Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“БЕЛАРУСКІ БУМ” У ЛІТОЎСКАЙ ПАЛАНЗЕ


Тацяна Поклад, Літва

Пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэры турызму Літва і Беларусь падпісалі сёлета ў лютым, а яшчэ за год перад тым Цэнтар турызму і інфармацыі зь літоўскага курорту Палангі "разьведаў" беларускі турыстычны рынак на выставе Балт-Тур. Жаданьне беларусаў езьдзіць ў Літву было заўважанае.

Статыстыка літоўскага Дзяржаўнага дэпартамэнту ў справах турызму адзначае, што колькасьць турыстаў ў Літве павялічылася пераважна за кошт гасьцей зь Беларусі. Яшчэ да пачатку лета колькасьць беларускіх турыстаў узрасла на 9%. За летнія месяцы дакладнай статыстыкі яшчэ няма, а папярэднія падлікі паказваюць, што сёлета на літоўскім ўзмор'і адпачываюць найбольш беларусы.

Ала Валужэне, дырэктар Цэнтру турызму і інфармацыі з Палангі, адзначае сваечасовасьць адкрыцьця прадстаўніцтва свайго Цэнтру ў Менску (менскае прадстаўніцтва Цэнтру турызму і інфармацыі з Палангі пачало дзейнічаць сёлета ў ліпені).

(Валужэне:) "Беларусы – на першым месцы сёлета, калі вызначаць паводле колькасьці гасьцей ў Паланзе. Толькі ў наш Цэнтар зьвярталася каля 600 чалавек, а ёсьць жа яшчэ і некалькі турыстычных бюро па-за нашым Цэнтрам. А колькі людзей яшчэ самі прыяжджаюць... Паводле агульнай колькасьці гасьцей на ўзмор'і можна вызначыць, што беларусаў прыехала больш. Вось нядаўна у нас быў пасол Літвы зь Менску, Йонас Паслаўскас, мы як раз гаварылі пра сёлетні наплыў турыстаў зь Беларусі".

Пасольства Літвы ў Беларусі гэтым летам выявілася непадрыхтаваным: каля пасольства – вялікія чэргі людзей, якія жадаюць афарміць візы. Як паведаміў віцэ-консул Річардас Рамошка, людзі выказваюць справядлівую незадаволенасьць.

Так званая гасьцявая віза ў Літву каштуе 15 даляраў. Палангскае турыстычнае прадстаўніцтва ў Менску само апякуецца візамі для сваіх кліентаў. Там мяркуюць, што беларусам ёсьць дзеля чаго абіраць Балтыку.

(Валужэне: ) "Усё ж такі гэта – найбліжэйшае да Беларусі мора, зь візамі мы дапамагаем, якасьць паслугаў дзеля адпачынку – добрая, тут беларусы насамрэч могуць добра адпачыць, асабліва пасьля таго рэжыму, які існуе ў самой краіне".

Беларусаў прывабліваюць і адносна памяркоўныя кошты, і эўрапейскія стандарты паслугаў. Ёсьць вельмі дарагія гатэлі, можна ўладкавацца і за 5-7 даляраў у суткі. Існуе адмысловы штодзённы аўтобус Мінск – Паланга, квіток каштуе 15 даляраў.
XS
SM
MD
LG