Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДВАКАТ АБВІНАВАЧВАЕ СЬЛЕДЧЫХ У СПРОБЕ СХАВАЦЬ НЕЗАКОННЫЯ ДЗЕЯНЬНІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакат Завадзкіх Ігар Аксёнчык абвінаваціў пракурора Аляксея Стука зь Ленінскай раённай пракуратуры і сьледчага Віктара Шабана ў неаб’ектыўнасьці і фальсыфікацыі крымінальнае справы, якая была ўзбуджаная супроць яго за нібыта паклёп на генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Адвакат заявіў пра недавер да сьледчага і пракурора пасьля таго, як яму абвесьцілі, што крымінальная справа супроць яго фактычна завершаная і мусіць перадавацца ў суд.

Хадайніцтва замены сьледчага і назіральнага пракурора Аксёнчык накіраваў у гарадзкую пракуратуру. Сярод ягоных аргумэнтаў – дадзеныя пра зьнікненьне са справы пэўных дакумэнтаў. У прыватнасьці, Аксёнчык сьцьвярджае, што невядома куды зьнік пратакол ягонага допыту, у якім згадваюцца дакумэнты пра магчымую датычнасьць Віктара Шэймана да выкраданьня апазыцыянэраў.

Ігар Аксёнчык тлумачыць:

(Аксёнчык: ) “Гэтыя дакумэнты былі скапіяваныя і далучаныя да справы. Гэта пра іх я даваў паказаньні сьледчаму Шабану, калі ён дапытваў, чаму я кажу пра магчымую датычнасьць Віктара Шэймана да зьнікненьняў. Я спасылаўся да пратакол допыту Алкаева і рапарт Лапаціка. Першапачаткова гэтых дакумэнтаў у справе пра зьнікненьне Завадзкага не было, яле падчас суду яны зьявіліся і цяпер да яе падшытыя. Але пракуратура робіць выгляд, што іх няма. І таму там сказалі, што ня трэба, каб згадка пра гэтыя дакумэнты была ў маёй справе”, – сказаў адвакат Ігар Аксёнчык.

Ён увогуле лічыць незаконным прыцягненьне яго да крымінальнай адказнасьці за словы, сказаныя падчас судовага працэсу. Аксёнчык кажа, што выконваў абавязкі адваката і абараняў інтарэсы пацярпелай – маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. “Гэта мой абавязак – дамагацца таго, каб сьледзтва знайшло сапраўдных вінаватых у выкраданьні Зьмітра Завадзкага. Гэта можа быць Ігнатовіч ці Шэйман, ці яшчэ хто – ня мае значэньня”, – кажа адвакат.

Перасьлед адваката Ігара Аксёнчыка – не адзіны ў сучаснай гісторыі Беларусі выпадак перасьледу абаронцы за ягоную прафэсійную дзейнасьць. Падчас працэсу над Васілём Старавойтавым неаднаразова рабіліся спробы распачать крымінальную справу супроць ягонай адвакаткі Веры Страмкоўскай. У выніку Страмкоўскую абвінавацілі ў паклёпе на сьледчага, які вёў справу Старавойтава, і пакаралі вялікім грашовым штрафам. Як лічаць шмат юрыстаў, вядомы адвакат Гары Паганяйла быў выключаны з адвакатуры і пазбаўлены ліцэнзіі за ўдзел у шэрагу палітычных працэсаў.

Да гэтых выпадкаў варта дадаць і нядаўнюю гісторыю, што адбылася з абаронцам арыштаванага дырэктара МТЗ Лявонава Мікалаем Шалімай. У пракуратуры палічылі, што ён парушыў адвакацкую этыку і забаранілі яму зносіны зь Лявонавым. Між тым сам Шаліма лічыць, што яго адлучылі ад справы як раз за добрае выкананьне прафэсійных абавязкаў, бо ён выкрываў нядобрасумленнасьць сьледчых. У спробе схаваць незаконныя дзеяньні абвінавачвае сьледчых і адвакат Ігар Аксёнчык.
XS
SM
MD
LG