Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ ПАТРАБУЕ, КАБ ШКОЛЫ САМІ ЗАРАБЛЯЛІ НА РАМОНТ


Галіна Абакунчык, Менск

Найлепшы выгляд сёньня маюць школы, дзе актыўна працуе адміністрацыя й бацькоўскія камітэты. І ў гэтым сэнсе пашанцавала менскай школе №131. Тут бацькоўскія суполкі ёсьць у кожнай клясе, і яны нямала дапамагаюць школе матэрыяльна: толькі на сёлетні рамонт сабралі 900 тысячаў рублёў. За гады старшыняваньня ў бацькоўскім камітэце Вольга Бараноўская перакананалася, што сёньня школы трымаюцца ня коштам дзяржаўнага фінансаваньня, а складкамі бацькоў:

(Бараноўская:) "Толькі з дапамогаю бацькоў. Толькі. Бо дзяржава так не дапаможа як бацькі. Сабраліся – фарбу купілі, шпалеры. Той там працуе, той там – кожны нечым дапамог. Толькі так. Толькі з дапамогаю бацькоў”.

Сёлета на школьныя рамонты было выдаткавана 18 мільярдаў беларускіх рублёў, і гэта ўсяго траціна ад патрэбнага. Акрамя таго, 30% ад скарыстаных грошай паступілі з пазабюджэтных крыніцаў, а гэта бацькоўскія ды фундатарскія ўнёскі. Збор дабрачынных сродкаў і самастойныя заробкі школаў у Міністэрстве адукацыі лічаць прыярытэтным накірункам. Гаворыць кіраўнік упраўленьня сацыяльнай працы Лідзія Зайцава:

(Зайцава:) "Таму што ў гэтым годзе наш урад кінуў нас у "вялікае плаваньне", прымушае зарабляць сур’ёзныя грошы й не рабіць выгляду, што мы гэта ня можам. І мы трымаемся вельмі добра, бо нашыя школы навучыліся выкручвацца, і грошы зарабляць, і з фундатарамі працаваць, але трэба лепш працаваць. Адукацыя здольная зарабіць на рамонт школаў".

Іншае меркаваньне ў дырэктаркі школы №131 Галіны Марціновіч. Паводле яе, практыка супрацоўніцтва зь менскім аўтазаводам паказвае, што прадпрыемствы-шэфы школам дапамагаюць усё зь меньшай ахвотай:

(Марціновіч:) "Існуе такая праблема, што кожны год усё цяжэй і цяжэй гэтую дапамогу атрымаць. Менскі аўтазавод, генэральнае кіраўніцтва кажуць, маўляў, мы кожны год і кожны месяц сыстэматычна выплочваем падаткі ў дзяржбюджэт і, калі ласка, зьвяртайцеся ў адміністрацыю. Так што пэўную колькасьць сілаў і нэрваў давялося патраціць, каб атрымаць гэтую шэфскую дапамогу".

Паводле Галіны Марціновіч, каб прадпрыемствы-фундатары дапамагалі школам і надалей, неабходная ўжо заканадаўчая база. З прапановай вынесьці гэтае пытаньне на абмеркаваньне ўраду і парлямэнтароў дырэктарка нават намерваецца зьвярнуцца да дэпутата, за якога галасавалі бацькі школьнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG