Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБМЕЖАВАНЬНЕ НА ЎВОЗ ХАРЧОЎ У БЕЛАРУСЬ ВЫКЛІКАЕ ШОК У БЕЛАРУСАЎ, ШТО ВЯРТАЮЦЦА ДАХАТЫ З АДПАЧЫНКАЎ ВА ЎКРАІНЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

З паўтара дзясятка легкавікоў стаялі а 13 гадзіне на беларускім мытным пасту Новая Гута. Прыкладна кожны трэці кіроўца вёз з сабою 4-5 кавуноў, дыняў, некалькі кіляграмаў персікаў ці баклажанаў.

Паведамленьне мытнікаў пра ўведзенае абмежаваньне выклікала сапраўдны шок. Распавядае жыхар Менску, які назваўся Мікалаем Аляксандравічам.

(Мікалай Аляксандравіч: ) “Проста няма слоў. 1500 кіламетраў адмахаў. Чатырыста засталося да роднага дому – і на табе: з-за аднаго кавуна не магу перасячы мяжу”.

У яшчэ аднаго кіроўцы зь Менску Аляксандра – такая ж праблема:

(Аляксандр: ) “Вось купілі дзецям кавун, дыню. Персікаў узялі – і цяпер ня можам правезьці. Куды дзяваць усё гэта? Куплена ўсё на запрацаваныя грошы. Гэта ня крадзенае. Куды ўсё гэта? Выйсьці разьбіць аб асфальт? Ні папярэджаньняў – нічога!”

Пацікавіўся ў адпускнікоў, што мытнікі прапануюць рабіць зь лішнімі 10-15 кілаграмамі садавіны:

(Адпускнік: ) “Нам сказалі аформіць дэклярацыю на ўвоз дапушчальнай вагі, лішнюю садавіну вывезці за ўкраінскую мяжу, дзець куды хочаш, а потым зноў сюды вярнуцца”.

Самі мытнікі таксама не падзяляюць такога хуткага ўвядзеньня абмежаваньня. Прынамсі, намесьнік начальніка мытнага паста Міхаіл Апрышка лічыць, што такія меры трэба было ўводзіць пасля заканчэньня летняга сэзону альбо папярэджваць грамадзянаў Беларусі пра ўказ хаця б за месяц, а не за 10 дзён, як было зроблена. Яшчэ большыя праблемы мытнік прагназуе восеньню пасля ўборкі бульбы. Многія жыхары Гомеля маюць лецішчы нават на ўкраінскай тэрыторыі:

(Апрышка: ) “Як толькі скончаць копку бульбы, паўстане пытаньне, як яе прывезьці ў горад. Легальнай магчымасьці гэта зрабіць я ня бачу. 10 кіляграмаў на ўвоз распаўсюджваецца і на бульбу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG