Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ВЫКОНВАЕ ПЕРАДВЫБАРНАЕ АБЯЦАНЬНЕ: ЁН АБЯЦАЎ АДПОМСЬЦІЦЬ


Юры Дракахруст, Менск

Аляксандар Лукашэнка пайшоў у наступ на журналістаў і палітычных актывістаў, помсьцячы людзям, якія нават ускосна былі зьвязаныя з леташняй перадвыбарчай кампаніяй апазыцыі, – піша “Washington Post”. Газэта прыводзіць словы старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаны Ліцтвіной, паводле якой “такого ціску, як у апошні год, не было ўсе папярэднія 7 гадоў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка абяцаў адпомсьціць і зараз выконвае абяцаньне”.

“Washington Post” прыгадвае падзеі апошніх месяцаў: пазбаўленьне памяшканьня рэстарану “МакДональдс”, выгнаньне з краіны групы АБСЭ, пераварот у Фэдэрацыі прафсаюзаў, лідэр якой летась канкураваў з Лукашэнкам за пасаду прэзыдэнта, прысуд журналістам газэты “Пагоня”, калі ўпершыню журналісты былі асуджаныя за паклёп на кіраўніка дзяржавы, неверагодных памераў штраф, прысуджаны газэце “Наша Свабода” за публікацыю пра інтрыгі ў атачэньні Лукашэнкі. Асобна газэта прыгадвае загадкавае жорсткае зьбіцьцё мужа Надзеі Палевіковай, якая была адным кіраўнікоў штабу апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка.

“Washington Post” называе кіраўніка Беларусі прыхільнікам Сталіна і Садама Гусэйна і падкрэсьлівае, што леташнія прэзыдэнцкія выбары былі скрытыкаваныя АБСЭ як несвабодныя і неспаравядлівыя.

Газэта адзначае, што стан Аляксандра Лукашэнкі ўскладніўся пасьля 11 верасьня летась, калі расейскі прэзыдэнт Пуцін абвесьціў палітыку збліжэньня з Захадам і Лукашэнка апынуўся без падтрымкі свайго найбольш важнага суседа.

“Washington Post” прыводзіць словы аднаго зь лідэраў грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя –97” Андрэя Саньнікава, які мяркуе, што зараз Лукашэнка сутыкаецца з больш сур’ёзнымі праблемамі, чымся да выбараў. “Але адзіны спосаб вырашэньня гэтых праблемаў, які ён ведае, – гэта ўзмацненьне кантролю, каб прымусіць змоўкнуць усе незалежные галасы” – цытуе “Washington Post” словы Андрэя Саньнікава.

Інтэграцыйныя прапановы Ўладзімера Пуціна ёсьць узгодненаю пазыцыяй Захаду і Расеі адносна Беларусі – такое меркаваньне выказаў лідэр беларускай Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Спасылаючыся на крыніцы ва ўрадзе Нямеччыны, Гайдукевіч сьцьвяржае, што ўся Эўропа падтрымлівае ініцыятыву Пуціна. Паводле лідэра ЛДПБ, у найбліжэйшы час пачнецца ціск з боку Захаду на беларускую апазыцыю, каб яна падтрымала пазыцыю далучэньня Беларусі да Расеі.
XS
SM
MD
LG