Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУТАРКА З АЎТАРАМ АЛЬБОМА “СЬВЯТА ПАКРАДЗЕНАЕ” АЛЯКСАНДРАМ ПАМІДОРАВЫМ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Падбярэскі: ) “Падставаю для сёньняшняй сустрэчы зрабіўся новы альбом, які нядаўна зьявіўся ў продажы. Памятаецца, з пару месяцаў таму мы гутарылі з гітарыстам Пітам Паўлавым адносна сольных праектаў беларускіх выканаўцаў. Сёньня — новая нагода працягнуць гутарку на гэтую тэму, бо згаданы альбом пад назваю “Сьвята пакрадзенае” — гэта ні што іншае, як сольны праект Аляксандра Памідорава, увасоблены ім з дапамогаю групы іншых музыкантаў.

Альбом гэты робіць несамавітае ўражаньне і, безумоўна, вымагае, каб у ягоную музыку ўслухваліся спакваля, бо першае знаёмства, прызнацца, уводзіць у стан разгубленасьці: столькі тут усяго панамешана ў стылістыцы, столькі нечаканых паваротаў у настроях, столькі сюрпрызных пераўвасабленьняў самога Аляксандра Памідорава, што лёгка можна згубіць галаву і ў выніку так і не зразумець зробленае музыкантамі.

Што ж, скарыстаемся з нагоды прысутнасьці Аляксандра ў студыі, каб паспрабаваць разабрацца калі не ва ўсім, дык, прынамсі, у многім.

Аляксандар, дазволь павіншаваць цябе з падзеяй, пра якую чуткі разыходзіліся даўно. Выданьне альбома для кожнага музыканта — гэта сапраўды сьвята. Але хто ж гэтае сьвята скраў у цябе, адкуль такая назва?”

(Памідораў: ) “Ой, гэта і ўражаньні, гэта і падыход да некаторых падзеяў у жыцьці, асэнсаваньне некаторых падзеяў жыцьця, проста гэткі стан чалавечы, які бывае час ад часу: калі ўсё ёсьць, а вось...”

(Падбярэскі: ) “А сьвята няма...”

(Памідораў: ) “А чагосьці не хапае ўсё ж такі. Тады прыходзіцца самому сабе рабіць сьвята”.

(Падбярэскі: ) “І як ты лічыш: сьвята для цябе асабіста атрымалася?”

(Памідораў: ) “Для мяне атрымалася, безумоўна. Я задаволены цалкам”.

(Падбярэскі: ) “Першае ўражаньне ад альбома ў мяне было такое: нехта ж цябе дужа раззлаваў! Я маю на ўвазе тую здаровую творчую злосьць, якая заўсёды станоўча ўплывае на работу. Аднак агрэсія тут адчуваецца”.

(Памідораў: ) “Можа, таму што я сам часам бываю досыць агрэсіўны чалавек. Незаўсёды я кірую гэтай агрэсіяй. У творчым сэнсе? Ну, ня ведаю. Ніхто пэрсанальна не злаваў, але, можа, стан такі, што захацелася зрабіць нешта, і гэта пачало рабіцца неяк. І проста былі сытуацыі такія, калі ўвесь час нешта перашкаджала і яшчэ дадавала тае агрэсіі, злосьці. Да таго яшчэ я люблю вельмі такую агрэсіўную, злосную, можа быць, музыку”.

(Падбярэскі: ) “Дарэчы, пра стылістыку. У альбоме самыя розныя па стылістыцы творы: ёсьць рэгей, клясычны гарт-рок, шмат рэпавай стылістыкі, нават нешта накшталт застольнай песьні, аднак усё цэмэнтуе ўсё ж менавіта жорсткае гучаньне. Слава Корань, Сяргей Канановіч, Аляксандар Быкаў — гэта ўсё партнэры невыпадковыя?”

(Памідораў: ) “Знаёмыя мы здаўна, але досыць выпадкова сустрэліся. І хлопцы проста пачалі паказваць, што яны робяць удвух: Быкаў і Канановіч. Гэта было ўлетку мінулага году. І потым напаўжартам так спыталіся, ці не патрэбныя мне бубнач і басіст. Я сказаў, што безумоўна патрэбныя, таму дамовіліся сабрацца паджэмаваць. З гэтага джэму на наступны дзень за паўтары гадзіны недзе ўжо тры песьні былі сфармаваныя. А потым патэлефанілі Славе Кораню... Ён прыйшоў, усё, што мы нарабілі, ён абазваў брыдкімі словамі, сказаў, што граць мы ня ўмеем і менавіта таму трэба пачынаць працаваць”.

(Падбярэскі: ) “Мачыма, такое вось маё першае ўражаньне склалася ад агульнай гукавой палітры альбома, якая значна адрозьніваецца ад усяго таго Памідорава, якога даводзілася чуць раней”.

(Памідораў: ) “Якога такога Памідорава даводзілася чуць?”

(Падбярэскі: )“Цуд на Каляды”, напрыклад”.

(Памідораў: ) “Цуд на Каляды” — гэта наагул песьня, якая гучыць ня ў тым варыянце, у якім яна мусіла гучаць”.

(Падбярэскі: ) “Ты сьвядома абраў менавіта такое жорсткае гучаньне ці гэтак у цябе душа апошнім часам сьпявае?”

(Памідораў: ) “У мяне так душа сьпявае не апошнім часам, а ўвесь час (гучыць фрагмэнт песьні “Быць беларусам”). Я проста адчуваю — ня ведаю — ня моц, ня ўпэўненасьць, ня гонар, але я ведаю, што я магу зрабіць і што я не магу зрабіць. Я досыць здаўна граю на гітары, насамрэч, яшчэ з пяцігадовага веку мяне вельмі вабіла менавіта электрагітара і недзе ў шэсьць-сем год я пачаў слухаць цяжкую музыку, таму ўвесь час я — прыхільнік (а ў свой час быў фанатам) менавіта цяжкой музыкі. Так што душа сьпявае прыкладна ў такім варыянце ўвесь час. А ўсё астатняе, гэтае захапленьне рэпам — гэта таксама экстрэмальны стыль, гэта таксама мне блізка па пачуцьцях, гэта таксама можна назваць нейкім нэрвам, бо калі нешта робіцца шчыра, дык гэта адразу адчуваецца. Я таксама захапляюся блюзам, адзін з маіх гітарыстаў аднойчы падсадзіў мяне як на іглу на блюз. Ну, жыцьцё!”

(Падбярэскі: ) “Але тым ня менш у альбоме “Сьвята пакрадзенае” ёсьць дзьве песьні на словы Ўладзімера Караткевіча. Магчыма, яны рыхтаваліся для задуманага Алесям Сушам праекту “Скрыпка дрыгвы?”

(Памідораў: ) “Адна зь іх, якая мае назву “Прыганятыя”, была запісаная яшчэ ў кастрычніку, здаецца, мінулага году і напалову была перароблена ў гэтым годзе падчас даводу ўсёй фанаграмы. Там, акрамя тэксту Караткевіча, яшчэ й “Жалейка” Купалы, калі ўважліва паслухаць у сярэдзіне. Так я спалучыў тут двух клясыкаў. А другая, якая ў мяне называецца “Данесьлі добрыя людзі” па першаму радку, яна наогул вельмі прыпадкова атрымалася. Проста зьявілася нейкая мэлёдыя, і там, дзе мы рэпэтавалі, ляжаў томік Караткевіча, і каб прасьпяваць які-небудзь тэкст, проста... ну, ня ведаю! Лёс там, нейкі знак: разгарнуў кніжку, і першы тэкст, які трапіў на вочы, ён трапіў дакладна ў памер той музыкі, якую скампанаваў Канановіч. Мы нават нічога не зьмянялі. Вельмі дапамог наш славуты курд Масуд Талібані, які зараз вярнуўся на радзіму, па чутках сумуе, хацеў прыехаць зайграць тут на “Славянскім базары” разам са сваім калектывам. Насамрэч, ён так і піша ў лістах: “Хачу дамоў у Беларусь”.

(Падбярэскі: ) “Маецца ў “Сьвяце пакрадзеным” і новая вэрсія тваёй драматычнай песьні “Крывавае сьвята”. Ведаеш, мушу прызнацца: і стары, і новы варыянты робяць моцнае ўражаньне, але рознае. Чым была выклікана новая вэрсія, і ці былі водгукі на песьню ад тых, хто быў у той дзень на Нямізе?”

(Памідораў: ) “Гэта цяжкое пытаньне для мяне, бо ў мяне з гэтай песьняй дагэтуль вельмі няпростыя стасункі”.

(Падбярэскі: ) “Ты думаеш, больш простыя ў слухачоў?”

(Памідораў: ) “Я нават баюся задаваць слухачам такое пытаньне. Я ня маю на гэта права, я нават не магу лічыць гэтую песьню цалкам сваёй. Я сам пра гэтую песьню анічога не магу сказаць. Я магу сказаць толькі тое, што запісаная яна была ў першым варыянце даволі пасьпешна перад першай гадавінаю. Запіс яе першага варыянта скончыўся 28 траўня. Там былі нейкія кавалкі гісторыі, бо я, ускосна так, зьвязаны з гэтай справаю. Да таго ж я займаўся такім ...прыватным расьсьледаваньнем ці як, зьбіраў інфармацыю проста на наступны дзень пасьля гэтай трагедыі, і шмат таго, што ёсьць у гэтай песьні ў тэксьце, — гэта тое, што ведаю я і ведаюць яшчэ некаторыя людзі, якія працавалі ў шпіталях. У мяне была касэта, на якой было запісана — той чалавек, які мне ўсё гэта распявядаў. І гэтая касэта нейкім таямнічым чынам зьнікла ці то з хаты, ці то з торбы. Ня ведаю, дзе яна. Галоўным штуршком была сустрэча з адной дзяўчынкай. Я тады ляжаў у шпіталі. Пачалі размаўляць. Яно, ведаеце, шпітальчык там — сумна, нічога нельга рабіць, ціха!.. Песьні пішуцца проста выдатна! І яна пачала распавядаць пра тое, як яно там было на Нямізе, бо яе там задавілі. Што гэта быў якраз... яна... мусіў быць першы экзамен, і яна распавядала, як яе задавілі, як прыўзьняла яе над зямлёй, яна апынулася ў сярэдзіне там. І кажа, што давіць, давіць моцна, усё вакол становіцца чырвонае, і сьвядомасьць абрубаецца. І апошняя думка — ня тата з мамай, ня што... а апошняя думка — яна кажа — такая: вось і ... А заўтра — кантрольная па алгебры. Песьня фактычна складзена з таго, што распавядала гэтая дзяўчынка, яе завуць Наташа, з таго, што распавядалі тыя людзі з другога клінічнага шпіталя, што я ведаю сам і бачыў, бо я жыву ў тым раёне, і з таго, што было ў інфармацыйных зьвестках, тых, што прыходзілі да нас, бо ў тыя часы я працаваў на радыё. Ня ведаю, як гэта распавесьці. Нешта накшталт гістэрыкі было...”

(Падбярэскі: ) “Я думаю, што менавіта гэтая песьня таксама пэўным чынам перакрыжоўваецца з назваю альбома, але хацеў бы спытацца: ці проста было складаць альбом без шлягера?”

(Памідораў: ) “Доўгія гады працы на камэрцыйных FM-радыёстанцыях...”

(Падбярэскі: ) “Забілі ўсялякую ахвоту ствараць шлягеры...”

(Памідораў: ) “Ну так! Яны папросту настолькі адгарнулі мяне ад усяго таго, што называецца шлягерам! Гэта самы найпершы сродак, каб узьненавідзець усю музыку. Я наўмысна гэта рабіў, і як былы эфірны вядучы, дакладна сабе прадстаўляю, што ў гэтым альбоме няма, як гэта зараз кажуць, аніводнай “фарматнай” песьні. І мяне гэта вельмі задавальняе! Бо яны такія атрымаліся па гуку, якраз такія, што...”

(Падбярэскі: ) “Што аніводная FM іх у эфір ня пусьціць!”

(Памідораў: ) “Іх не паставяць! Ай ля-ля-ля!”

(Падбярэскі: ) “Нагадаю, што госьцем праграмы быў музыкант, кампазытар, аўтар тэкстаў, прадусар Аляксандар Памідораў. Да новых сустрэч, дзякуй, Аляксандар, за гутарку”.
XS
SM
MD
LG