Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЯСЬЦІПЛАЯ ПРАПАНОВА” ПРЭЗЫДЭНТА РАСЕІ


Юры Дракахруст, Прага

Аўтар артыкулу Анастасія Корня піша, што Аляксандар Лукашэнка назваў прапановы Пуціна “адназначна непрымальнымі для Беларусі”. Сп-ня Корня заўважае, што рэакцыю беларускага лідэра на сапраўды неверагодную, у тым ліку і з пункту гледжаньня канонаў міжнародных зносінаў, прапанову трэба лічыць яшчэ надзвычай стрыманаю.

“Время МН” цытуе таксама словы старшыні міжнароднай камісіі савету рэспублікі Мікалая Чаргінца, паводле якога “беларускі народ ніколі ня пойдзе на тое, каб разарваць сваю краіну і па частках увайсьці ў склад іншай, хай сяброўскай дзяржавы”.

Паводле газэты невядома, ці ўваходзіла гэта ў пляны Крамля, аднак вынік навідавоку: Лукашэнка пазбавіўся такога моцнага козыра, як беларуска-расейская інтэграцыя. Акрамя таго, апазыцыя атрымала падставу выкарыстаць інтэграцыйныя лёзунгі супраць яго ж: хто адмовіцца ад магчымасьці эфэктна скарыстаць тэму барацьбы за нацыянальную незалежнасьць? Для ілюстрацыі гэтай тэзы “Время МН” прыводзіць словы Станіслава Шушкевіча, паводле якого Лукашэнка мусіць выступіць з пакаянаю прамоваю перад народам, падзякаваць Расеі за прызнаньне сувэрэнітэту Беларусі ў 1991 годзе і будаваць адносіны зь ёю як адносіны дзьвюх незалежных дзяржаваў.

Затое прапанова Пуціна выклікала хвалю энтузыязму ў Расеі, – піша газэта, дадаючы, што пэўны непакой выказалі толькі левыя. Аднак, паводле выданьня, калі сэнтэнцыі на тэму таго, што абрынецца апошні бастыён сацыялізму, усур’ёз успрымаць цяжка, то да словаў сьпікера Дзярждумы Расеі Генадзя Селязьнёва варта прыслухацца. А Селязьнёў заўважыў, што прапанова Беларусі фактычна ўвайсьці ў склад Расеі ня толькі беспэрспэктыўная, але і шкодная, калі жадаць мець саюзную дзяржаву.

“Правакацыйная па сутнасьці прапанова мела, прынамсі, адзін пераканаўчы эфэкт: дакладна разьмежавала прыхільнікаў і праціўнікаў саюзу Расеі і Беларусі, бо рэальнае раўнапраўе ў такім саюзе – пытаньне рытарычнае нават пры цяперашнім статус-кво” – такімі словамі завяршаецца публікацыя ў газэце “Время МН”.

З гэтай высноваю можна пагадзіцца, але зь яе, з улікам рэакцыі на ініцыятыву Пуціна, вынікае іншая выснова, больш цікавая і на першы погляд парадаксальная: у Беларусі, якая нібыта пагалоўна імкнецца ў Расею, калі справа дайшла, так бы мовіць, да справы, не знайшлося ніводнага прыхільніка гэтага імкненьня. Літаральна ніводнага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG