Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ РАСЕЙСКАЙ АМБАСАДЫ Ў МЕНСКУ “ЗУБРЫ” ЗЛАДЗІЛІ ПІКЕТ


Алесь Мікалайчанка, Менск

(Скандаваньне: ) “Незалежнасьць! Незалежнасьць! Незалежнасьць!”

Скандуючы гэты лёзунг, барысаўскія актывісты руху “Зубр” Аляксандар Голуб, Сяргей Пезкін ды Ігар Закрэўскі рушылі са сквэру ля Опэрнага тэатру у бок амбасады Расеі па вуліцы Багдановіча. Ля будынка амбасады яны прымацавалі на грудзі плякаты з заклікамі да расейскага кіраўніцтва не аказваць падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і спыніць замахі на беларускую незалежнасьць.

Пікетоўцы таксама падпісалі зварот да грамадзянаў Расеі і расейскага кіраўніцтва і спрабавалі ўручыць заяву кіраўніцтву амбасады Расеі, аднак яе супрацоўнікі адмовіліся прыняць гэты дакумэнт.

Тым часам, пікетоўцы прайшлі насупраць амбасады па вуліцы Камуністычнай на вачах вялікага нарада міліцыянтаў і трох відэаапэратараў у цывільным.

Вось што сказаў Сяргей Пезкін пра тое, чаму ён удзельнічае ў гэтым пікеце:

(Пезкін: ) “У нашай краіне русіфікацыя ідзе поўным ходам. У нашым, прынамсі, горадзе Барысаве ёсьць 24 школы. Зь іх толькі адна беларуская гімназія. У астатніх беларускую мову вывучаюць як неасноўную мову. Асноўная мова – расейская. Хутка наша мова і наша культура могуць зьнікнуць”.

А першай гадзіне да месца акцыі пад’ехаў “варанок” з Цэнтральнага раённага аддзелу міліцыі. Міліцыянты затрымалі пікетоўцаў, адмовіўшыся пры гэтым назваць сябе. На гэты момант новай інфармацыі пра затрыманых няма.
XS
SM
MD
LG