Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД 1 ВЕРАСЬНЯ ЗАЧЫНЯЕЦЦА ПАЧАТКОВАЯ ШКОЛА ВЁСКІ РУСКАЕ СЯЛО ВІЛЕЙСКАГА РАЁНУ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Старшыня Нароцкага сельсавету Анатоль Бяганскі настроены аптымістычна:

(Бяганскі: ) "Я за тое, каб школы такія закрываць: куча момантаў ёсьць станоўчых".

Сярод станоўчых момантаў называецца лепшая якасьць абсталяваньня школы. Таксама няблага тое, што як і рускасельская, нароцкая школа беларускамоўная. Кажа дырэктар Міхаіл Кучко:

(Кучко: ) "Канечне беларускамоўная. Мы ж не знаходзімся ў гарадзкіх умовах, калі беларуская мова зьяўляецца замежнай, нават у Менску. Валоданьне роднай мовай – паказьнік сьвядомасьці кожнага. У нас усе настаўнікі у дастатковай ступені валодаюць беларускай мовай, урокі вядзем па-беларуску. Але ў жыцьці, на жаль, трасянка, як і ўсюды".

А вось адна зь дзьвюх настаўніц рускасельскае пачаткоўкі Марына Насякайла шкадуе пра закрыцьцё роднае школы, якая ў свой час была галоўнай у ваколіцы:

(Насякайла: ) "Шкада, канечне, бо школа зачыняецца, а што пасьля? Напэўна, пойдзе клюб, я так думаю... Дзецям далекавата прыйдзецца езьдзіць у школу. Вось пра што трэба думаць у першую чаргу – пра дзяцей".

У Рускім Сяле большасьць бацькоў абураныя закрыцьцём школкі. Кажа спадарыня Людміла:

(Спадарыня Людміла: ) "Я як шматдзетная маці – за рускасельскую школу. Я сама тут вучылася, і добра, каб дзеткі тут вучыліся. Дзіцёнак пад наглядам тут. Дзіцёнка ў другім клясе пусьціць у Нарочу! Ранкам падымаеш у сем гадзін, і ў сем гадзінаў вечара яны прыяжджаюць".

Старшыня сельсавету Анатоль Бяганскі ня бачыць праблемаў у тым, што дзецям давядзецца хадзіць у школу пешшу:

(Бяганскі: ) "Мы нават хадзілі за 7-8 кілямэтраў, і ніякіх праблемаў не было".

Але бацькі праблему бачаць. Старэйшыя дзеці вучацца ў Нарочы, і часьцяком ходзяць пешшу. Кажа спадарыня Людміла:

(Людміла: ) "Ходзяць такой дарогай цэнтральнай, дзе машыны ідуць на Смаргонь, гэта вельмі страшна".

Жанчыны баяцца ня толькі дарожных здарэньняў. Кажа спадарыня Данута:

(Данута: ) "Канечне! Ці мала хто можа на дарозе спыніць дзяўчынак і завесьці іх чорці ведае куды! І бывала такое, і невядома што было".

Дырэктар нароцкай школы Міхаіл Кучко, мяркуе, што ўсё будзе ў парадку:

(Кучко: ) "Я ня бачу вялікіх праблемаў, падвоз арганізаваны, таму ніякіх пытаньняў з боку бацькоў і дзяцей ня будзе".

Але ў Рускім Сяле мала вераць у абацаньні начальства. Спадарыня Людміла:

(Людміла: ) "Яшчэ невядома на чым будуць вазіць. Паабяцаць яны могуць мора, але каб выконваць – не выконваецца".

Ля ладнага будынку рускасельскае школкі на ровары катаўся хлопчык, які ад першага верасьня мусіць езьдзіць у Нарочу. Ён хоча застацца вучыцца ў роднае вёсцы:

(Карэспандэнт: ) “Дзе ты больш хочаш вучыцца, тут ці ў Нарочы?”

(Хлопчык: ) "Тут. Тут добрыя настаўнікі, адзнакі добрыя. Тут бліжэй, а туды трэба рана ўставаць".

Адзінае, за што цяпер могуць змагацца бацькі з Рускага Сяла – за асобны школьны аўтобус, які бачылі адно ў галівудзкіх фільмах.
XS
SM
MD
LG