Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАКОЛЬКІ МАГЧЫМАЯ АДСТАЎКА ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА ІІ?


Кастусь Бандарук, Прага

У перадачы ўдзельнічаюць: прафэсар Папскай Тэалягічнай Акадэміі ў Кракаве Лукаш Камыкоўскі, дацэнт Праваслаўнага Сьвята-Ціханаўскага Тэалягічнага Інстытуту Барыс Філіпаў, рэдактар антыклерыкальнага часопісу “Факты і міты” пратэстант Адам Цёх і грэка-каталіцкі сьвятар зь Берасьця-а. Ігар Бараноўскі.

(Бандарук: ) “У пятніцу 16 жніўня распачалася 97-я замежная паездка Яна Паўла ІІ. Ён ўжо дзявяты раз прыбыў у Польшчу. Прыезд Папы на Радзіму, як і кожны раз, выклікаў неверагодны ажыятаж у польскім грамадзтве. Сярод гэтага агульнанацыянальнага сьвята толькі зрэдку і як бы сарамліва польскія сродкі масавай інфармацыі згадваюць пра тое, аб чым адкрыта гавораць заходнія СМІ. Напрыклад, у амэрыканскай газэце “Newsweek” зьявіўся артыкул пад загалоўкам “Апошні вялікі падарунак Папы свайму народу – ці не пара Папу пайсьці на пэнсію?” У замежным друку гаворыцца пра “дагасаючы пантыфікат” Яна Паўла ІІ, пра ягоную старасьць, хваробы і недалужнасьць, пра тое, зь якой цяжкасьцю ён прамаўляе, як гэта было бачнае ў Мэксыцы. Прагучэлі таксама чуткі пра тое, што пілігрымства ў Польшчу будзе апошняй замежнай паездкай Папы, што ён ўжо ня вернецца ў Ватыкан і будзе дажываць рэшту сваіх дзён на Бацькаўшчыне. З просьбай пракамэнтаваць чуткі пра магчымую адстаўку Папы я зьвярнуўся да некалькіх людзей, найперш у Кракаве, але ніхто пра гэта нават не хацеў гаварыць. Некалькі слоў сказаў толькі прафэсар Папскай Тэалягічнай Акадэміі ў Кракаве Лукаш Камыкоўскі:

(Камыкоўскі: ) “Знайдзіце некага з атачэньня Папы. Я на такое пытаньне ня буду адказваць. У такім узросьце і ў такім стане здароўя кожная пілігрымка можа быць апошняй, і гэта трэба ўлічваць. Але мы молімся, каб Папа меў сілу як мага даўжэй, а зь ягоных уласных выказваньняў не вынікае, што ён мае намер сыходзіць”.

(Бандарук: ) “Прыблізна такія, як і ў прафэсара Камыкоўскага, былі адказы іншых прадстаўнікоў польскага касьцёлу. “Гэта справа самога Папы”, “Пра такія рэчы нават не выпадае гаварыць”, “Гэта выдумкі ворагаў Царквы” – адказвалі мае суразмоўцы. Аднак два гады таму пра магчымасьць адстаўкі Папы з прычыны дрэннага стану здароўя загаварылі ня ворагі Царквы, але ўплывовыя гіерархі. Кардынал Годфрыд Данільс з Бэльгіі выказаў думку, што Папа можа падаць у адстаўку адразу пасьля сьвяткаваньня юбілейнага дзьвюхтысячнага году. Затым значны розгалас атрымала заява біскупа гораду Майнц і старшыні нямецкай Канфэрэнцыі Біскупаў Карла Лемана, які сказаў: “Я асабіста лічу, што калі папа адчувае, што ён няздольны далей кіраваць Царквою, ён павінен знайсьці ў сабе сілу і мужнасьць сказаць: “ Я не магу далей выконваць тое, на што я пакліканы”. У адказ на гэта, афіцыйны Ватыкан адрэагаваў наступным чынам: “Папе непрыемныя бясконцыя дыскусіі наконт ягонага здароўя. Царква – гэта ня “Форд"”і ня “Джэнэрал Мотарс", дзе гутарка йдзе пра эфэктыўнасьць. Адміністратараў і мэнэджэраў у Царкве аж надта, але кіраўнікоў і сьведкаў веры – менш. Тут размова йдзе пра духоўныя каштоўнасьці. Папа – айцец Царквы, ад бацькоўства ж не адмаўляюцца”.

А што думае наконт гэтага шэраговы сьвятар? Вось меркаваньне грэка-каталіцкага сьвятара зь Берасьця а. Ігара Кандрацьцева:

(а. Кандрацьцеў: ) “Наконт адстаўкі я нічога ня ведаю. Я не ў Ватыкане, але ў Берасьці. Адзінае, што магу сказаць, гэта тое, што я вельмі люблю гэтага Папу. Я распавяду адну гісторыю. Днямі ў нас адбылася канфэрэнцыя на тэму новага закону аб рэлігійных арганізацыях. Там былі прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў у Беларусі, а таксама юдэі і мусульмане. Падчас і пасьля канфэрэнцыі у нас было шмат размоваў. І вось я прывяду зьмест гутаркі з пратэстантамі: пяцідзясятнікамі, баптыстамі і харызматамі, гэта значыць, прадстаўнікамі Царквы Поўнага Эвангельля. Дык вось што яны казалі: калі б каталіцкая царква заўсёды была такой, якая яна цяпер, пратэстантаў наагул не было б! Усе мы былі-б каталікамі. Яны ў цёплых словах выказвалі сваю павагу да асобы Папы Яна Паўла ІІ. Прагучэлі нават такія словы: “Ян Павал ІІ для нас зьяўляецца духоўным аўтарытэтам”.

(Бандарук: ) “Айцец Ігар Кандрацьцеў паведаміў, што на сустрэчу з Папам зь Берасьця прыбылі чатыры аўтобусы лацінскіх каталікоў і група грэка-каталікоў. Беларусы, дарэчы, падчас кожнага пілігрымства Папы ў суседнюю Польшчу арганізавалі паездкі вернікаў. Ці можна сказаць, што асоба Яна Паўла ІІ неяк асабліва блізкая і дарагая беларусам?”

(а. Кандрацьцеў) “Думаю, што так. Усё-ж мэнталітэт беларусаў і палякаў вельмі блізкі. У нас адна культура; некалі нават у нас была адна дзяржава. Тое, што Папам ёсьць славянін, мілае нашым сэрцам. Самае галоўнае, канечне, ня тое, што ён паляк, а тое, што гэта моцная, харызматычная асоба, апостал, адданы Хрысту і справе Царквы. Трэба маліцца, каб Бог даў яму здароўе і падоўжыў ягоныя дні, каб Ян Павал ІІ далей быў Папам. Ну а калі не, дык будзе іншы. Ня ведаю, хто будзе ягоным пераемнікам, хаця трэба сказаць, што асоба Яна Паўла ІІ вельмі яскравая. Ён застанецца ў гісторыі ня толькі Рымска-каталіцкай Царквы, але й усяго чалавецтва”.

(Бандарук: ) “Гаварыў грэка-каталіцкі сьвятар зь Берасьця, а вось думка праваслаўнага тэоляга з Масквы Барыса Філіпава”.

(Філіпаў: ) “Калі вы пытаеце, ці выпадала б Папе падаць ў адстаўку ў сувязі зь ягонымі недамаганьнямі, дык гэта сьвецкі падыход. Ён апраўданы толькі ў тым выпадку, калі пра гэта гавораць самі кардыналы. Іх можна зразумець. Пантыфікат надта працяглы. За гэты час Папа зрабіў усё, што павінен быў і што мог зрабіць. У Праваслаўі ад кіраўнічых здольнасьцяў епіскапаў няшмат залежыць, але ў цэнтралізаваным каталіцтве – многае залежыць. Таму можна сказаць, што з прычыны слабога здароўя Папа ня можа больш сачыць за ўсімі нюансамі кіраваньня Царквою. У Царкве накапілася вялізная колькасьць праблемаў, і цяперашні Папа ня ў стане вырашыць іх. Не таму, што ў яго хвароба Паркінсона, але таму, што ён належыць да XX стагодзьдзя, а наступіла XXI”.

(Бандарук: ) “Сказаў па тэлефоне з Масквы праваслаўны тэоляг Барыс Філіпаў. Што тычыцца кардыналаў, дык нядаўна яны цалкам адкрыта загаварылі пра магчымасьць адстаўкі Папы. У Ватыкане ўжо відавочна зьнятае табу з гэтай тэмы. Аўтарытэтны прэфэкт Кангрэгацыі Дактрыны Веры кардынал Ёзэф Ратцынгэр сказаў: “Калі Папа зразумее, што ён ня можа больш працягваць сваю дзейнасьць, дык ён напэўна падасьць у адстаўку”. З аналягічнай заявай выступіў архіепіскап Гэгусігальпы-Сокар Радрыгес Марадыяга, якога многія лічаць пераймальнікам Вайтылы. Што
тычыцца Польшчы, куды Папа прыбыў з чарговым візытам, то нельга сказаць, што абсалютна ўсе, у каго я пытаўся пра магчымасьць і пра мэтазгоднасьць адстаўкі Папы, палічылі самую гутарку пра гэта нетактоўнай і некарэктнай. На пытаньне, ці ў такім стане здароўя Папы Царкве патрэбная была б ягоная адстаўка, рэдактар часапіса “Факты і міты” Адам Цёх адказаў:

(Цёх: ) “Напэўна так. Напэўна патрэбная. Проста Царква патрабуе прыліву новай сілы, новай энэргіі і новых ідэяў. Аднак з пункту погляду самога Папы, гэта нерэальнае. Ён перакананы ў сваім мэсіянстве, ахвотна параўноўвае сябе да Хрыста і думае, што перажывае нешта накшталт асабістай Галгофы. Ад гэтай ахвяры ён не адмовіцца. Магчыма, калі стан ягонага здароўя яшчэ пагоршыцца і Папа цалкам страціць кантакт з рэчаіснасьцю, то ўжо некалькі гадоў гаворыцца, што ён загадзя падпісаў заяўку аб сваёй адстаўцы, хаця без канкрэтнай даты. Пакуль, аднак, Папа будзе ў сьвядомасьці, дык, не зважаючы на жахлівыя пакуты і боль, ён будзе трымацца за штурвал улады. Ён проста ад самага пачатку перакананы ў сваім божым абранстве, у тым, што яму даручанае выкананьне пэўнай місіі. Думаю, гэта асноўная прычына таго, што ён усё яшчэ выконвае сваю функцыю”.

(Бандарук: ) “Але ж прэцэдэнты ў мінулым былі. Гісторыкі называюць 4-5 выпадкаў адстаўкі Рымскіх Папаў. Калі Пэро ды Маронэ стаў Папам Цэлестынам V, гэты пабожны манах, прыгнечаны і ашаломлены разбэшчанасьцю нораваў сярод тагачаснага духавенства, 5 месяцаў пазьней, 13 сьнежня 1294 году, падаў у адстаўку. Ягоны пераемнік Папа Баніфацы VIII пасадзіў Цэлестына за краты, дзе 2 гады пазьней ён быў забіты. У 1415 годзе ад папскага трону адмовіўся таксама Рыгор VII. Дарэчы, у 332-ім царкоўным Каноне гаворыцца, што “адстаўка Папы павінна быць добраахвотная і належным чынам абвешчаная, самую ж адстаўку ніхто ня мусіць прымаць ці не прымаць”. Такім чынам, прынамсі тэарэтычна, адстаўка Папы ўсё-ж магчымая…”

(Цёх: ) “Канечне, тэарэтычна гэта магчымае. Падобныя выпадкі ў мінулым былі, і ня толькі з Цэлестынам. Шэраг Папаў адмовіліся ад пасады. Аднак я думаю, што само атачэньне цяперашняга Папы зацікаўленае ў тым, каб ён заставаўся пры ўладзе”.

(Бандарук: ) “Лічыць Адам Цёх. Ужо 5 гадоў таму антыклерыкальны тыднёвік “НЕ” назваў Папу “Брэжневым Ватыкану”. Думаю, што нашым слухачом ня трэба тлумачыць, як было пры Брэжневе і адкуль такое параўнаньне. Дарэчы, такую ж паралель правёў у “New York Times” ад 4 траўня сёлета Біл Келер. У артыкуле пад загалоўкам “Ці Папа зьяўляецца католікам” аўтар піша: “Папе споўніліся 82 гады, і з кожным днём усё больш выразна бачна, што ён ня вечны. У часе сустрэчы з амэрыканскімі кардыналамі ён гаварыў так невыразна, што з жалю хацелася адвярнуць вочы”. Келер піша, што, як і камуністы, “Папа сьведама гэтак сфармаваў царкоўны Крэмль, каб ён быў непадатлівы на рэформы. Ён не пераносіць іншадумства, акружыўся паслухмянымі падхалімамі, якія ўсё трымаюць ў сакрэце і не разьбіраюцца ў рэаліях жыцьця сваёй паствы. Спадар Цёх, што вы думаеце пра гэтую паралель паміж брэжнеўскім Крамлём і Ватыканам?”

(Цёх: ) “Гэта прынцып, які дзейнічае ва ўсіх аўтарытарных сыстэмах. Там, дзе маем дычыненьне з дыктатурай – а Рымска-каталіцкая Царква відавочна мае аўтарытарную сыстэму – вялікім уплывам карыстаюцца розныя “шэрыя кардыналы”. Чым слабейшая асоба, якая мае паўнату ўлады, тым больш рэальнай улады мае атачэньне такога кіраўніка. Разам з адстаўкай Папы кончыцца ўлада гэтых людзей, бо новы Папа, праўдападобна, акружыцца сваімі супрацоўнікамі. Думаю, што менавіта найбліжэйшае атачэньне Папы ўмацоўвае ў ім перакананьне аб ягонай збаўчай місіі”.

(Бандарук: ) “Ужо летась нямецкі тыднёвік “Der Spiegel”, а таксама польскі тыднёвік “НЕ” спрабавалі прагназаваць разьвіцьцё падзеяў пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ. У “НЕ” у артыкуле пад загалоўкам “Калі Папа памрэ” гаворыцца (цытую): “Запануе гістэрычная эпоха культу Вайтылы у неверагодных маштабах. Будуць масавыя малітвы, пілігрымствы, масавае будаўніцтва помнікаў Папы. Наступіць своеасаблівы тэрор культу. Хто яму не паддасца, будзе вымушаны сур’ёзна падумаць пра эміграцыю” (к.ц). Ужо зараз у Польшчы жывому Папе ставяць помнікі і называюць ягоным імем вуліцы і пляцы. Спадар Цёх, а як Вы лічыце? Як палякі ўспрынялі б адстаўку або сьмерць Папы?”

(Цёх: ) “Адстаўка была б вялікай нечаканасьцю і шокам. Такім жа шокам была б і сьмерць Яна Паўла ІІ, калі б ён застаўся пры ўладзе да канца сваіх дзён. Думаю, што гэта будзе трагедыя для многіх палякаў, і атмасфэра ў краіне для тых, хто глядзіць на ўсё з боку, хіба зробіцца невыноснай”.

(Бандарук: ) “Нашае сёньняшняе разважаньне пра магчымасьць адстаўкі Яна Паўла ІІ – чыста тэарэтычнае. Гэта ня значыць, што мы жадаем сьмерці або адстаўкі Папы. Мы проста канстатуем факт, што пры ўсіх заслугах Яна Паўла ІІ для Царквы і для сьвету, пры ўсёй павазе да ягонай асобы ён ня вечны. З гэтым трэба лічыцца. Але трэба ўлічыць і думку самога Папы. Ужо ў 1995 годзе ён сказаў, і затым паўтарыў у траўні сёлета: “Аднаўляю перад абліччам Хрыста гатоўнасьць служыць Царкве так доўга, як Ён захоча, цалкам падпарадкоўваючыся Ягонай сьвятой волі. Яму пакідаю рашэньне аб тым, якім чынам і калі Ён пажадае мяне адклікаць". Ян Павал ІІ працытаваў словы з Кнігі Авакума (3,19): “Бог - мая сіла. Ён зробіць ногі мае, бы ў аленя, і на вышыні ўзьвядзе мяне. Калі Бог пры мне, нястрашныя няшчасьці і перашкоды, бо йдзецца лёгкім крокам з радасьцю, хаця цяжкой дарогай жыцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG