Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДЗІН З ЗАСНАВАЛЬНІКАЎ ШТОТЫДНЁВІКА “СВОБОДНЫЕ НОВОСТИ” ПАГРАЖАЕ ПРЫПЫНІЦЬ ВЫХАД ГАЗЭТЫ І ЗВОЛЬНІЦЬ РЭДАКТАРА


Ігар Карней, Менск

Увечары 21 жніўня прадстаўнікі фірмы “Серж”, кіраўніком якой зьяўляецца Сяргей Атрошчанка, зьявіліся ў рэдакцыі газэты й пачалі выносіць абсталяваньне, якое, паводле іхных аргумэнтаў, на законных падставах належыць спадару Атрошчанку. Супрацоўнікі рэдакцыі працэсу экспрапрыяцыі не перашкаджалі, бо частка маральна састарэлай тэхнікі сапраўды была набытая ў 1994 годзе за грошы ранейшай фірмы спадара Атрошчанкі “Хімснаб”, калі замест своеасаблівага альманаху, які выходзіў два разы на месяц, было заснаванае новае грамадзка-палітычнае выданьне “Свободные новости-плюс”. Але, паводле словаў рэдактара газэты Аляксандра Ўліцёнка, ад таго часу аргтэхніка столькі разоў рамантавалася, што нічога ад першага варыянту не засталося. Сам жа спадар Уліцёнак у гэтай гісторыі бачыць рысы зьяўленьня ў Беларусі гэтак званай алігархічнай прэсы: асабліва ў кантэксьце таго, што гісторыя вакол “Свободных новостей” разгортваецца якраз напярэдадні разрэклямаванага дзяржаўнымі СМІ зьяўленьня ў продажы новага выданьня – газэты “Обозреватель”.

(Уліцёнак: ) “Ва ўсім, што адбываецца, шмат розных нюансаў: юрыдычных, палітычных, маральных. Але для мяне асаблівае значэньне мае тое, што гэта знак таго, што нарэшце ў сфэру мас-мэдыяў прыйшло тое ж, што і ў іншыя сфэры грамадзкага жыцьця. Я маю на ўвазе тую вяліку небясьпеку, зьвязаную з прыходам у СМІ алігархічнага капіталу. Тое, што адбылося з незалежным друкам у Расеі, які толькі-толькі нараджаўся – і за гэтым друкам стаў Беразоўскі, Украіны – за якім стаў Юшчанка і каманда. Усе заўважылі, што нічога добрага гэта не нясе, гэта шлях да “жаўцізны”, гэта шлях да тэндэнцыйнасьці. І калі некаму спатрэбілася сёньня запамятаваць на горкія ўрокі нашых суседзяў, ну дык што? Мабыць, тады гэта сапраўды некаму патрэбна. Але тое, што адбываецца зараз – гэта адыход ад таго разумнага разьвіцьця незалежнага, недзяржаўнага, вольнага друку ў Беларусі, якое мы бачылі дагэтуль”.

Адразу пасьля таго, як супрацоўнікі “Свободных новостей” з паведамленьняў агэнцыі “Інтэрфакс” даведаліся пра намер Сяргея Атрошчанка правесьці зьмену рэдактара выданьня, а ў пэрспэктыве спрыяць і поўнаму спыненьню выхаду газэты, заснавальнікі штотыднёвіка (а гэта Аляксандар Уліцёнак і ягоныя намесьнікі Васіль Зданюк і Аляксандар Тамковіч) накіравалі ліст міністру інфармацыі Міхалу Падгайнаму. У лісьце яны падкрэсьліваюць, што паводле закону “Аб друку” заснавальнікамі штотыднёвіка яны зьяўляюцца разам з Атрошчанкам, а таму рашэньне наконт прыпыненьня выпуску газэты, і тым больш звальненьня галоўнага рэдактара, могуць быць прынятыя на адмысловым паседжаньні ўсіх заснавальнікаў. Аднаасобна прыняць такое рашэньне Сяргей Атрошчанка ня можа. Таму ў немалой ступені далейшае разьвіцьцё падзеяў залежыць ад таго, якую пазыцыю зойме ў гэтай сытуацыі ведамства спадара Падгайнага.

Паказальна, што роўна год таму Сяргей Атрошчанка ўжо пагражаў “Свободным новостям” істотнай рэструктурызацыяй. Гэтаксама былі спробы звольніць рэдактара, але тады яшчэ спадара Атрошчанку не задавальняў і рэдакцыйны калектыў. Але ў выніку працяглых перамоваў сам Атрошчанка выказаў меркаваньне, што зь меншымі маральнымі й матэрыяльнымі стратамі лягчэй выпусьціць асобнае выданьне. Тэрміны некалькі разоў пераносіліся, і вось нарэшце абвешчана, што газэта “Обозреватель” зьявіцца ў шапіках у бліжэйшую пятніцу. Паводле некаторых крыніцаў, рэдактарам штотыднёвіка стане Аляксандар Зімоўскі.
XS
SM
MD
LG