Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗЬВЯЗКУ З БУДАЎНІЦТВАМ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БІБЛІЯТЭКІ ПАЧЫНАЕЦЦА ЗНОС ПРЫВАТНЫХ ДАМОЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Жыхары гэтай вуліцы, падобнай на вясковую, – карэнныя менчукі, хоць многія нарадзіліся яшчэ ў вёсцы Вялікая Сьляпня. Цяпер гэта цэнтар Менску: 4-ы Сьляпнянскі завулак цяпер побач з праспэктам Францішка Скарыны. Улады абяцалі зьнесьці пасёлак яшчэ напачатку 1980, таму забаранялі тут нешта адбудоўваць ці аднаўляць. З гэтай жа прычыны тут не праводзілі тэлефон і прыродны газ. І хоць пераезд у сучасныя гарадзкія кватэры, зьвязаны з будаўніцтвам Нацыянальнай бібліятэкі, мог стаць для жыхароў пасёлку прыемнай падзеяй, ніхто зь іх навасельлю ня рады.

(Спадар: ) “Мы атрымалі кватэру на 17-м паверсе. Мне 75 гадоў, а жонцы 65 – яна “на групе”. Ня будзе ліфта – паспрабуй дабярыся...”

(Спадарыня: ) “Тут дом уласны – людзі ўсё жыцьцё жылі, будавалі. А кватэры, якія мы атрымліваем, не прыватныя, а дзяржаўныя”.

(Спадарыня: ) “За сад, за дом таксама нічога ня сплочваюць. Падманула дзяржава людзей. Ня радыя людзі гэтаму, ніхто ня рады”.

Сем’ям зь першых пяці дамоў, якія ўжо атрымалі ордэры на кватэры на розных ускраінах Менску, загадана тэрмінова зьбірацца, бо пабудовы хутка будуць зносіць. А будаўнікі ўжа зараз распачалі капаць у гародах, якія гаспадары нават не пасьпелі прыбраць. Але многія жыхары заяўляюць, што нізавошта ня будуць перабірацца паводле прапанаваных уладаю ўмоваў.

Да прыкладу, Ала Дзегцярова адмаўляецца браць аднапакаёўку на сябе й дачку, якой цяпер 14 гадоў. Падобная сытуацыя ў Веры Раманчык. Жанчыны абышлі ўжо многія чыноўніцкія кабінэты, але справядлівасьці не дамагліся.

Гаворыць Вера Раманчык:

(Раманчык: ) “З намі ніхто ня лічыцца. Зьвярталіся мы да дэпутата нашага Нарэйкі – ён разводзіць рукі... Мы б хацелі ў адміністрацыю прэзыдэнта зьвярнуцца – мы ж ягоныя выбаршчыкі – нам няма доступу. А чыноўнікі нашыя нам яшчэ й пагражаюць.

Дык дзе мы жывем? Мы ж будуем дэмакратычную дзяржаву, дык дайце нам нармалёвыя ўмовы жыцьця, каб мы маглі ня быдлам, людзьмі звацца, як наш пясьняр беларускі гаварыў”.

У Першамайскім выканкаме ведаюць пра настроі жыхароў пасёлку й спачуваюць ім, але кажуць, што нічым ня могуць дапамагчы, бо ўсё вырашаецца на самым высокім узроўні. Гаворыць загадчыца жытловага аддзелу Ірына Філіпава:

(Філіпава: ) “Канечне, гэта й нас не задавальняе: дзеці ходзяць у школу тут, і праца тут – мы гэта цудоўна разумеем. Але мы ня можам паўплываць на сытуацыю гэтак жа сама, як ня можа паўплываць і гарадзкі выканкам”.

Сёньня стала вядома, што жыхарку 4-га Сьляпнянскага завулку Людзьмілу Сьлесаронак за адмову перасяляцца выклікаюць у суд. Але многія жыхары заяўляюць, што будуць адстойваць сваё права на годнае жыцьцё, нават калі гэта давядзецца рабіць перад нажамі бульдозэраў.
XS
SM
MD
LG