Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ ЎЗГАДВАЮЦЬ ГКЧП


Ганна Соусь, Менск

Практычна ўсе мае суразмоўцы добра памятаюць падзеі, якія распачаліся 19 жніўня 1991 году ў Маскве. Узгадвае Аляксандар Рухля:

(Рухля: ) "Я ўспрыняў яго як нейкі сыгнал, што можа вярнуцца ўсё тое, старое… бо мы да таго часу ўжо прызвычаіліся, што патроху пачала разьвівацца дэмакратыя. Была нейкая эйфарыя незалежнасьці. Таму трохі страшна здалося. Не было тут з кім пратэставаць. Але я з гатоўнасьцю пайшоў бы на любы пратэст. Я думаю, што на Беларусь ён вялікага ўплыву не аказаў, таму што найбольшы ўплыў на нашае жыцьцё аказалі выбары першага прэзыдэнта. А гэтае мала залежыла ад путчу".

Наступны мой суразмоўца спадар Віталь шкадуе, што хутка пасьля разгону ГКЧП распаўся Савецкі Саюз:

(Спадар Віталь: ) "Для самасьвядомасьці беларусаў гэта было станоўчым вынікам. Але адносна станоўчым, таму што пасьля прыходу да кіраўніцтва аднага чалавека ў Беларусі мала чаго станоўчага адбываецца. Але асабіста я лічу, што ня трэба было б распадацца Савецкаму Саюзу. Але для Беларусі ўсё ж гэтае – больш станоўчы вынік, чым калі б працягвалася ўсё далей, як і было".

А вось меркаваньне навукоўца Кастуся Лапко:

(Лапко: ) "Гэта ўсё – гульні чырвоных мафіёзі. Такім чынам тады адбывалася тое, што й цяпер адбываецца. Хацелі перадзяліць уладу і ўсяго толькі. Адзін надакучыў, другі паабяцаў, вось і ўсё. Як заўсёды, ад гэтага толькі народ церпіць. Тады ж яшчэ мы былі даволі блізкія. Што ў іх, тое і ў нас. Зразумела, што гэта паўплывала і на нашыя падзеі, зачапіла. І цяпер чапляе нас".

Адметна, што падзеі адзіннаццацігадовае даўніны засталіся ў памяці зусім маладых людзей. Узгадваюць Іван Балтавец і Андрэй Протас, якія ў жніўні 1991 году адпачывалі ў дзіцячым лягеры ва Ўкраіне:

(Балтавец: ) "Памятаю, калі распачаўся путч, усе дарослыя спужаліся й пачалі размаўляць паміж сабой, не падпускаючы дзяцей, каб тыя ня чулі размоваў. Мы хадзілі па цёмным лесе ў суседні лягер, таму што толькі там быў тэлевізар".

(Протас: ) "Усе чакалі наступных навінаў ад CNN. Слухалі рэпартажы Радыё Свабода, таму што гэтае радыё ў жывым эфіры распавядала пра падзеі вакол Белага дому".

Мая наступная суразмоўца, спадарыня Алена, у жніўні 1991 году знаходзілася ў Рызе і на свае вочы бачыла танкі, самалёты, людзей з кулямётамі. Тады немагчыма было патэлефанаваць дадому, набыць квіткі на цягнік:

(Спадарыня Алена: ) "Калі б не было таго 19 жніўня, не было б і ўсяго наступнага – незалежнасьці й гэтак далей. Я мяркую, што гэта быў адзін з асноўных штуршкоў, які пазьней прывёў да незалежнасьці Беларусі".

Некаторыя мае суразмоўцы адзначалі пэўную сувязь паміж распадам Савецкага Саюзу, які неўзабаве распачаўся пасьля ГКЧП, і апошнімі падзеямі ў справе пабудовы расейска-беларускай саюзнай дзяржавы. Гаворыць пэнсіянэр спадар Уладзімер:

(Спадар Уладзімер: ) "Вярхоўны Савет прыняў закон аб самастойнасьці. Лічу, што ў той час вырашылі слушна. Самастойнасьць ёсьць самастойнасьцю. І ня трэба нам увязвацца ў гэтую палітыку – вялікую расейскую палітыку. Там цяжка нам, напэўна, будзе. Лепш, калі самастойнасьць будзе".

Адметна, што гэтую думку сёньня ў чарговую гадавіну маскоўскага путчу ў тым ці іншым выглядзе выказала бальшыня апытаных мной мінакоў.
XS
SM
MD
LG