Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЦІ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА І ЖОНКІ ВІКТАРА ГАНЧАРА ДЫ АНАТОЛЯ КРАСОЎСКАГА ПАДАЛІ Ў СУД ЗАЯВЫ НА ПРЫЗНАНЬНЕ СВАІХ СВАЯКОЎ “БЯЗЬ ЗЬВЕСТАК АДСУТНЫМІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле словаў адваката Гары Паганяйла, які кансультуе сваякоў зьніклых, на судовы разгляд праваахоўчыя органы будуць вымушаныя прадставіць дакумэнты пра лёс зьніклых і пра захады, якія былі зробленыя, каб іх знайсьці. Такім чынам плянуецца атрымаць адказы на шэраг дагэтуль нявысьветленых пытаньняў, бо сьледзтва нават ад сваякоў хавае самыя, здавалася б, прасьцейшыя зьвесткі.

(Паганяйла: ) “Органы і службовыя асобы не жадаюць даваць ніякай ўвогуле інфармацыі. І ў справе Завадзкага, і ў справе Ганчара, Красоўскага і Захаранкі. Увогуле няма ніякіх зьвестак. Мы заяўляем хадайніцтвы, яны адхіляюцца, і зноў... цішыня. Але цяпер зьвесткі будзе патрабаваць суд, ад якога адмахнуцца будзе куды больш складана. У рэшце рэшт нас ўсіх павінна турбаваць, дзе Дзіма Завадзкі, і адказ на гэтае пытаньне трэба атрымаць”.

Заява на прызнаньне Зьмітра Завадзкага “бязь зьвестак адсутным” пададзеная ў Кастрычніцкі раённы суд Менску, Ірына Красоўская аднесла адпаведную заяву адносна свайго мужа ў Фрунзэнскі суд, Зінаіда Ганчар зьвярнулася ў суд Савецкага раёну Менску.

Паводле закону, у хуткім часе суды павінныя зьмясьціць у друку аб’явы са зваротам да магчымых сьведкаў. Потым праз два месяцы павінны адбыцца судовыя паседжаньні, вынік якіх, аднак, прадказаць цяжка. Паводле Гары Паганяйлы, суд можа і не задаволіць заяву на прызнаньне чалавека “бязь зьвестак адсутным”, але ўсё адно разгляд справы прынясе пэўныя станоўчыя вынікі.

Таксама сваякі зьніклых разьлічваюць вырашыць некаторыя праблемы маёмаснага характэру, якія цяпер пакуль вырашыць немагчыма. Прыкладам, Сьвятлана Завадзкая зьбіраецца аформіць грашовую дапамогу, што дзяржава плоціць няпоўнагадовым дзецям, якія страцілі бацьку.
XS
SM
MD
LG