Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Чакаецца, што кiнарынак Старога Сьвету працягне дэманстраваць вельмi пераканаўчыя паказчыкi цягам наступных чатырох гадоў, i ў 2006 годзе яго абарот дасягне 7,4 мiльярда эўра. Такi прагноз падае спэцыялiзаваны вэб-сайт Screen International. Болей за тры чвэрцi сродкаў, выдадзеных эўрапейцамi за квiткi ў кiно, атрыманыя ўсяго ў пяцi краiнах – Вялiкай Брытанii, Францыi, Нямеччыны, Італii i Гiшпанii. Самымi камэрцыйна пасьпяховымi фiльмамi ў Эўропе, як i ва ўсiм сьвеце, сталi летась галiвудзкiя “Гары Потэр i фiлязофскi камень” i “Ўладар кольцаў”.

АРГЕНТЫНА. Аргентынскiя сьпевакi танга могуць зьнiкнуць з-за крызысу ў краiне разам з аркестрамi, якiя спэцыялiзуюцца на выкананьнi знакамiтага рытму, што нарадзiўся на берагах Ла Платы. Такую думку выказаў на тэлебачаньнi сьпявак i кiнаактор Хуан Карлас Ламас. Ён паскардзiўся, што ягоныя калегi “гандлююць на вулiцах гальштукамi, стукаюцца ва ўсе дзьверы, паколькi зьнiкла шмат працоўных месцаў, а ў радыёстанцыяў i тэлебачаньня няма грошай”. Тыя ж, хто з посьпехам выступаюць за мяжой, вяртаючыся на радзiму, ня могуць знайсьцi працы.

ЛІТВА. Учора ў Вiльнi адбыўся традыцыйны “Дзень агню”, прысьвечаны восеньскаму раўнадзенству. Паводле старажытнай традыцыi, у гэты дзень паляць сплеценага з саломы казла. Сёлета “вогненыя скульптуры” стваралi самыя вядомыя скульптары краiны. Яны зрабiлi самага вялiкага салямянага казла вышынёй 15 мэтраў. Саламяныя скульптуры былi запаленыя ў далiне ля ракi Нерыс, якая працякае праз сталiцу краiны. Паводле арганiзатараў сьвята, вiленскiя скульптуры мелi быць самымi вялiкiмi ў Эўропе.

ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ. Рэжысэр Рэнi Рыфэншталь, якая атрымала сумнеўную славу сваiмi фiльмамi пра Гiтлера, выпусьцiла на экраны сваю новую стужку – першую за паўстагодзьдзе. Фiльм пачынае дэманстравацца за тыдзень да 100-гадовага юбiлею Рыфэншталь, якая жыве ў ЗША. Ён ня мае нiякага дачыненьня да палiтыкi. Ён прысьвечаны мору – на экране плаваюць экзатычныя рыбы неверагодна прыгожай расфарбоўкi. Побач зь iмi плавае сама Рыфэншталь. Яна занялася падводным плаваньнем, калi ёй ужо было болей за семдзесят гадоў. Новая карцiна “Уражаньнi пад вадой” – гэта мантаж кадраў, зьнятых у Індыйскiм акiяне цягам апошнiх 30 гадоў.

НЯМЕЧЧЫНА. Кнiгi, надрукаваныя на рулонах туалетнай паперы, у хуткiм часе зьявяцца ў Нямеччыне. На думку аўтара гэтай нечаканай iдэi, прыбiральня ўяўляе сабой “iдэальнае месца для чытаньня”. Пра тое, што гэта ня жарт, сьведчыць той факт, што прэзэнтацыя навiнкi адбудзецца 21 кастрычнiка сёлета на такiм аўтарытэтным кнiжным кiрмашы, як Франкфурцкi. Такiя кнiгi атрымаюць i свой выдавецкi рэгiстрацыйны нумар.
XS
SM
MD
LG