Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКРЫЦЬЦЁ ВЯСКОВЫХ ШКОЛАЎ ВЫКЛІКАЕ АБУРЭНЬНЕ БАЦЬКОЎ ВУЧНЯЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Колькі дзясяткаў рабочых саўгасу “Бялевічы” першымі на Магілёўшчыне адправілі адкрыты ліст у Міністэрства адукацыі і абласную ўправу культуры. Бацькі выказваюць абурэньне тым, што іхных дзяцей, навучэнцаў дзясятае і адзіннацатае клясаў, прымушаюць езьдзіць у Семукацкую сярэднюю школу, да якой трэба дабірацца блізу дзесяці кілямэтраў.

Як стала вядома з кампэтэнтных крыніцаў, першапачаткова плянавалі расфармаваць усю школу, але потым улады пагадзіліся толькі на 9-ю і 11-ю клясы, бо ў кожнай зь іх вучыцца менш за дзесяць школьнікаў. Аднак бацькі супраць гэткае вучобы.

Распавядае адна з аўтарак адкрытага ліста Тамара Кавалёва:

(Кавалёва: ) “Школа знаходзіцца вельмі далёка. І нават калі за імі будзе езьдзіць аўтобус, ім жа прыйдзецца падымацца а шостай раніцы. Якое ж можа быць сьнеданьне ў гэты час, а шостай раніцы? Яны паедуць, ня сьнедаўшы, і будуць галоднымі да абеду. Гэта значыць, што толькі так набудуць гастрыт. А якая там вучоба, калі яны прыедуць цёмна а шостай увечары? Ім жа хочацца і бацькам дапамагчы. А калі тады вучыць урокі?”

Я паспрабаваў высьветліць і меркаваньне мясцовых настаўнікаў. І хоць амаль усе выказаліся супраць гэткае навацыі, аднак папрасілі не называць іхныя прозьвішчы. “Наш калектыў супраць, але што мы можам зрабіць?.. Будзем пратэставаць – звольняць з працы”, – заявіла адна зь іх. “Я не разумею, якімі матывамі карысталіся ўлады, аднак нічога ім казаць ня будзем”, – падзялілася сваім уражаньнем яшчэ адна настаўніца.

Начальніца аддзелу абласное ўправы адукацыі Людміла Шнітко ў размове са мной заявіла, што такія захады дапамогуць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу навучальных установаў і палепшыць якасьць ведаў. Яна назвала такія захады “рэарганізацыяй”. Аднак бацькі ўпарта называюць іх закрыцьцём школаў. У абласную ўправу адукацыі пасьля рабочых саўгаса Бялевічы паступіла больш як дзесяць лістоў пратэсту. Бацькі кажуць, што гэтак званая рэарганізацыя будзе праходзіць за кошт іхных кашалькоў.

Распавядае Тамара Кавалёва:

(Кавалёва: ) “Наконт грошай нам ніхто нічога не казаў. А старшыня сельсавету казала, што будуць выдзяляць аўтобус. А наконт грошай нічога ня ведаю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG