Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ВЫСТАЎЛЯЕЦЦА ВАСКОВАЯ ПОСТАЦЬ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На ганку гарадзенскага Дому афіцэраў стаіць нерухомая фігура Юрыя Гагарына. Заваблівае гараджанаў на выставу з Санкт-Пецярбургскага музэю васковых постацяў. Назва выставы – “Расея ўчора... Сёньня?.. Заўтра???” “З Лукашэнкам А.Р.”, – даволі двухсэнсоўна дапісана на вулічнай афішы.

Мэнэджэр выставы Юлія Аўсянкіна тлумачыць, што больш дакладна яна называецца “Правадыры і прэзыдэнты”, а задуманая была як “гісторыя камунізму”. У васковай галерэі два Леніны: адзін на трыбуне, другі — у труне, у маўзалеі. Ёсьць чэкіст у чорнай скураной вопратцы.

Далей — Бэрыя, генсекі ЦК КПСС. А таксама замежнікі — Маа-Дзэдун і Фідэль Кастра. Апошнімі стаяць Ельцын, Пуцін і Лукашэнка. Самыя новыя экспанаты — Ленін у маўзалеі і беларускі кіраўнік. Гаворыць Юлія Аўсянкіна:

(Аўсянкіна: ) “Дадалі сцэну маўзалею, гэта зроблена зусім нядаўна, гэта першая работа такая. І Лукашэнку. Ён літаральна зроблены тры тыдні таму. Гэта першая і пакуль адзіная фігура прэзыдэнта Беларусі.

На жаль, якіх-небудзь падрабязнасьцяў вырабу постаці прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь я ня ведаю. Ведаю толькі, што рабілі яе вельмі доўга. Дзесьці каля паўтара года. А можа быць нават і два гады. Фігура зробленая паводле кіна-фотаматэрыялаў. І прыблізна вось двухгадовай даўніны прэзыдэнт Беларусі тут і стаіць”.

Аляксандра Лукашэнку пастанавілі зрабіць з воску яшчэ 5 гадоў таму для кампазыцыі “прэзыдэнты краінаў СНД”. Прадстаўнік піцерскага музэю сказаў мне тады, што ўзьніклі праблемы толькі з кіраўніком Беларусі. У прэзыдэнцкай адміністрацыі адмовіліся паведаміць дадзеныя наконт памераў ягонага адзеньня і абутку, ды іншыя падрабязнасьці. Хаця некаторыя прэзыдэнты для такой мэты не шкадавалі нават сваіх гарнітураў і гальштукаў.

Адзіны палітычны дзеяч, які стаіць сёньня на выставе бяз подпісу — гэта зноў-такі Аляксандар Лукашэнка. Не пасьпелі зрабіць шыльдачку. Але наведнікі яго пазнаюць адразу. Хаця фатаграфуюцца часьцей за ўсё побач з Пуціным. З Лукашэнкам — некаторыя не жадаюць, а хто-ніхто і пабойваецца, – зазначае абслуга выставы.

Я папрасіў наведнікаў сказаць пра свае ўражаньні ад васковай постаці прэзыдэнта краіны. Першыя некалькі чалавек адразу адмовіліся. Наступная жанчына сказала, што яе пасадзяць, калі яна выкажацца. Яшчэ адна адказала сьцісла:

(Жанчына: ) “Я ня ведаю, падобны ён ці не падобны”.

(Карэспандэнт: ) “А ён вам падабаецца?”

(Жанчына: ) “Не, не падабаецца”.

А вось меркаваньне маладой дзяўчыны:

(Дзяўчына: ) “Мне здаецца, што наш прэзыдэнт старэйшым выглядае, чымся гэтая фігура”.

Сябра дзяўчыны дадаў, што насамрэч Лукашэнка ніжэйшы, чымся ягоная васковая копія. Пра такое ж уражаньне гаварылі таксама іншыя наведнікі выставы. Некаторыя зь іх гавораць, што васковы Лукашэнка тут не патрэбны і хай яго выстаўляюць лепей у Піцеры. Адзін мужчына адмовіўся наведаць выставу, даведаўшыся, што там ёсьць копія Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG