Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА ЭЎРОПЕ ПРАНЕСЛАСЯ ВЯЛІКАЯ ВАДА, ПАМЕРЫ ЯКОЙ ПАРАЎНОЎВАЮЦЬ З ПАВОДКАЙ НА ПРЫПЯЦІ Ў 1845 ГОДЗЕ


Ігар Карней, Менск

Прыродныя анамаліі адсочваюцца на тэрыторыі цяперашняй Беларусі цягам 120-140 гадоў. І менавіта паводкі несьлі жыхарам рэгіёну самыя цяжкія наступствы. Пра найбольш значныя разьлівы вады распавядае кіраўніца аддзелу гідралёгіі Беларускага гідраметэацэнтру Людміла Някрасава:

(Някрасава: ) "1931 год: разьліліся Заходняя Дзьвіна, Дняпро, Беразіна, Сож. Басэйн Нёману і Шчары – 1958 год. У басэйне Прыпяці глябальная паводка ў 1845 годзе, і тое, што зараз адбываецца ў Эўропе, параўноўваюць менавіта з тымі падзеямі. Прынамсі, паводле ўсіх апісаньняў, падобная зьява зь вялізнай колькасьцю ахвяраў была. Дарэчы, толькі ў басэйне Прыпяці назіраюцца высокія паводкі з гэткімі наступствамі менавіта ў летне-восеньскі пэрыяд; у іншых басэйнах беларускіх рэкаў гэтага няма. Асаблівасьці прыпяцкага басэйну, кліматычная ўмовы далі магутныя паводкі ўлетку 1988 і 1993 гадоў са значнымі матэрыяльныя стратамі".

Цікава, што менавіта прыпяцкая паводка 1845 году была для эўрапейскіх дасьледчыкаў бы трамплінам ў справе высьвятленьня характару прыродных анамалій. Яшчэ на пачатаку ХХ стагодзьдзя гідрамэтэаролягі прагназавалі верагоднасьць паўтарэньня падобнай зьявы ў прапорцыі раз на 600 гадоў. Аднак пасьля таго, як палова Эўропы сутыкнулася з падобнай навалаю праз паўтара стагодзьдзя, гарантыяў не дае ўжо ніводзін нацыянальны гідрамэтэацэнтар. Натуральна, улучна і зь беларускімі адмыслоўцамі. Гаворыць Людміла Някрасава:

(Някрасава: ) "Што тычыцца, прыкладам, Менску, дык рэжым Сьвіслачы ў нас зарэгуляваны вадасховішчам у Заслаўі, і за ўвесь час назіраньняў падобных катаклізмаў не было. Ня выключана, што штосьці здаралася ў часе, калі было натуральнае рэчышча, але зараз – не. Для Менску бяда будзе, калі, ня дай Бог, прарве дамбу ў Заслаўі. Тады будзе хваля. Тую ж небясьпеку, толькі ў іншым кірунку, для Літвы нясе вадасховішча Вілейскага водаканалу. Натуральна, калі будаваліся плаціны, сытуацыі мадэляваліся розныя. Але пра верагоднасьць наступстваў ніхто й нічога ня скажа ўжо таму, каб ня выклікаць паніку".

Сапраўды, ніводнае ведамства, адказнае за бясьпеку ўмацаваньняў раней згаданых вадасховішчаў, не ўзялося прагназаваць наступствы ад надзвычайных здарэньняў. Між іншым, уявіць сабе хвалю ад прарыву Вілейскага штучнага рэзэрвуару можна выходзячы з даўжыні дамбы – 1800 мэтраў. Менавіта такім фронтам можа рушыць непрагназаваная стыхія.

Але не абавязкова чакаць вялікай вады, каб пераканацца ў ейнай небясьпецы. У часе моцнай залевы пры канцы ліпеня фактычна быў спаралізаваны рух у цэнтры сталіцы, а станцыя мэтро “Плошча Якуба Коласа” аказалася моцна залітая вадой. Тое ж час ад часу адбываецца на станцыях "Няміга", "Маладзёжная", "Першамайская", што дае падставы зрабіць выснову пра недапрацоўку як праектантаў, гэтак і будаўнікоў. Раз-пораз затапляе плошчу Бангалёр, вуліцу Багдановіча і нават прэзыдэнцкую трасу ў раёне заводу "Атлант". Прычым па-сапраўднаму вялікай вады Менск яшчэ ня ведаў. А, паводле мэтэаролягаў, такую небясьпеку зараз ужо ніхто не выключае.

Вось што гаворыць супрацоўніца аддзелу клімату "Белгідрамэту" Ала Няфёдава:

(Няфёдава: ) "Пакуль такога, як у Эўропе, у нас не было, але цягам апошніх 13 гадоў у сярэднім на адзін градус тэмпэратура паветра ў Беларусі падвысілася. Клімат за стагодзьдзе зрабіўся цяплейшым. Будзе гэтак і надалей або ўсё зьменіцца пахаладаньнем? – мы якраз і вылічваем. Бо гэта можа быць і тэмпэратурным ваганьнем, а можа і насамрэч ідзе зьмена клімату. З гэтай нагоды зараз ідуць спрэчкі. Але пакуль можна канстатаваць, што сярэднегадавая тэмпэратура падвысілася на 1 градус. І тэндэнцыя, асабліва мяркуючы па гэтым годзе, захоўваецца".

Адмыслоўцы-метэаролягі канстатуюць, што пакуль чалавек нічога ня можа супрацьпаставіць прыродным анамаліям. А таму папярэднія разьлікі пра верагоднасьць прыродных катаклізмаў – гэта з шэрагу тэарэтычных суцяшэньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG