Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ГАТОВАЕ ПАЛЕСЬСЕ ДА МАГЧЫМАГА НАСТУПУ ВЯЛІКАЙ ВАДЫ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Палесьсе пакутуе ад вады нават пры выпаданьні за кароткі тэрмін месячнай нормы ападкаў. Гэта, прынамсі, назіралася ў 1998, 2000 гадах. Палешукі памятаюць надзвычай моцную паводку 1979 году.

Апошняя вялікая вада была тут увесну 1999. У пойме Прыпяці на Гомельшчыне і Берасьцейшчыне пад вадою апынуліся тысячы падворкаў сельскіх жыхароў і сотні тысячаў гектараў палеткаў.

У тым жа годзе была прынятая адмысловая рэспубліканская праграма інжынэрных і водагаспадарчых захадаў, скіраваная на абарону Палесься ад паводкі. Прынамсі, на Гомельшчыне за 5 гадоў павінны былі ўзьвесьці дадаткова 60 кілямэтраў ахоўных дамбаў, рэканструяваць 202 кілямэтры прымальнікаў вады, пракапаць 113 кілямэтраў каналаў для яе скідваньня, выканаць шэраг іншых работаў.

За 3 гады, што мінулі пасьля апошняй вялікай паводкі, у рэгіёне здолелі ўзьвесці толькі трэцюю частку дамбаў і спраектаваных каналаў. Абароненыя ад вады крыху больш як 4 тысячы гектараў урадлівых земляў з пляну 18715 гектараў. Ахоўныя дамбы блізу вёскі Скрыгалаў Мазырскага раёну мэліяратары ня могуць дабудаваць ужо цэлае дзесяцігодзьдзе. У пералік даўгабудаў патрапіў і польдэр блізу вёскі Града Жыткавіцкага раёну. Безабароннымі ў гэтым раёне застаюцца старажытны Тураў, вёскі Запясочча, Верасьніца ды іншыя.

Як распавёў прадстаўнік абласной управы мэліярацыі “Гомельмэліяводгас” Аляксандар Пархоменка, праграма ахоўных мераў ад паводкі на Палесьсі не выконваецца з прычыны адсутнасці фінансаваньня.

(Пархоменка: ) “Толькі ў 1999 годзе выдзелена было 35% грошай ад гадавой праграмы. У 2000 – ужо 20%, у 2001 – 14%. І сёлета столькі. Распрацаваныя праекты аховы на паліцах пакрываюцца пылам”.

Аляксандар Пархоменка нават не бярэцца прадказаць, што будзе, калі такая вялікая вада, як зараз у эўрапейскіх краінах, нечакана прыйдзе на Палесьсе:

(Пархоменка: ) “Эўропа плавае пры іх, скажам так, фінансавых магчымасьцях. А мы тым больш будзем плаваць. Але нам не прывыкаць”.
XS
SM
MD
LG