Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕСЦА АДБЫЦЬЦЯ ПАКАРАНЬНЯ ДЛЯ МІКОЛЫ МАРКЕВІЧА І ПАЎЛА МАЖЭЙКІ БУДЗЕ ВЫЗНАЧАНАЕ ДА 29 ЖНІЎНЯ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Месца адбыцьця пакараньня для Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі вызначаць самае позьняе 29 жніўня. Даўней гэта рабілі ў Горадні, цяпер усё вырашаюць у сталіцы, ва ўпраўленьні выкананьня пакараньняў пры міністэрстве ўнутраных справаў.

Кіраўнік Гарадзенскай рэгіянальнай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандар Антанюк вывучае дзейнасьць спэцкамэндатураў. Ён гаворыць, што Маркевіч і Мажэйка могуць трапіць нават і ў гарадзенскую спэцкамэндатуру. Раней пакараныя працавалі ва ўпраўленьні “Гроднапрамбуд”. Цяпер там працы няма, таму можна знайсьці яе самому – гэта нават заахвочваецца. Інакш на вёсцы. Гаворыць Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “Што датычыць сельскіх спэцкамэндатураў, дык там гэтае пытаньне выглядае праблематычна, бо асобы, засуджаныя да абмежаваньня свабоды, працуюць у калгасе, на нізкааплатнай рабоце: даглядчыкамі жывёлы, або прыбіраюць камяні з палеткаў”.

На падобныя заробкі немагчыма існаваць. Ня кажучы ўжо пра тое, каб забясьпечваць сям’ю, непаўнагадовых дзяцей, як у выпадку зь Міколам Маркевічам. Гаворыць Аляксандар Антанюк:

(Антанюк: ) “Чалавек абавязаны ў спэцкамэндатуры забясьпечваць сябе сам ежай, адзеньнем. І прымацаваны да пэўнага адміністрацыйнага ўчастку. Калі ён пакіне гэты ўчастак і гэта будзе даказана – гэта парушэньне. Тры парушэньні на працягу году — і чалавек накіроўваецца ў судовым парадку ў месцы пазбаўленьня волі”.

Фактычна засуджаныя да абмежаваньня свабоды — прыгонныя сяляне, –лічыць Аляксандар Антанюк. Асабліва тыя, хто адбывае пакараньне менавіта ў сельскіх раёнах.

(Антанюк: ) “Каб знайсьці сабе харчаваньне (часам у калгасе няма працы або затрымліваецца заробак), яны вымушаныя чысьціць хлеў, хадзіць па дварах — калоць дровы. Толькі каб атрымаць якую-колечы ежу. Гэта вельмі прыніжальна для чалавека”.

Аляксандар Антанюк сам чуў, як старшыня калгаса крычаў на такога чалавека — што злодзей павінен сядзець у турме. Хаця вядома, што караюць пазбаўленьнем свабоды за нязначныя ўчынкі і злачынствы.

Старшыні калгасаў зацікаўленыя ў паднявольнай працоўнай сіле, бо пазбаўлены свабоды чалавек стараецца дбайна працаваць, не п’янстваваць. Не раўнуючы са звычайнымі калгасьнікамі.

Сёньня Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка рыхтуюць разам з адвакатамі скаргі на рашэньне абласнога суду. Суд скараціў ім тэрміны пакараньня, не скасаваўшы іх цалкам. Журналісты маюць магчымасьць хадайнічаць, каб іх накіравалі ў спэцкамэндатуру ў Горадні, па месцы жыхарства. Але Павал ужо адзназначна вырашыў гэтага не рабіць.

Інстытут абмежаваньня свабоды скасаваны паўсюль, апроч Беларусі. На Гарадзеншчыне ў сярэдзіне 1990-х гадоў колькасьць сельскіх спэцкамэндатураў была нават павялічаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG