Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАКАНЧВАЕЦЦА ВІЗЫТ ПАПЫ РЫМСКАГА ЯНА ПАЎЛА II Ў ПОЛЬШЧУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Беларусь чакае” – бел-чырвона-белы транспарант з такім надпісам трымалі ўчора ў Кракаве паломнікі зь Беларусі ў часе спатканьня з Янам Паўлам ІІ.

Пасьля набажэнства Папа зьвярнуўся да вернікаў з розных краінаў сьвету на іх мовах. Трэцімі, пасьля літоўцаў і расейцаў, родную мову з вуснаў Яна Паўла II пачулі беларусы:

(Ян Павал Другі: ) “Сардэчна вітаю прысутных тут каталіцкіх біскупаў зь Беларусі і вернікаў, якія іх суправаджаюць. Шчыра дзякую і жадаю ўсякага дабра ў Пане”.

У часе прамовы да вернікаў Ян Павал II заклікаў чалавецтва да пабудовы ў трэцім тысячагодзьдзі цывілізацыі міласэрнасьці. Папа казаў, што кожны чалавек мусіць дапамагаць тым, хто гэтага патрабуе – безпрацоўным, бедным і хворым, а таксама зьвярнуўся з братэрскім прывітаньнем да праваслаўных, пратэстантаў і ўсіх людзей добрай волі.

У нядзелю ўвечары Ян Павал II наведаў таксама магілы сваіх бацькоў і брата, пахаваных у Кракаве.

Акрамя значэньня рэлігійнага, гэтае, ужо дзявятае паломніцтва Папы на Радзіму мае для палякаў вялікую сацыяльную вагу.

Працяглы эканамічны крызыс і высокі ўзровень безпрацоўя ў краіне спрыяюць пашырэньню пачуцьця заняпаду і расчараваньня ў польскім грамадзтве.

Палякі спадзяюцца, што паломніцтва Яна Паўла II будзе штуршком да хуткага пераадоленьня эканамічных ды сацыяльных цяжкасьцяў, а таксама верне ім страчанае пачуцьцё грамадзкай салідарнасьці.

Як паведамілі пасьля сустрэчы з Папам Прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Польшчы, Ян Павал II выдатна ведае праблемы ягонай Радзімы. З кіраўнікамі краіны Папа абмяркоўваў праблемы безпрацоўя, будучага далучэньня Польшчы да Эўрапейскага зьвязу, а таксама міжнародную сытуацыю пасьля трагедыі 11 верасьня.

Яшчэ напярэдадні візыту Папы шматлікія назіральнікі меркавалі, што гэтым разам у Кракаве цяжка хворы Ян Павал II адмовіцца ад сваёй пасады і ня вернецца ў Ватыкан. Гэтага, аднак, ня здарылася. Увесь час знаходжаньня на Радзіме, 82-гадовы Папа быў у добрай форме. Паводле прадстаўнікоў найбліжэйшага атачэньня Яна Паўла II, падарожжы на Радзіму заўсёды паляпшаюць стан ягонага здароўя.
XS
SM
MD
LG