Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"КРЫВАВАЕ СЬВЯТА": НЯМІГА, ЕРУСАЛІМ, АЛЬПЫ, ЛЬВОЎ, ВІЛЬНЯ... НЕВЫТЛУМАЧАЛЬНЫЯ КАТАСТРОФЫ


Сяргей Дубавец, Вільня

Мінула ўжо тры гады пасьля трагедыі на Нямізе, калі ў цісканіне пераходу мэтро загінула паўсотні чалавек, а тая падзея ўсё нагадвае пра сябе – судовымі працэсамі, мэмарыяльным знакам, сьвежасьцю пачуцьцяў... Мінула ўсяго тры гады ад таго апошняга дня вясны, і кожны наступны быў пазначаны нібы паўтарэньнем, як назваў яго Алесь Памідораў, "крывавага сьвята". Пад нагамі шматлюднага вясельля ў Ерусаліме абрушваецца падлога. Яшчэ праз год у горным тунэлі ў Альпах трапляе ў пастку цэлы фунікулёр народу. Нарэшце, сёлета ў Львове на авіяцыйным сьвяце аграмадны ваенны самалёт падае ў самы натоўп гледачоў. Наша Няміга, быццам пушчаны па вадзе каменьчык, ляціць і ляціць, зачапляючы паверхню людзтва то там, то там...

Усе гэтыя падзеі аб'ядноўвае тое, што ім няма адэкватнага вытлумачэньня. Натуральна, адбываюцца суды, знаходзяцца вінаватыя, у паперах усё сяк-так згарушчвацца пад закрыцьцё справы, але нібы сонечны блік ці выпадковая кропля дажджу ці яшчэ нешта такое самае амаль ненамацвальнае ды ілюзорнае застаецца ў пратаколах і дражніць сваёй абсурднай неадпаведнасьцю. Як з той Нямігай, якую як ні тлумач, усё адно застанецца прычынаю летні дождж.

Пір у часе чумы – добра вядомая сусьветнай культуры тэма. Яе процілегласьць – чума ў часе піру, тое, пра што мы й гаворым сёньня, – часьцей адбываецца не ў мастацтве, а ў жыцьці, якое на хвіліну абірае сабе жанр містычнага трылеру і заварожвае сваім абсурдам ды жорсткасьцю.

Знаходзяцца тлумачэньні і войнам, і прыродным катаклізмам, і генацыду. Нават бязглуздым бойкам футбольных заўзятараў можна адшукаць рэзюмэ. Такія тлумачэньні лічацца адэкватнымі. А тут, у гэтым кантрасьце сьвята і жахлівае сьмерці любыя тлумачэньні выглядаюць неадпаведнымі. Гэта значыць, не заміраюць нас з тым, што здарылася, і з самімі сабою, не супакойваюць або не надзяляюць новым жыцьцёвым досьведам. Ну што там... летні дожджык ці тое, што падлога абвалілася ці пантон ня вытрываў... Гэта ўжо літаратура – жыцьцё паралельнае ўмяшалася ў жыцьцё звыклае.

Нездарма вакол такіх катаклізмаў заўсёды шмат чутак і веры ў ненатуральныя сілы. Я пакуль прыпыню свой расповед пра катастрофы, каб наведаць выставу клясыкі сусьветнага катастрафізму. Тут слова мастацтвазнаўцу Сяргею Харэўскаму:

(Харэўскі: ) "Катастрофа ў мастацтве пачынаецца з часоў элінізму, 2-1 стагодзьдзя да нашае эры, ва ўсходніх правінцыях Рымскае імпэрыі. Бітвы Зэўса з гігантамі, лапіфаў з кентаўрамі і, нарэшце, пагібель Фаэтона – звычайныя тагачасныя матывы. Масы зьнявечаных болем, паміраючых целаў, ліхаманкавае, імпэтнае, адчайнае змаганьне за жыцьцё. Сярод тагачасных скульптурных твораў былі й шэдэўры, як славуты Пэргамскі алтар, але было й безьліч малавядомых, пасрэдных рэчаў, дзе само адчуваньне безвыходнасьці сьмерці, наканаванай сьляпым няўмольным лёсам – непазьбежнае.

Другім разам да сюжэтаў катастрофаў, у выніку якіх гінуць масы людзей, зьвярнуліся ў часы высокага адраджэньня. Спачатку ў скульптуры – "Бітва кентаўраў", а затым у жывапісе – у "Страшным судзе" вобраз масавае сьмерці й пакутаў магутна ўвасобіў Мікелянджэла. Хоць у той самы час, на мяжы 15-га й 16-га стагодзьдзяў ён быў далёка не адзіны. Гэткія ж сюжэты абіраў і ягоны настаўнік Гірляндаё й ягоны вэнэцыянскі пасьлядоўнік Сансавіна, а таксама сам Рафаэль, які напісаў для Ватыкана палатно "Пажар у Борга".

Пасьля гэтага катастрафічныя сюжэты паўстаюць з даволі дакладнай цыклічнасьцю, усё часьцей як прадвесьце сацыяльных катаклізмаў. Несупынна, напрыклад, да розных міталягічных і гістарычных вобразаў масавых забойстваў людзей, ці людзкападобных істотаў зьвярталіся ў часы барока.

Наноў да катастрафічных сюжэтаў у Эўропе вярнуліся ў часы гэтак званага рамантызму: у Гішпаніі – Гоя, у Францыі – Дэлякруа й Жэрыко, у Расеі – Брулоў і Бруні. Аднак свае задачы гэтыя мастакі разумелі зусім па-рознаму. Для Гоі гэта былі мэтафары ўласнага бачаньня сьвету, а, напрыклад, у Жэрыко – "Плыт "Мядузы" – цалкам рэальны расповед пра гібель карабля. Недасьведчаны капітан, які ачоліў каманду, дзякуючы пратэкцыі, пакінуў вадаплаў падчас крушэньня ля берагоў Афрыкі. Невялікая частка каманды ацалела, прайшоўшы праз усе жахі акіянскаяе стыхіі й канібалізму. Гісторыя нарабіла вэрхалу ў палітычных колах Парыжу. Палатно Тэадора Жэрыко стала магутным дакумэнтам, што вазілі з раёну ў раён па Эўропе.

Дарэчы, гэты сюжэт больш чым праз трыццаць гадоў паўтораны Іванам Айвазоўскім пад назовам "Дзявяты вал", стаў адным з самых улюбёных у Расеі. Іншы лёс напаткаў творы клясыка расейскага катастрафічнага рамантызму Карла Брулова. Брулоў узяў сабе за матыў вывяржэньне вулькану Вэзувія й зьнішчэньня ў выніку гораду Пампэя. Гэтак яго прасіў сам імпэратар Мікалай І. Сутнасьць задачы палягала ў зьнішчэньні папярэдняга, паганскага сьвету і ў нараджэньні новага... Веданьне геаграфіі й антычнае спадчыны добра паспрыяла Брулову. Але нічога лепшага мастак ужо не стварыў.

На пачатку 40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя выявы масавае сьмерці людзей сышлі з кола тэмаў эўрапейскага мастацтва. Ані "масавыя" сьмерці хрысьціянаў польскага мастака Генрыка Семірадзкага, ані недакончаныя "жудзікі" казацкіх войнаў Яна Матэйкі нічога новага не прынесьлі. Нешта яшчэ было намячалася ў "каўкаскіх" палотнах беларускага мастака Януарыя Сухадольскага ці ў "азіяцкіх" расейца Васілія Верашчагіна, у спробе падагуліць жахі вайны. Але гэта ўжо іншы, батальны жанар. На вайне як на вайне".

(Дубавец: ) “Тое, што Гоя і Жэрыко малявалі катастрофы першы як свой унутраны сьвет, другі – як рэальнае здарэньне для нашай сёньняшняй тэмы мае самыя непасрэдныя адносіны. Бо містычны вэлюм вакол кожнага "крывавага сьвята" іншы раз схіляе да думкі, што якраз жыцьцё твае ўласнае душы спрычыняецца да таго здарэньня. Прынамсі, душы прасьцей, чым розуму дашукацца прымірэнчага адказу на пытаньне – чаму ж тое адбылося.

Тая трагедыя ў Ерусаліме не была зьвязаная з тэрарызмам або араба-ізраільскім канфліктам. У вясельлі ў палацы "Вэрсаль" бралі ўдзел больш за 600 чалавек. Калі ўвесь гэты натоўп устаў з-за сталоў, каб танцаваць, пад ім імгненна і бясшумна абвалілася падлога. На відэастужцы бачна, як усё адбываецца менш чым за сэкунду. Усё раптам памкнула ўніз – сталы з пачастункам, крэслы, людзі. Пасьля кадар перакрываецца клубам пылу і толькі пасьля гэтага чуеш страшэнны грукат і галас.

Журналісты ахрысьцілі тое, што адбылося, "крывавым вясельлем". Людзі сьвяткавалі на трэцім паверсе чатырохпавярховага будынку. Абрынутае вясельле прабіла перакрыцьці астатніх паверхаў і з 18-мэтровае вышыні ўвалілася ў падземны гараж. Напрыканцы гэта было ўжо суцэльнае месіва зь людзей, бэтонных плітаў і мэталёвых канструкцыяў. Здарэньне ацэненае як самая вялікая за ўсю гісторыю Ізраілю цывільная катастрофа.

Быў, натуральна, суд. Доўгае разьбіральніцтва. Кагосьці пакаралі. Але тэма не закрытая і, мабыць, ня будзе закрытая ніколі. Здарэньне адбылося за сэкунды, а час высьвятленьня прычынаў, як заўсёды ў такіх невытлумачальных выпадках, гатовы расьцягнуцца ў вечнасьць.

Гэтаксама за некалькі хвілін, амаль імгненна, згарэлі ўсе пасажыры фунікулёра ў аўстрыйскіх Альпах. Невытлумачальны парадокс гэтай гісторыі ў тым, што тунэль быў абсталяваны самай сучаснай тэхнікай, што цягнік быў вагнястойкі, але пры гэтым у ахвяраў не было аніякіх шанцаў на выратаваньне.

Трагедыя адбылася на курорце Капрун. Тут мора турыстаў і галоўная небясьпека – сыход сьнежных лавінаў. Таго, што адбылося, ніхто ня мог і дапусьціць. Сьведкі кажуць, што фунікулёр увайшоў у чатырохкілямэтровы танэль, калі ў першых вагонах ужо зьявіліся языкі полымя. Некалькі чалавек у апошніх вагонах пасьпелі разьбіць вакно і выскачыць вонкі. Тым часам цягнік прайшоў па тунэлі яшчэ 600 мэтраў, і тут пачалося вогненнае пекла.

Тунэль уяўляе сабою трубу, што ўздымаецца па горнай строме. Якая ж была цяга ў гэтым вялізным коміне! Цягнік згарэў за некалькі хвілін. Да таго ж строі гарналыжнікаў бароняць ад холаду, але не ад агню. Яны, наадварот, згараюць імгненна. Таму разрозьніць парэшткі 155 чалавек у тым, што засталося ад цягніка, экспэртам было няпроста. Падобна Ерусалімскай Капрунскую катастрофу назвалі самай страшнай у Аўстрыі за ўвесь пасьляваенны час.

І тут быў суд. І тут знайшлі вінаватых. Не знайшлі толькі дастатковага адказу на пытаньне – чаму ўсё гэта адбылося. Як і ў ранейшых і ў наступных выпадках, пытаньне пра прычыны тут ператварылася ў рытарычнае.

Магчыма, сам чалавечы розум упіраецца тут у межы пазнаньня? Крымінальны кодэкс не апэруе ірацыянальнымі або містычнымі сьведчаньнямі. Напрыклад, суд ніколі ня возьме пад увагу, што менская трагедыя адбылася на Тройцу і на вачох сьвятога абраза, павешанага на фасад катэдральнага сабору, або што ў тым месцы была гістарычная бітва на Нямізе. Гэтаксама як ерусалімскі суд ня стане разглядаць парадокс сытуацыі – вясельле было нагэтулькі вясёлае, што, калі крайнасьці сапраўды змыкаюцца, сьмерць была нагэтулькі ж страшная. І аўстрыйскі суд ня зьверне ўвагі на парадокс халоднага сьвята і гарачае сьмерці. Рэч у тым, што крымінальны кодэкс (як і права ў цэлым) мала зьмяніўся па сутнасьці за ўсю гісторыю чалавецтва. Тымчасам магчымасьці чалавечага ratio вычарпаныя і жыцьцё настойліва падказвае, што альбо трэба браць пад увагу таксама ірацыянальныя матывы, альбо зьмірыцца са сваёй біялягічнай недасканаласьцю і трываць "крывавыя сьвяты".

Яшчэ адна выснова са згаданае чарады здарэньняў – самая простая. Сьмерць у часе сьвята недарэчная і раптоўная, бо якраз на сьвята чалавек найбольш не гатовы да ўратаваньня. Цікава, што, да прыкладу, расейскае слова перадае такі стан больш дакладна. Наша "сьвята" – ад сьвятога, што якраз патрабуе пэўнай унутранай засяроджанасьці, а расейскі "праздник" – ад "праздности", незанятасьці, расслабленасьці, парожнасьці.

Сьвяточныя людзі – яны расслабленыя, яны распусьцілі сваю асьцярогу ва ўражаньнях ад канцэрту ці ў прадчуваньні галавакружнага спуску на лыжах з гары. Іх можна браць голымі рукамі. Яны як дзеці...

Дзеці былі ці не галоўнымі ўдзельнікамі авіяцыйнага сьвята на львоўскім авіяшоў. Дзеці паказвалі дарослым канцэрт.

Там, на аэрадроме "Склініў" сабралася 10 тысячаў гледачоў. 70 зь іх – апошні раз. І сярод ахвяраў шмат дзяцей. Вось хто прыйшоў сюды назіраць беспадобнае шоў, калі забываесься сам на сябе пры выглядзе магутных вайсковых летакоў, падобных да ракетаў, калі перамыкае дыханьне ад паветраных віражоў. Мабыць захапленьне тое, калі вялізны лятак зусім блізка чапануў крылом дрэвы, толькі нарастала. А калі ён яшчэ й даўся аб зямлю, перавярнуўся і ляціць у твой бок хвастом наперад... Тут мусіць быць момант, калі прыгажосьць павінна ператварыцца ў даўкае такое адчуваньне таго, што нешта ня так. Мабыць пасьля таго, як лётчыкі катапультаваліся, прыгажун-лятак і стаў выглядаць бясконца недарэчна, сьмяротна непрыгожа. Гэта можна было толькі хуценька, імгненна адчуць, але ніяк не ўсьвядоміць, бо ў наступны момант для назіральнікаў усё скончылася, быццам нехта выключыў сьвятло. Лятак урэзаўся ў самую гушчэчу сьвяточнага натоўпу і неверагодны выбух страсянуў паветра.

І тут выказваюць дзясяткі тлумачэньняў, але ніводнае не ўспрымаецца як адэкватнае.

Крывавае сьвята не залежыць ад палітычнага рэжыму, які пануе ў краіне. Перавернутая формула піру ў часе чумы – чума ў часе піру – тут па-над уладай.

У самай сярэдзіне сямідзясятых падобная гісторыя адбылася ў Вільні. Да нядаўняга часу яна была засакрэчаная, хоць няпроста засакрэціць гібель сотні цывільных людзей.

Гэта быў люты. Тады яшчэ паміж Палацам спорту і вядомай менскім дасьледчыкам акадэмічнай бібліятэкай быў пантонны мост. І вось увечары цэлы палац народу выйшаў з канцэрту на гэты мост. І ў нейкі момант мост парваўся. Сотні людзей апынуліся сярод крыгаў у чорнай начной вадзе. Тагачасная савецкая літоўская ўлада зрабіла ўсё, каб наладзіць адлоў тапельцаў ніжэй па Вяльлі і каб трагедыя ня трапіла на "варожыя галасы". Дагэтуль працінаюць роспачныя ўспаміны ўдзельнікаў і сваякоў ахвяраў той катастрофы. Былі сярод загінулых і бацькі, і дзеці, і хлопец зь дзеўкай, што пайшлі на гэты канцэрт перад самым сваім вясельлем.

Аднак трагедыю забылі. Адзін знаёмы гісторык патлумачыў гэта тым, што ёсьць рэчы, пра якія лепей забыць, ня ведаць. Прыблізна гэтак як у вёсцы малым дзецям не паказваюць дзяльбу кабанчыка. Маўляў, недасканалы сьвет. Рацыя, але гэта ўсьвядомлены намі недасканалы сьвет нас самых, а не сустрэчы з стыхіяй. Яшчэ кажуць, не хадзі туды, дзе будзе натоўп. Але дзе ж ты ўберажэсься, калі такі шэраг засьцярогаў можна працягваць бясконца, як усё жыцьцё – не хадзі на вясельле, не гуляй па людных вуліцах, не катайся на лыжах...

На маю думку, мы якраз мусім супастаўляць прыкметы такіх здарэньняў, шукаць агульнае, каб, нягледзячы ні на што, ісьці да адэкватнага вытлумачэньня. А агульнага шмат, прычым кола супадзеньня досыць вузкае. Ужо згаданых сёньня пяці выпадкаў дастаткова, каб пералічваць чыньнікі. Усе здарэньні адбыліся ў атмасфэры сьвята, вясельля і весялосьці. Чума ў часе піру. І кожнага разу чым большы быў пір, тым страшнейшая чума. І ў Менску, і ў Вільні фігуруе мост (толькі ў першым выпадку пагубіла тое, што кінуліся пад мост, а ў другім – на мост). Памост быў і ў Ерусаліме – той, што абваліўся. І альпійскі выпадак зьвязаны мэтафарычна з мастом. Бо тунэль – гэта і ёсьць мост, толькі вывернуты на знаніцу. У менскім і віленскім выпадку фігуруюць Палацы спорту – адбывалася недалёка ад іх, са спортам так ці інакш зьвязаныя і альпійскі, і львоўскі выпадкі. А яшчэ паўсюль была музыка, канцэрт. І ў Вільні, і ў Менску, і ў Ерусаліме, і ў Склініве.

Зрэшты, самымі галоўнымі прыкметамі бяды аказаліся ў мяне самыя галоўныя зьнешнія прыкметы чалавечае радасьці і шчасьця. Музыка, спорт, сьвята. Быццам спроба стварыць сабе адчуваньне раю на зямлі кожнага разу прыводзіла да паўставаньня зямнога пекла.

Ёсьць і яшчэ адно падабенства – зусім матэматычнае. Паўсюль загінула падобная колькасьць людзей.

З гісторыі Беларусі ўдалося прыгадаць толькі адзін падобны выпадак. Гэта карнавальная ноч 3 студзеня 1946 году, калі ў Менску ў будынку на пляцы Волі загінула мноства моладзі. Натуральна, бывалі ў нас і не такія катастрофы – да прыкладу, на радыёзаводзе або сутыкненьне цягнікоў каля Заслаўя. Але я не пра тое. Там колькасьць палеглых на парадак большая і – галоўнае – там не было сьвята, як у часе трагедыі на Нямізе або ў карнавальную ноч 46-га. Як заўважыў дасьледнік пасьляваеннай трагедыі Зьміцер Падбярэскі, вокны таго будынка дагэтуль глядзяць на пераход станцыі мэтро "Няміга". Такім чынам, "крывавае сьвята" ў беларускай гісторыі ёсьць з чым параўноўваць.

А для таго, каб параўноўваць, трэба памятаць. І вось тут кідаецца ў вочы, што розныя народы ставяцца да такой памяці па-рознаму. Скажам, у Літве трагедыя на Вяльлі афіцыйна забытая і выключаная з храналёгіі, у тым ліку з храналёгіі катастроф і здарэньняў. Няма ані знаку і па менскім крывавым карнавале. На Нямізе, дзе ёсьць памятны знак, прапануюць збудаваць царкву. Каб асьвяціць месца, у якім зрабіў сваю чорную справу нячысьцік. На маю думку, найлепшая памяць пра такія здарэньні – гэта думаньне пра іх і няспынны пошук іхных прычынаў. Можа быць, такія невытлумачальныя катаклізмы і даюцца людзям, каб яны ўрэшце дамагаліся іх вытлумачэньня і пашыралі непарушныя межы пазнаньня.
XS
SM
MD
LG