Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЎМАЦОЎВАЕ ПАЗЫЦЫІ КУЧМЫ Ў ПАЛІТЫЧНЫМ ГАНДЛІ З МАСКВОЮ


Юры Дракахруст, Прага

Яшчэ ў чэрвені прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны Пуцін і Кучма разам з канцлерам Нямеччыны Шродэрам дамовіліся ў Санкт-Пецярбургу пра ставарэньне міжнароднага кансорцыюма па перапампоўваньні расейскага газу ў Эўропу. Ужо зараз чвэрць усяго газу, які спажывае Заходняя Эўропа, яна атрымлівае ад расейскага “Газпраму”, да 2020 году мяркуецца ўдвая павялічыць гэтыя пастаўкі.

Пагадненьне Пуціна-Кучмы-Шродэра паставіла пад сумнеў іншы праект “Газпраму” – пабудову новага газаправоду празь Беларусь. “Газпрам” распачаў гэты праект 2 гады таму. У якасьці матываў гэтага рашэньня называліся заганная практыка самавольнага адбору ўкраінскім бокам газу з газаправодаў, што ідуць па ўкраінскай тэрыторыі, а таксама велізарная запазычанасьць: Украіна вінная “Газпраму” амаль паўтара мільярда даляраў. Зараз 90% расейскага газу перапампоўваецца на Захад праз Украіну. Газаправод празь Беларусь істотна ўзмацніў бы пазыцыі Масквы ў адносінах з Кіевым па газавых праблемах.

Аднак у чэрвені перавага была аддадзеная ўкраінскаму варыянту транзыту. Гэтае рашэньне выклікала вялікую крыўду афіцйыйнага Менску, дзе ўжо падлічвалі выгоды ад газаправоду празь беларускую тэрыторыю. Знамянальна, што пагадненьне паміж Расеяй, Украінаю і Нямеччынай было падпісанае літаральна напярэдадні сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна.

Але падзеі мінулага тыдня паказалі, што чэрвеньскае пагадненьне Масквы, Кіева і Бэрліна ня стала апошняю кропкаю у справе стварэньня міжнароднага газавага кансорцыюму. Расея хоча, каб акцыі кансорцыюму былі падзеленыя пароўну паміж ёю і Ўкраінаю, Украіна хоча захаваць за сабою кантрольны пакет. Расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Касьянаў выказаў спадзяваньне, што канчатковая згода можа быць дасягнутая паміж прэзыдэнтамі Пуціным і Кучмам у кастрычніку на саміце СНД у Малдове, аднак паводле меркаваньня расейскай газэты “Коммерсант”, “украінская пазыцыя проста выпустошвае сутнасьць дамовы пра стварэньне кансорцыюму”.

Варта адзначыць, што нават пасьля абвяшчэньня ў чэрвені пра стварэньне расейска-ўкраінска-нямецкага кансорцыюму праект газаправоду праз Беларусь быў не пахаваны цалкам, а, так бы мовіць, пакладзены ў даўгую скрыню.

Аднак на думку шэрагу назіральнікаў апошняе абвастрэньне беларуска-расейскіх адносінаў ёсьць добрай навіной для Кіева. Беларускі кіраўнік Лукашэнка назваў “непрымальнымі і зьневажальнымі” прапановы расейскага прэзыдэнта Пуціна наконт уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі. Гэтак жа катэгарычна была адхіленая і прапанова Масквы аб фарсыраваным пераходзе Беларусі на расейскі рубель на расейскіх умовах, паводле якіх Беларусь мусіць цалкам страціць свой сувэрэнітэт у галіне грашовай палітыкі.

На тле такога жорсткага канфлікту праект пабудовы газаправоду празь Беларусь не выглядае надта пераканаўчым сродкам ціску на Ўкраіну, каб прымусіць яе да згаворлівасьці. Тым больш, што асобыя адносіны Расеі зь Беларусьсю і зараз абыходзяцца Маскве ня вельмі танна: рашэньне Расеі пастаўляць Беларусі газ па ўнутрырасейскіх цэнах – істотны выйгрыш для Беларусі і істотная страта для расейскага бюджэту.

Разам з тым, нават у палепшанай перамоўнай пазыцыі непахіснасьць Кіева мае натуральныя абмежаваньні. Заходнія партнэры, прынамсі, Францыя і Нямеччына, заявілі, што гатовыя фінансаваць мадэрнізацыю газаправодаў праз Украіну толькі ў тым выпадку, калі расейцы і ўкраінцы здолеюць нарэшце дамовіцца. Хутчэй за ўсё, урэшце гэта і адбудзецца: мова ідзе пра інвэстыцыі у памеры двух з паловаю мільярдаў даляраў на працягу найбліжэйшых гадоў. Але дзякуючы канфлікту паміж Лукашэнкам і Пуціным, формула гэтай дамоўленасьці можа быць больш спрыяльнай для Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG