладзімер Колас.


“Суботні дыялёг”. 24 жніўня

Ці ёсьць пагроза беларускай дзяржаўнасьці ў сувязі з апошнімі заявамі Ўладзімера Пуціна? Пра гэтае і ня толькі разважае заўтра ў “Суботнім дыялёгу” чалавек, якому ў пэўнай ступені Беларусь і абавязана набыцьцём сувэрэнітэту. Гэта першы дэмакратычна абраны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі, ініцыятар Белавескіх пагадненьняў Станіслаў Шушкевіч.


"Здароўе". 24 жніўня

Амаль ніхто ня любіць візытаў да стаматоляга. Нават пры ўсіх тэхнічных навінках і абязбольваючых сродках, лячэньне зубоў непрыемнае. Але ж прыходзіць момант, калі без дантыста не абысьціся, бо без зубоў нельга жыць. А што калі лячыць зубы цалкам без традыцыйных плёмбаў і сьвідраваньня? Такая магчымасьць сталася вельмі рэальнай дзякуючы новым вынаходніцтвам. Магчыма, ужо ў найбліжэйшыя гады не спатрэбяцца дантысцкія масткі ды імплянтанты, а нашыя зубы проста будуць адрастаць, бы ў акулаў. Гэтаму прысьвечаны чарговы выпуск перадачы “Здароўе”.


"Праскі акцэнт ". 25 жніўня

На гэтым тыдні ня выйшаў у сьвет чарговы нумар тыднёвіка “Свободные новости”. Міністэрства інфармацыі Беларусі падтрымала аднаго з заснавальнікаў выданьня, які вырашыў зачыніць яго ў аднабаковым парадку, насуперак закону. Што сталася прычынай закрыцьця папулярнай газэты? Хто стаіць за новым этапам вайны з прэсай – расейкія мэдыя-магнаты ці дамарослыя алігархі й чыноўнікі? Чаму дзяржаўная прэса раптам пачала абараняць незалежнасьць Беларусі? І як у гэтых умовах выжыць незалежнаму беларускаму друку?

Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у нядзельнай перадачы “Праскі акцэнт “галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газэты” з Маладэчна Алесь Манцэвіч і галоўны рэдактар тыднёвіка “Свободные новости” Аляксандар Уліцёнак. Вядзе гутарку за круглым сталом ВітальТарас.


“Вольная студыя”. 25 жніўня

Днямі на паліцах кнігарняў зьявілася нечаканая кніга пад назвай “Архіпэляг Сапегаў”. Нечаканая найперш сваім зьместам: упершыню ў Беларусі пад адной вокладкай сабраныя апісаньні ці ня ўсіх сапегаўскіх фундацый – палацаў, храмаў ды кляштараў-манастыроў, што, як выспы, былі колісь параскіданыя па ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Другая нечаканка ў тым, што напісаў гэтую кнігу не дыплямаваны гісторык архітэктуры, а прадпрымальнік з Горадні. Чалавек, які ніколі не займаўся бізнэсам толькі дзеля ўласнай кішэні, мае да роду Сапегаў невытлумачальны сантымэнт. Ён ня толькі завёз жменьку беларускай зямлі ў Парыж, на магілы чальцоў сапегаўскай дынастыі, але й запрасіў адзінага пазасталага ў жывых князя Яўстаха Севярына Сапегу наведаць Беларусь... Гутарку Міхася Скоблы з Валянцінам Дубатоўкам – гарадзенскім прадпрымальнікам і дасьведчаным сапегазнаўцам – слухайце ў нядзельнай “Вольнай студыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG