Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З ПРЫЧЫНЫ НЕАДПАВЕДНАСЬЦІ САНІТАРНЫМ УМОВАМ БЛІЗУ ЧВЭРЦІ БАРАНАВІЦКІХ ШКОЛАЎ НЕ ГАТОВЫЯ 1 ВЕРАСЬНЯ ПРЫНЯЦЬ ВУЧНЯЎ


Алесь Горбач, Баранавічы

У некаторых школах абсталяваньне харчовых блёкаў зношанае амаль цалкам і патрабуе замены ці капітальнага рамонту. Але рабіць гэта ніхто не зьбіраецца, найперш, вядома, з прычыны адсутнасьці фінансавых сродкаў. Да прыкладу, у сярэдняй школе №5 ужо колькі гадоў прыгатаваная ежа падвозіцца з рэстарацыі, існуе рэальная пагроза ўспышкі кішэчнай інфэкцыі ў які заўгодна момант. Але на сёньня няма нават праектна-каштарысных дакумэнтаў для рэканструяваньня блёку.

Ня меншай праблемаю зьяўляюцца і прыбіральні. З 22 баранавіцкіх школаў 10 маюць патрэбу ў капітальным рамонце санітарных вузлоў. Але згодна з гарвыканкамаўскім “Комплексным плянам мерапрыемстваў па паляпшэньні санітарна-тэхнічнага стану вучэбных установаў” толькі 3 школы мусілі былі адрамантаваць свае прыбіральні да новага навучальнага году. Але й гэта пакуль ня зроблена. І хоць прычына зноў жа толькі ў тым, што гарадзкая ўправа адукацыі ня мае грошай, дырэктары школаў атрымалі штрафы.

Асаблівую трывогу ў спэцыялістаў Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі выклікае школа №12, якая мае патрэбу ў капітальным рамонце ці ня пяць гадоў. Ніхто анічога ня робіць.

Баранавіцкія гарадзкія ўлады знайшлі пакуль толькі адзіны сродак зьняцьця галаўнога болю ад падобных праблемаў. Сярэднюю школу №8, што таксама колькі гадоў патрабавала капітальнага рамонту, нягледзячы на пратэсты бацькоў і настаўнікаў, сёлета зачынілі, а будынак перадалі філіі Тэхнічнага ўнівэрсытэту. Галоўным аргумэнтам гарадзкога выканкаму было тое, што ў гарадзкім бюджэце няма грошай на капітальны рамонт 8-й школы, і няхай гэтая праблема хвалюе Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт.
XS
SM
MD
LG