Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ТУРЫСТЫ НЕЗАДАВОЛЕНЫЯ НОВЫМІ ПРАВІЛАМІ ЎВОЗУ ХАРЧОЎ У БЕЛАРУСЬ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Беларускія турысты яшчэ летась скардзіліся, што з украінскага адпачынку нельга прывезьці дадому колькі хочацца сьпіртовых напояў. Украінскіх мытнікаў ахвотнікі крымскіх вінаў не хвалявалі, затое іх пільнавалі беларускія мытнікі. Абмежаваньне – тры літры, і некаторыя турыстычныя аўтобусы мелі з-за гэтага вялікія праблемы: затрыманьні на мяжы й грашовыя спагнаньні.

Але яшчэ летась дадому можна было без абмежаваньняў везьці любыя харчы. Прыдарожныя кірмашы й сяляне на чыгуначных пэронах былі ды яшчэ й гэтым сэзонам засталіся неад’емнай часткаю падарожжа.

Ну хто ж адмовіцца максімум за адзін-паўтара амэрыканскіх даляры набыць вядро бакляжанаў ці таматаў, трохі даражэй – мех цыбулі ці перцу. І ня столькі дзеля продажу ды камэрцыі, а для ўласных нарыхтовак на зіму.

20 жніўня ў цягніках, якія перасякалі беларуска-ўкраінскую мяжу, мытнікі папярэджвалі пасажыраў і, галоўным чынам, супрацоўнікаў паўднёвых цягнікоў пра новыя абмежаваньні, якія датычылі ўвозу харчовых прадуктаў. Гэта выклікала абурэньне людзей.

Народ гучна зьдзіўляўся і не разумеў, чым тлумачыцца гэткае рашэньне ўладаў. Асабліва злаваліся праваднікі, для якіх перавозка ўкраінскіх харчоў ды алькаголю зьяўляецца дадатковай магчымасьцю зарабіць. Прычым гэта датычыць ня толькі садавіны ды гародніны, але й іншых харчоў – у прыватнасьці, сыроў ды рыбы.

Да гэтага часу ўкраінскіх мытнікаў вандроўнікі маглі зусім і ня бачыць, а іх беларускія калегі звычайна ня вельмі ўважліва кантралявалі суайчыньнікаў. Абмяжоўваліся, як яны казалі, вонкавым аглядам. Галоўнае было, каб скрыні, кайстры й кулі не кідаліся ў вочы. Што будзе пасьля ўвядзеньня новага абмежаваньня – прагназаваць цяжка.
XS
SM
MD
LG