Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭПАРТАЖ З РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКАЙ МЯЖЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Юрыдычна мытнай мяжы зь Беларусьсю ў Расеі як бы няма. Але варта праехаць па шашы з кілямэтар ад указальніка “Расея” ў бок Бранску, як натыкаешся на шэраг характэрных збудаваньняў з надпісам “Навазыбкаўскі мытны пост”. Шараговыя мытнікі і сяржант расейскай міліцыі заяўляюць, што яны супраць таго, каб Беларусь уваходзіла ў склад Расеі – яны адразу страцяць працу. Але сказаць гэта ў мікрафон катэгарычна адмаўляюцца.

Старэйшы мытнік зьмены Мікалай Веляжаў наагул пагражаў мне адміністрацыйнымі санкцыямі:

(Веляжаў: ) “Пройдзем, я складу пратакол адміністрацыйнага затрыманьня і выклічу нарад”.

(Карэспандэнт: ) “Я згодны”.

(Веляжаў: ) “Выйдзіце, калі ласка, з зоны мытнага кантролю”.

Такі вось дыялёг са старэйшым расейскім мытнікам. А нам кажуць, што няма мытнай мяжы ў Беларусі і Расеі.

Між тым, тут, на пасту, беларускія грузавікі правяраюць на ўвоз ліцэнзійных тавараў, небясьпечных грузаў. І ня толькі беларускія.

Расейскія грамадзяне з Калінінграду Ўладзімер Котаў і Юры Захлебін, што ехалі зь сем’ямі на аўтамашынах у глыб Расеі, паскардзіліся: на мытным пасту яны пакутуюць ужо трое сутак.

(Захлебін: ) “Нас затрымалі і цяпер спрабуюць выкруціць рукі – канфіскаваць аўтамашыны альбо каб мы заплацілі за іх падвойны кошт. За тое, што мы спрабавалі на сваю расейскую тэрыторыю з Калінінграду праехаць без часовага дазволу на ўвоз. Выпусьцілі нас калінінградзкая і беларуская мытні. Ніхто не нагадаў нам пра дазвол. Уражаньне такое, што тут склалася мафіёзная група, якая хоча канфіскоўваць аўтамабілі”.

Спытаў у суразмоўцы, як ён ставіцца да прапановы Пуціна беларускаму кіраўніку ўвайсці ў склад Расейскай Фэдэрацыі?

(Захлебін: ) “Я думаю, у гэтым няма сэнсу. Вы ж бачыце, у Расеі пакуль парадак не наведзены. Чыноўніцкае бязьмежжа лютуе ва ўсю”.

Сярод іншых расейцаў былі і такія меркаваньні пра Беларусь.

(Алег Чорны: ) “Пуцін хацеў, каб яна была суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі і каб губэрнатарам быў Лукашэнка. Я зь ім поўнасьцю згодны”.

Сустрэў на мытным пасту і беларускага кіроўцу Аляксандра Макарцова. Ён шмат паезьдзіў у Расеі і катэгарычна не прымае прапанову расейскага прэзыдэнта:

(Макарцоў: ) “Усё жыцьцё Расея хадзіла ў лапцях, і мы будзем хадзіць у лапцях. Я так мяркую. Там вэрхал і беспарадак усюды, у любых адносінах”.
XS
SM
MD
LG